Перайсці да зместу

Слуцкія могілкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Слуцкія могілкі?
53°02′25″ пн. ш. 27°33′30″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Слуцкія могілкі — шматканфесійныя могілкі ў горадзе Слуцк (Мінская вобласць, Беларусь), знаходзіцца на вуліцы 14 партызан. Іх плошча складае 5,6 га.

Могілкі ўзніклі на паўночным усходзе Слуцка на некаторай адлегласці ад горада за Астроўскай брамай некалькі стагоддзяў таму. Дакладная дата невядомая. Сюды вяла дарога, якая ў XIX стагоддзі называлася вуліцай Могілкавай, а цяпер гэта вуліца 14 партызан. Могілкі мелі праваслаўную, каталіцкую, пратэстанцкую (кальвінісцкую і лютэранскую) часткі, падзеленыя равамі.

На праваслаўнай частцы ў канцы XVIII стагоддзя была пабудавана невялікая (15 м2) драўляная Варварынская царква, якая згарэла на напярэдадні Вялікадня ў ноч з 7 на 8 красавіка 1953 года. Побач знаходзіўся домік святара. Каля царквы пахаваны іераманах Макарый (памёр у 1928 годзе), падчас пажару яго драўляная агароджа і крыж былі пашкоджаны. З правага боку ад уваходнай брамы на могілках стаяла царкоўная званіца. Яна была пабудавана або адноўлена ў 1875 годзе. Ад уваходнай брамы да храма вяла сцяжынка, якая існуе і цяпер.

Уваход на каталіцкую частку з вуліцы Могілкавай пачынаўся каменнай брамай. У 1820 годзе непадалёк ад яе з’явіўся драўляны касцёл. Ён прастаяў дваццаць гадоў, а ў сярэдзіне XIX стагоддзя на яго месцы з’явілася драўляная капліца ў гонар «Зняцця з крыжа Збавіцеля», якая да нашых дзён не захавалася.

Паводле даных метрычных кніг, пратэстантаў сталі хаваць на гэтых могілках з 1797 года. Ад лютэранскай часткі практычна нічога не засталося, гэтыя пахаванні адрозніваліся надпісамі на нямецкай мове. Кальвінісцкая частка знаходзіцца ў паўночнай частцы могілак. Захавалася каля 20 магіл з надпісамі на польскай мове, у асноўным гэта пахаванні настаўнікаў слуцкай гімназіі.

У 1945 годзе на могілках з’явіліся брацкія магілы, куды перапахавалі загінулых падчас нямецкай акупацыі.

Рашэннем Слуцкага гарвыканкама ад 13 сакавіка 1947 года былі закрытыя яўрэйскія могілкі, якія знаходзіліся ў раёне вуліцы Будаўнікоў, а ў пачатку 1970 года яны былі ліквідаваныя. З тых часоў на гарадскіх могілках з’явілася яшчэ і яўрэйская частка. Слуцкі пінкас, які вёўся з 1679 па 1924 гады, зарэгістраваў больш за 20 тысяч пахаванняў. У цяперашні час ён захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Ізраіля.

Гарадскія могілкі былі закрытыя ў верасні 1981 года.

Мемарыяльны комплекс

[правіць | правіць зыходнік]

Рашэннем мясцовых уладаў ад 24 сакавіка 1945 года быў пакладзены пачатак узнікнення мемарыяльнага комплексу: «Адвесці на гарадскіх могілках месцы пад брацкія магілы. Туды пераносіць прах воінаў і партызан, пахаваных у палях, агародах, скверах ці іншых месцах, і з ушанаваннямі пахаваць. Скончыць працы да 10 красавіка 1945 года».

У дакументах згадваліся магілы № 1 і № 2. Побач з імі былі ўсталяваныя драўляныя помнікі з чырвонымі зоркамі. З часам яны струхлелі, і ў канцы мая 1956 года замест іх былі ўсталяваныя атынкаваныя каменныя. Пазней на воінскіх пахаваннях з’явілася трэцяя брацкая магіла. Справа ў тым, што ў сярэдзіне 1960-х гадоў падчас пашырэння 1-га ваеннага гарадка на вуліцы Віленскай былі выяўленыя масавыя пахаванні ахвяр Слуцкага канцлагера, які размяшчаўся тут у гады акупацыі. Частка парэшткаў ваеннапалонных і мірных жыхароў былі перанесены ў брацкія магілы.

Мемарыяльны комплекс складаецца з трох брацкіх магіл, сяміметровай скульптуры воіна са звязкам гранат, манументальных бастыёна і брамы з рэльефнымі выявамі. Над праектам працавалі: скульптар Канстанцін Сарока і архітэктар Уладзімір Кузьменка. Меркавалася, што комплекс будзе адкрыты ў 1974 годзе да 30-годдзя вызвалення Беларусі, аднак гэта адбылося 9 мая 1975 года.

У 1984 годзе комплекс быў рэканструяваны і дапоўнены новымі архітэктурнымі элементамі. Работы па яго добраўпарадкаванні працягваліся ў наступныя дзесяцігоддзі і да 70-годдзя Перамогі (2015 год) ён набыў завершанае гарманічнае аблічча.

На слуцкіх могілках маюцца наступныя брацкія магілы:

  1. Мемарыяльны комплекс — пахавана 360 чалавек.
  2. Брацкая магіла — пахавана 13 воінаў-казакоў, вядомыя імёны 10 чалавек.
  3. Брацкая магіла савецкіх воінаў — пахавана 14 тысяч воінаў, партызан, ваеннапалонных і мірных жыхароў, якія загінулі ў канцэнтрацыйным лагеры ў 1941—1944 гадах, які знаходзіўся на тэрыторыі 1-га ваеннага гарадка, імёны невядомыя.
  4. Брацкая магіла савецкіх воінаў-пахавана 340 воінаў, якія загінулі пры вызваленні Слуцка, вядомыя імёны 2 чалавек.

Магілы вядомых людзей

[правіць | правіць зыходнік]