Скурыстакры́лыя[1], таксама Вухавёрткі[1] (Dermaptera) — атрад насякомых з няпоўным ператварэннем. Налічваецца больш за 1900 відаў (1967 відаў па стане на люты 2008 года).
Даўжыня цела складае 3,5—50 мм. Пярэднія крылы цвёрдыя і моцна скарочаныя (ператвораныя ў цвёрдыя, скурыстыя надкрыльцы), заднія — перапончатыя, але існуюць і бяскрылыя формы. На канцы брушка ёсць прыдаткі ў выглядзе пары кляшчоў (цэркі). Вільгацелюбівыя і цеплалюбівыя, вядуць пераважна начны лад жыцця. Сілкуюцца дэтрытам і арганічнымі астаткамі жывёл і раслін.