Свята-Мікалаеўская царква (Пескі)
Праваслаўны храм | |
Свята-Мікалаеўская царква | |
---|---|
53°21′17″ пн. ш. 24°37′38″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Аграгарадок | Пескі |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Гродзенская і Ваўкавыская |
Благачынне | Мастоўскае |
Архітэктурны стыль | рэтраспектыўна-рускі стыль |
Архітэктар | Мікалай Ільіч Ціхвінскі |
Будаўніцтва | 1868—1870 гады |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Свята-Мікалаеўская царква — праваслаўны храм у аграгарадку Песках Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Знаходзіцца ў цэнтры вёскі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пабудавана ў 1868—1870 гадах на месцы драўлянага струхлелага храма па праекце гродзенскага архітэктара Мікалая Ціхвінскага[1]. Грошы на ўзвядзенне — 8634 рублёў — былі выдзелены ўладальнікам маёнтка Масты Аляксандрам Азнабішыным.
Царкву, разлічаную на 300 прыхаджан, асвяцілі 6 снежня 1870 года, аб чым сведчыць надпіс на прастольным крыжы. Яна стала цэнтрам прыхода Ваўкавыскага благачыння, які па звестках 1899 года аб’ядноўваў 2145 вернікаў і 10 вёсак. Пры храме дзейнічалі царкоўна-прыходскае апякунства, царкоўная школа і народнае вучылішча, налічвалася 103 дзесяціны зямлі[2].
У 1919 годзе святаром царквы стаў Васіль Іванюк. 7 жніўня 1929 года храм наведаў архіепіскап гродзенскі Алексій. У 1931 годзе настаяцелем прыхода стаў Канстанцін Краскоўскі, дзякуючы якому царква за савецкім часам не зачынялася[3].
З 2008 года настаяцелем прыхода з’яўляецца айцец Віктар Шнайдар. Пры храме дзейнічае нядзельная школа.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Помнік архітэктуры сінадальнага напрамку рэтраспектыўна-рускага стылю. У аснове кампазіцыі кубападобны аб’ём малітоўнай залы, над чатырохсхільным дахам якога ўзведзены цыбулепадобны купал на васьмігранным барабане. Да аб’ёму далучаны паўкруглая апсіда і прамавугольная трапезная. Да фасада дабудавана двух’ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з макаўкай. Фасады крапаваны вуглавымі лапаткамі і аркатурнымі фрызамі, расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў кілепадобных ліштвах, арачны ўваходны праём аформлены кілепадобным парталам. У бутавую агароджу ўбудавана 3-арачная брама.
З гэтай царквы паходзіць абраз «Прападобная Параскева з жыціем» 1642 года (дошка, тэмпера, 114х80х2,5) — адзін з трох падобных у Беларусі. Першапачаткова ён меў значна большыя памеры, аднак быў абрэзаны. Абраз знаходзіцца ў калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры[4].
Зноскі
- ↑ Кулагин А. Н. Гродненские зодчие XIX — начала XX веков (новые архивные изыскания). // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 24. — Мінск, «Права і эканоміка». — 2018. — С. 78
- ↑ Гродненский православно-церковный календарь. Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIX века. Том I, 1899. — С. 72—73
- ↑ Наталля Шэўчык.. 146 гадоў гучыць тут малітва да Бога . Зара над Нёманам №1 ад 5 студзеня 2017 (5 студзеня 2017). Праверана 4.5.2020.(недаступная спасылка)
- ↑ Карэлін У.Р., Мельнікаў М.П.. Датаваныя абразы Гродзеншчыны (недаступная спасылка) 171–175. Мн.: Белпрынт: Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, выпуск 6, 2005. (2007). Архівавана з першакрыніцы 19 кастрычніка 2020. Праверана 04.05.2020.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свята-Мікалаеўская царква (Пескі)
- Свята-Мікалаеўская царква (Пескі) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Мікалаеўская царква (Пескі) на сайце Radzima.org