Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч
Tadeusz Woynillowicz 1.jpg
POL COA Wojnillowicz.svg
Герб «Сыракомля»
Слуцкі павятовы маршалак
1845 — 1863
Папярэднік: Ян Ігнатавіч Даманскі
Пераемнік: Юзаф Ксаверавіч Вайніловіч
 
Веравызнанне: каталік
Нараджэнне: 1804
Смерць: 1878
Пахаванне:
Род: Вайніловічы
Бацька: Антон Адамавіч Вайніловіч (1771—1855), слуцкі павятовы маршалак (1811—1818)
Маці: Тэафілія Адынец
Жонка: Казіміра Наркевіч-Ёдка
Дзеці: 1) Сафія Тадэвушаўна Вайніловіч (24.03.1838—?); 2) Анэля Тадэвушаўна Вайніловіч (1843—раней 1850); 3) Эмілія Тадэвушаўна Вайніловіч (25.10.1848—?)
 
Узнагароды:

ордэн Святога Георгія

Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч (польск.: Tadeusz Woyniłłowicz, руск.: Тадеуш Антонович Войнилович), 1804, Слуцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя1878, Слуцк, Слуцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя, — слуцкі павятовы маршалак (1845—1863).

Паходжанне і сям'я[правіць | правіць зыходнік]

Належаў да каталіцкага сярэднезаможнага шляхецкага роду Вайніловічаў гербу «Сыракомля», прадстаўнікі якога займалі розныя земскія пасады ў Новагародскім ваяводстве ВКЛ і Слуцкім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі.

Нарадзіўся ў сям'і Антона Адамавіча Вайніловіча (1771—1855), слуцкага павятовага маршалка (1811—1818), і яго жонкі Тэафіліі Адынец. Бацька Антон Адамавіч Вайніловіч быў сынам Адама Францішкавіча Вайніловіча (1739—1803), новагародскага падкаморага (1783—1797), і яго жонкі Караліны Каралеўны Сулістроўскай, якія пабраліся шлюбам у 1770.

Тадэвуш Вайніловіч ажаніўся з Казімірай Наркевіч-Ёдкай, якая нарадзіла яму трох дачок: Сафія Тадэвушаўна Вайніловіч (24.03.1838—?); Анэля Тадэвушаўна Вайніловіч (1843—раней 1850); Эмілія Тадэвушаўна Вайніловіч (25.10.1848—?). Дачка Анэля памерла ў маленстве. Адна дачка Тадэвуша Сафія Тадэушаўна Вайніловіч выйшла за Леана Міхалавіча Даманскага (1830—1892), маянткоўца Слуцкага павета (за яго бацькам у 1850 налічвалася 364 рэвізскія душы), які служыў дэпутатам па нагляду за правільным продажам гарачых напояў у Слуцкім павеце. А другая дачка Эмілія таксама пайшла за маянткоўца Слуцкага павета — пана Адама Даманскага.

Службовая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

У маладосці служыў у расійскім войску — у Літоўскім кавалерыйскім корпусе вялікага князя Канстанціна Паўлавіча, брата расійскага імператара Мікалая I. 14 лютага 1834 паводле ўласнага прашэння быў звольнены ад вайсковай службы з чынам паручніка і ордэнам Святога Георгія, які, як вядома, даваўся толькі за персанальную мужнасць у баі. Стаў жыць у родавым маёнтку ў Слуцкім павеце і займацца гаспадаркай.

21 верасня 1844 у Мінску на дваранскіх выбарах Ян Ігнатавіч Даманскі, былы дваранскі дэпутат (вывадовы дэпутат) Слуцкага павета, быў выбраны на пасаду слуцкага павятовага маршалка (1844—1845), а першым «кандыдатам» (намеснікам) на пасаду слуцкага маршалка быў выбраны Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч. Пасля незапланаванай адстаўкі Даманскага з пасады, 7 мая 1845 Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч быў зацверджаны расійскімі ўладамі на пасадзе слуцкага маршалка. Пасля гэтага Тадэвуш Вайніловіч шэсць разоў абіраўся ў Мінску на пасаду слуцкага павятовага маршалка на новыя трохгоддзі — у 1847, 1850, 1853, 1856, 1859, 1862.

У доме маршалка Тадэвуша Вайніловіча ў Слуцку жыў у свой час яго пляменнік Эдвард Адамавіч Вайніловіч (1847—1928), які тады вучыўся ў слуцкай гімназіі.

Тадэвуш Вайніловіч быў апошнім слуцкім павятовым маршалкам, выбраным павятовым дваранствам, бо пасля 1863 павятовыя маршалкі ў «заходніх губернях» Расійскай імперыі пачалі прызначацца расійскай уладай. Напэўна, Тадэвуш Вайніловіч быў бы і пасля ў 1863 прызначаны на пасаду слуцкага маршалка расійскай уладай, але гэта стала немагчыма з-за гучнага інцыдэнта з «мінскім пратаколам», які адбыўся ў 1862 у Мінску.

Справа з «мінскім пратаколам» (1862)[правіць | правіць зыходнік]

Напярэдадні паўстання 1863—1864 гадоў у патрыятычных мэтах мінскі губернскі маршалак (1859—1863) Аляксандр Дамінікавіч Лапа разгарнуў актыўную дзейнасць, жадаючы дабіцца ад расійскіх улад злучэння Мінскай губерні (а разам з ёй і іншых «паўночна-заходніх губерняў») з польскімі губернямі ў рамках Расійскай імперыі ў нейкую асобную аўтаномію (якая б ахоплівала тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай да першага падзелу ў 1772) і аднаўлення дзейнасці ўніверсітэта ў Вільні (ці ў іншым месцы Беларусі).

17 лістапада 1862 у Мінску губернскі дваранскі сход на чале з Лапам меў намер прадставіць на імя расійскага імператара Аляксандра II афіцыйны адрас (зварот), у якім мовілася б аб неабходнасці злучыць Мінскую губерню з польскімі губернямі. Планавалася прадставіць такія ж адрасы ад усіх губернскіх дваранскіх суполак краіны. Віленскі ваенны генерал-губернатар (1855—1863) Уладзімір Іванавіч Назімаў забараніў падачу адрасу, але мінскія дваране ўнеслі яго тэкст у пратакол пасяджэння губернскага дваранскага сходу, які падпісалі 255 чалавек — першым падпісаўся мінскі губернскі прадвадзіцель дваранства Аляксандр Лапа. Слуцкі павятовы маршалак Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч з патрыятычных памкненняў таксама падпісаўся пад гэтым пратаколам. Генерал-губернатар вымушаны быў распусціць дваранскі сход. Усе дакументы, якія тычыліся тых падзей, былі 21 студзеня 1864 выняты па загаду Часовага ваеннага губернатара Мінскай губерні з канцылярый мінскага губернскага маршалка і Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу. У 1863 Аляксандр Лапа быў высланы па загаду новага віленскага ваеннага генерал-губернатара Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва (1796—1866) у Пермскую губерню за дапушчэнне падпісання «мінскага пратаколу», а яго буйны маёнтак Рудабелка падпаў пад прымусовы продаж.

У 1862, адразу пасля падпісання пратакола і прыезду ў свой маёнтак у Слуцкім павеце з купленым чамаданам і валонкамі, Тадэвуш Вайніловіч адмовіўся падпісаць вернападданы «адрас» да расійскага цара, якія ў той час падпісвалі многія дваране «заходніх губерняў», падаў у адстаўку і рыхтаваўся спакойна да высылкі ўладамі, хоць гэта магло пагражаць канфіскацыяй усяго маёнтка і трагедыяй для ўсёй сям'і.

У 1863, у ходзе паўстання 1863—1864 гадоў, яго брату Адаму Антонавічу Вайніловічу (1806—1874), пагражаў секвестр маёнтка Савічы, бо пісар маёнтка стаў членам слуцкага паўстанцкага атрада, быў арыштаваны і даў сведчанні. Па даручэнні ваеннага начальніка Слуцкага павета некалькі дзён маёнтак знаходзіўся ў акружэнні і распараджэнні атрада казакоў, але слуцкаму павятоваму маршалку (1845—1863) Тадэвушу Вайніловічу (1804—1878) удалося дабіцца зняцця секвестра з маёнтка брата Адама да рашэння суда, якога ў далейшым не адбылося[1].

Так здарылася, што расійская ўлада ніякіх рэпрэсій на Тадэвуша Вайніловіча не распаўсюдзіла. Вайніловіч толькі не прызначаўся на пасаду слуцкага павятовага маршалка пасля 1863, па прычыне нядобранадзейнасці. Аднак у 1863 расійская ўлада на пасаду слуцкага маршалка прызначыла Юзафа Ксаверавіча Вайніловіча, далёкага сваяка Тадэвуша.

Апошнія гады жыцця[правіць | правіць зыходнік]

Жонка Тадэвуша памерла раней яго. Пазней, калі агонь спаліў усе яго дамы, як у Слуцку, так і Кларымонце, некалькі год Тадэвуш жыў у Савічах у свайго брата Адама, з якім у яго ўсё жыццё былі прыязныя сямейныя адносіны. Адам быў рады прыняць Тадэвуша, бо ў 1861—1865 сын Адама Эдвард пражываў у Слуцку ў доме Тадэвуша, калі апошні быў слуцкім маршалкам, за што Адам быў рады адплаціць брату.

Памёр у 1878 у Слуцку, дзе і быў пахаваны.

Маёнткі[правіць | правіць зыходнік]

У 1845, калі Тадэвуш Вайніловіч займаў пасаду слуцкага павятовага маршалка, то за яго бацькам Антонам у Слуцкім павеце Мінскай губерні меўся спадчынны маёнтак Кларымонт (Кларымонт, Савічы, Пузаў), дзе налічвалася 190 рэвізскіх душ; у набытым маёнтку Каралін (Слуцкі павет) — 116 душ, а ў набытым маёнтку Дучава (Душава) у Слуцкім павеце — 20 душ.

У 1845 бацька Антон перадаў кіраванне гаспадаркай сваім сынам, падзяліўшы свае маёнткі паміж двума сынамі (Тадэвушу — Кларымонт, Каралін; Адаму — Савічы, Пузаў і Браткова), і вырашыў, што будзе жыць у сына Адама ў палацы ў Савічах на прыбыткі з дробнага маёнтка Дучава (Душава). У 1850 у маёнтку Тадэвуша Вайніловіча Кларымонт мелася 86 душ, у Караліне — 116, а ў 1856 — супольна ў Кларымонце і Караліне налічвалася 183 душы.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 19.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]