Слуцкае духоўнае вучылішча
Славутасць | |
Слуцкае духоўнае вучылішча | |
---|---|
53°01′00″ пн. ш. 27°32′39″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Слуцк |
Месцазнаходжанне | |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Архітэктар | Леў Васільевіч Садоўскі |
Слуцкае духоўнае вучылішча — навучальная ўстанова, якая існавала ў Слуцку з XVIII да пачатку XX стагоддзя. Належала да Мінскай духоўнай кансісторыі. Помнік архітэктуры XIX ст, які з’яўляецца прадстаўніком эпохі позняга класіцызму.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Заняткі пачаліся 15 верасня 1785 года. Першымі вучнямі сталі гадаванцы школ калегіума пры Троіцкім манастыры і «дыяканскай» школы пры Ільінскім. Іх колькасць не была больш за 25 чалавек. Яны былі размеркаваны адпаведна раней здабытым ведам і склалі класы граматыкі і сінтаксімы. Рэктарам быў праасвяшчэнны Віктар, прэфектам быў прызначаны Панцеляймон Корбут-Іллякевіч, які непасрэдна і кіраваў семінарыяй. Навучальная ўстанова насіла імя «Набожная Слуцкая праасвяшчэннага Віктара Садкоўскага семінарыя» (В. Садкоўскі — архімандрыт Троіцкага манастыра)[1]. Навучанне адбывалася ў трапезнай манастыра[2]. У 1885 годзе для яго заклалі новы цагляны будынак (арх. Леў Васільевіч Садоўскі).
Колькасць навучэнцаў семінарыі няўхільна расла і, напрыклад, у 1809 годзе дасягала 146 чалавек. У 1803 годзе адкрыліся вышэйшыя — Філасофскі і Багаслоўскі класы. Дагэтуль атэстаты выдаваліся тым, хто скончыў двухгадовы рытарычны клас[2].
У 1812 годзе вайна прывяла семінарыю да поўнага разарэння. У семінарыі падчас вайны жылі французы. Будынак быў пашкоджаны, бібліятэка разрабавана і часткова спалена, семінарскі архіў страчаны. Але ў 1813 годзе семінарыя была адноўлена.
Канчатковае аднаўленне супала з пераўтварэннем семінарыі, якое адбылося 20 верасня 1817 года, семінарыя распалася на тры духоўна-навучальныя ўстановы: семінарыя, павятовае вучылішча, парафіяльнае вучылішча. У семінарыі вывучалі слоўныя, філасофскія і багаслоўскія навукі, сусветную і царкоўную гісторыі, матэматыку, грэчаскую, французскую, нямецкую, яўрэйскую, польскую мовы. Экзамены праводзіліся два разы на год: першы ў першай палове снежня, другі — гадавы, пасля якога праводзіўся і агульны экзамен, на якім прысутнічалі госці і архірэі.
Навучальны працэс пачынаўся 1 верасня і скончыўся ў ліпені. Акрамя заняткаў вучні рэгулярна павінны былі наведваць набажэнствы, па нядзелях і святочных днях перад імі публічна тлумачыліся праваслаўны катэхізіс і дзённыя чытанні з евангелляў[2].
Лепшыя выпускнікі мелі магчымасць паступаць у сярэднія і вышэйшыя духоўныя навучальныя ўстановы, але падрыхтоўка (у першую чаргу семінарская) дазваляла здаць экзамены і ў свецкія[1].
14 верасня 1840 года семінарыя пераехала ў Мінск. У Слуцку засталося толькі мужчынскае духоўнае вучылішча, якое праіснавала да пачатку XX стагоддзя.
Пасля ўсталявання савецкай улады духоўнае вучылішча было закрыта. Будынак вучылішча падчас Другой сусветнай вайны застаўся цэлым, і пасля аднаўлення савецкай улады на тэрыторыі Беларусі ў ім месцілася педагагічнае вучылішча, даваенны корпус якога быў разбураны. У розны час тут месціліся навучальныя класы сярэдняй школы № 2, а таксама сельскагаспадарчае прафесійна-тэхнічнае вучылішча[1].
Будынак знаходзіцца пад аховай дзяржавы як помнік архітэктуры, у ім месціцца Слуцкі дзяржаўны медычны каледж[3].
Вядомыя вучні
[правіць | правіць зыходнік]- Веніямін (Навіцкі) — епіскап Рускай праваслаўнай царквы; з 1973 года архіепіскап Чэбаксарскі і Чувашскі.
- Даніл Сцяфанавіч Канапасевіч — праваслаўны святар, забіты паўстанцамі падчас паўстання 1863—1864 гадоў.
- Святы Уладзімір Гезгальскі — нябесны заступнік Гезгалаў.
- Янка Скрыган — беларускі пісьменнік.
- Уладзімір Васілевіч Тэраўскі — беларускі дырыжор, кампазітар, фалькларыст царкоўнаслужыцель.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Культура и образование (руск.).
- ↑ а б в Семинария Преосвященного Виктора. 1785–1812 (руск.).
- ↑ СЛУЦКОЕ ДУХОВНОЕ УЧИЛИЩЕ — Древо (руск.).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вруцевич М. Духовное училище старых времен (воспоминания о Слуцком духовном училище) // Русская старина. — СПб.: Общественная польза, 1905. — Т. 121. — С. 693—704
- Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Слуцкага раёна і горада Слуцка. У 2 кн. Кн. 2. — Мн.: БЕЛТА, 2000. — С. 505.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Слуцк. Духовное училищеАрхівавана 17 ліпеня 2012.