Слуцкая гімназія

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Дзяржаўная ўстанова адукацыі
«Гімназія № 1 г. Слуцка»
Slutsk Gymnasium east.jpg
Заснаваны 1617
Тып гімназія
Адрас Слуцк, вул. Камсамольская, д. 7
Commons-logo.svg Выявы па тэме на Вікісховішчы

Слуцкая гімназія (цяпер ДУА «Гімназія № 1 г. Слуцка»[1]) — найстарэйшая адукацыйная ўстанова сучаснай Беларусі, другая пасля Віленскага ўніверсітэта, заснаваная ў 1617 годзе Янушам Радзівілам у Слуцку.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

На малюнку Н. Орды
Гімназія і кальвінскі збор на пачатку XX стагоддзя

20 мая 1617 года Януш VI Радзівіл падпісаў грамату аб заснаванні кальвінісцкай школы, якая ў 1630-х гадах была пераўтвораная ў кальвінісцкую гімназію[2]. Будынак гімназіі быў драўляным. Паводле даследванняў Рыгора Родчанкі, гімназія працавала на працягу трох стагоддзяў бесперапынна. Адукацыя ў гімназіі была платнай. У гімназіі адбывалася раздзяленне вучняў па класах, а не прадметах. Вывучаліся польская, лацінская, грэчаская і нямецкая мовы, а таксама этыка, рыторыка, гісторыя, матэматыка і заканадаўства[3].

Кальвінская навучальная ўстанова ўжо ў XVII стагоддзі заваявала вядомасць і славу далёка за межамі Беларусі як «Слуцкія Афіны» і як «Узорная Слуцкая гімназія». І яна змагла зрабіць гэта толькі таму, што каля яе калыскі стаялі выдатныя педагогі свайго часу.

У пачатку XVIII стагоддзя адмянілі цэнз па веравызнанні, пасля чаго акрамя кальвіністаў у школе пачалі навучацца каталікі, якія з часам склалі асноўную масу навучэнцаў[4]. Побач з гімназіяй працаваў інтэрнат для бедных вучняў. Пачатковая адукацыя была бясплатнай[3].

У 1809 годзе расійскія ўлады змянілі статус установы на павятовую школу Мінскай губерні, аднак у 1827 годзе была адноўлена слуцкая гімназія пад кіраўніцтвам Леапольда Ваноўскага.

У 1881 кальвінісцкая гімназія канчаткова перайшла пад апеку пасійскіх уладаў, з гэтага часу яна звалася мужчынскай гімназіяй у Слуцку. У 1889 годзе ў ёй навучалася каля 300 чалавек.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі гімназія была пераўтворана ў сярэднюю школу. У час Вялікай Айчыннай вайны ў будынку школы месціўся нямецкі шпіталь. У час вызвалення Беларусі з-пад акупацыі ў 1944 годзе будынак быў пашкоджаны бомбай — аднаўленне будынку цягнулася пяць гадоў і было скончана толькі ў 1949-м годзе. У гонар вучняў гімназіі, якія загінулі ў часе вайны, на тэрыторыі школы быў усталяваны помнік[5].

Статус гімназіі быў нададзены зноў толькі ў 1998 годзе, калі школа была ператворана ў гімназію № 1 з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы. У 2003 і 2009 гадах гімназія паспяхова прайшла дзяржаўную атэстацыю.

Будынак гімназіі[правіць | правіць зыходнік]

Праект старога будынка гімназіі
Сучасны выгляд
Гімназія ў 2012 годзе

Найстарэйшай школай слуцкая гімназія з'яўляецца ўскосна. Драўляны будынак, існаваўшы раней, быў заменены каменнай будовай у стылі класіцызму ў 182938[6] (паводле іншых звестак, у 1852-54[7]) гг. паводле праекту Караля Падчашынскага[8]. На першым паверсе будынка размяшчаліся класы, на другім — бібліятэка і школьная канцылярыя. Гэты будынак выкарыстоўваецца цяпер як адзін з карпусоў гімназіі.

На тэрыторыі гімназіі змяшчаліся таксама школьны сад і драўляныя хаты настаўнікаў. Да 1940-х гадоў побач са школай дзейнічаў мураваны кальвінскі збор з вежай, пашкоджаны ў часе Другой сусветнай вайны і разабраны пасля бальшавікамі.

Новы, цагляны, корпус быў пабудаваны ў 1980 годзе, паміж будынкамі існуе пераход. У будынках дзейнічае гімназія № 1[9].

Стары будынак, праект якога захаваўся, з'яўляецца помнікам класіцызму[10].

Навучальны працэс[правіць | правіць зыходнік]

Сшытак з узорамі карункаў В. Муратавай, вучаніцы Слуцкай гімназіі. 1913 г.

У гімназію прымалі шляхетскіх дзяцей, гарадскіх жыхароў, часам сялянскіх дзяцей. Срок навучання складаў 6-8 гадоў.

Настаўнікі Андрэй Дабранскі, Андрэй Музоній, Рэйнгальд Адам (1602—1656 (?)) і іншыя заснавальнікі Слуцкай школы — аўтары статута і дапаможнікаў — былі педагогамі еўрапейскага ўзроўню. Дарэчы, па дапаможніку па рыторыцы, створаным Рэйнгальдам Адам, пазней вучыўся Міхаіл Ламаносаў. Гімназістамі, у адпаведнасці са статутам, маглі стаць практычна ўсе здольныя падлеткі, незалежна ад веравызнання і сацыяльнага паходжання. У навучанні выкарыстоўваліся лепшыя вядомыя методыкі таго часу, былі і такія, якія б сёння ні ў якім разе не ўжываліся ў педагогіцы. Напрыклад, каб зацікавіць вучняў лепш і глыбей ведаць лацінскую мову, якая тады з'яўляўся мовай навукі, на працягу двухсот пяцідзесяці гадоў у Слуцкай школе за дадатковае вывучэнне лацінскіх тэкстаў вучні атрымлівалі піва. Гімназіст за дзень мог зарабіць дзве шклянкі.

Даследчык Якаў Парэцкі ў Ленінградзе адшукаў «Статут Слуцкай школы», які быў выдадзены ў Любчы ў 1628 годзе. На аснове гэтай крыніцы навуковец даказвае, што ў пачатку XVII стагоддзя цэнтр гуманістычнай педагагічнай думкі, па сутнасці, перамясціўся з Заходняй Еўропы ў Слуцк. Вызначана, такое сцвярджэнне — не перабольшанне. Нездарма ж з'явілася назва «Слуцкія Афіны». У сценах школы кожнаму не толькі давалі вялікі аб'ём ведаў, але і вучылі па-сапраўднаму думаць. Пры гэтым умела выкарыстоўваўся дыялог настаўніка з вучнем. А менавіта яго як плённую форму навучання ўвёў Платон у сваёй знакамітай Афінскай акадэміі(руск.) бел.[11].

У 1809—1836 гадах Слуцкая гімназія двойчы рэфармавалася: уводзіліся новыя прадметы, упершыню быў прызначаны свецкі дырэктар. Паступова школа пачала пераходзіць з польскай на рускую мову навучання. У сценах гімназіі разгарнулася барацьба паміж прыхільнікамі польскай і рускай культур. Яна дасягнула свайго кульмінацыйнага пункта ў 1862—1863 гадах. У 1863 годзе, пасля падаўлення паўстання пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага выкладанне польскай мовы ў Слуцкай гімназіі было адменена назаўсёды.

У адной з залаў гімназіі выступаў Якуб Колас. У 1923 годзе ў Слуцку праходзілі курсы павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў, і Колас чытаў лекцыі па методыцы выкладання беларускай мовы. Для слухачоў курсаў паэт упершыню прачытаў сваю паэму «Новая зямля».

Вядомыя выкладчыкі[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя вучні[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Подведены итоги соревнования среди учреждений образования Слуцкого района Слуцкий районный исполнительный комитет (руск.) 
  2. Глебов И. Историческая записка о Слуцкой гимназии с 1617 до 1901 гг. — Вильно, 1903
  3. 3,0 3,1 А. П. Грицевич, «Древний город на Случи», Мінск 1985
  4. Marceli Kosman, «Litewska Jednota Ewangelicko-Reformowana od połowy XVII wieku do 1939 roku», Wyższa Szkoła Pedagogiczna im. Powstańców Śląskich w Opolu(руск.) бел., 1986, ISBN 9788385012191
  5. Мікалай Літвінаў. Таямніцы слуцкіх Атэнаў // Звязда : Газета. — 13 жніўня 2009. — № 150 (26508). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  6. Слуцкая гімназія на сайце Глобус Беларусі (руск.) 
  7. Слуцкая гімназія на сайце Radzima.org
  8. Міцянін А. А., Кукуня В. Р. Слуцкай мужчынскай гімназіі будынак. Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мн., 1993. — С. 448
  9. Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.
  10. Слуцкая гімназія на сайце Глобус Беларусі (руск.) 
  11. Слуцк. Культура и образование. Информация о городе Слуцк (руск.) 

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі у Беларусі. — Мн., 1968.
  • І. А. Глебаў. «Историческая записка о Слуцкой гимназии с 1617—1630 — 1901 гг.». 1903
  • І. Ціткоўскі, С. Багдашыч Слуцкая гімназія: стагоддзі працы на карысць Бацькаўшчыны. Інфа-Кур'ер (12 снежня 2007). Праверана 22 студзеня 2010.
  • Jozef Lukaszewicz(польск.) бел.. Dzieje kosciolow wyznania helweckiego w Litwie (Geschichte der Kirche Helvetischer Confession in Litthauen), Dr. in der Gerberstrasse No 45, 1843
  • Filip Sulimierski, Bronisław Chlebowski & Władysław Walewski, 1880: «Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich», Wydawnictwo Wędrowiec, Warszawa 1889.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]