Спрынца Львоўна Рохкінд
Спрынца Рохкінд | |
---|---|
Шпрынца Лейбаўна Рохкінд | |
Дата нараджэння | 1903 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 11 мая 2000 |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | педагог |
Месца працы | |
Навуковая ступень | кандыдат філалагічных навук (1934) |
Навуковае званне | |
Альма-матар |
Спрынца (Соф’я) Львоўна Рохкінд, сапр. Шпрынца Лейбаўна Рохкінд (1903, Талачын — 11 мая 2000, Мінск[1]) — беларускі мовазнавец. Кандыдат філалагічных навук (1934).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзілася ў адукаванай яўрэйскай сям’і. Бацька – Лейба Шмуйлавіч Рохкінд – займаўся рамонтам гадзіннікаў. Апрача ідыша, ён вольна валодаў нямецкай і старажытнаяўрэйскай мовамі.
У 1920—1925 гадах вучылася ў Інстытуце вышэйшых яўрэйскіх ведаў у Петраградзе. У 1926 годзе, працуючы ў школе для дарослых, працягвала вучобу на яўрэйскім аддзяленні літаратурна-лінгвістычнага факультэта Другога Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1928 годзе атрымала кваліфікацыю «Выкладчык яўрэйскай мовы».
З верасня 1928 да сярэдзіны кастрычніка 1931 года выкладала літаратуру і грамадазнаўства ў розных сярэдніх школах Веліжа, Пскова і Мінска.
У кастрычніку 1931 года паступіла ў аспірантуру пры Акадэміі навук БССР. Праз год, паралельна з вучобай, выкладала практычны курс у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце.
У 1934 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю па мове яўрэйскай рэвалюцыйнай і публіцыстычнай літаратуры канца 1880-х — пачатку 1890-х гадоў.
З 1933 года працавала ў Інстытуце мовы і літаратуры. У званні дацэнта выкладала агульнае мовазнаўства на літаратурным факультэце і факультэце замежных моў Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. 11 лістапада 1938 года Вышэйшая атэстацыйная камісія СССР зацвердзіла яе ў навуковым званні дацэнта.
У гады Вялікай Айчыннай вайны выехала ў Казахстан, дзе з 1941 года працавала інспектарам-метадыстам Акмалінскага абласнога аддзела народнай адукацыі, з чэрвеня 1942 года па люты 1944 года — дырэктарам сярэдняй школы ў вёсцы Імантава, а з сакавіка па верасень 1944 года — загадчыкам вучэбнай часткі школы для дарослых у г. Какчэтаў і інспектарам Какчэтаўскага абласнога аддзела адукацыі.
У лістападзе 1944 года вярнулася на працу ў Мінскі педінстытут у званні дацэнта кафедры рускай мовы, а са снежня пачала выконваць абавязкі намесніка загадчыка кафедры. Праз два гады стала загадчыкам кафедры рускай мовы. У 1949 годзе пераведзена на пасаду дацэнта кафедры рускай мовы.
Навуковая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]За гады навукова-педагагічнай дзейнасці апублікавала работы па актуальных праблемах беларускага мовазнаўства: «Да вывучэння словаўтварэння беларускай мовы» (1955), «З гісторыі лексікі беларускай мовы» (1955), «Аддзеяслоўныя назоўнікі ў сучаснай беларускай мове» (1961).
У 1939 годзе ў суаўтарстве з К. І. Гурскім, Ц. П. Ломцевым, Г. З. Шклярам, С. І. Рысінай апублікавала падручнік «Сінтаксіс беларускай мовы».
Сумесна са Г. З. Шклярам стварыла першы ў Савецкім Саюзе «Яўрэйска-рускі слоўнік» (1940).
З’яўляецца аўтарам раздзела «Словаўтварэнне» падручніка «Курс сучаснай беларускай мовы (фанетыка, марфалогія, лексіка)» (1940).
Мемуарыстыка
[правіць | правіць зыходнік]У 1995 годзе ў часопісе «Di pen» (выдаваўся на мове ідыш у Вялікабрытаніі) выйшлі мемуары С. Рохкінд «Тры гарады ў маім жыцці» пра міжваенны перыяд, у 1998 г. апублікаваныя ў перакладзе на рускую мову[2].
У 1996—1998 гадах С. Рохкінд напісала па-руску ўспаміны пра горад свайго дзяцінства і юнацтва — Талачын[3], упершыню апублікаваныя неўзабаве пасля яе смерці на сайце «Беларускага зямляцтва ў Ізраілі»[4].
Зноскі
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 мая 2021. Праверана 27 снежня 2020.
- ↑ https://belisrael.info/?p=7959
- ↑ Рохкінд Соф’я (Спрынца) Львоўна
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 красавіка 2021. Праверана 27 снежня 2020.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Главный труд // Синеокая Толочинщина: история, экономика, культура, памятные места / А. А. Шнейдер. — Минск : Бизнесофсет, 2009. — С. 38-39.
- Рохкинд, С. Л. Воспоминания Рохкинд Спринцы Львовны (1903—2000) / С. Л. Рохкинд // Наша Талачыншчына. — 2007. — 3 лют. — С. 4 ; 10 лют. — С. 3 ; 17 лют. — С. 4.