Старыя Ляхавічы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Старыя Ляхавічы — колішні населены пункт на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна. Размяшчаўся за 1,5 км на поўнач ад Падлесся, на правым беразе Шавялёўкі.

Да 1450-х гадоў Жарабковічы і Ляхавічы (напэўна, менавіта Старыя) належалі валынскаму баярыну Дзяніску Мукасеевічу, які памяняў іх з панам Іванам Іллінічам на яго замак Вельгар з «местам» і некалькімі «прыселкамі» ў Луцкім павеце[1]. У складзе Жарабковіцкага маёнтка перайшоў спадчынай пану Юрыю Іллінічу, прададзены ў 1532 годзе яго нашчадкамі канцлеру Альбрэхту Гаштольду і далучаны да Ляхавіцкага маёнтка[2].

Пэўна згадваецца 8 мая 1561 года[3], калі за пазыку 3000 коп літоўскіх грошаў вял.кн. Жыгімонту Аўгусту пан Іван Солтан атрымаў у дзяржаву яго Ляхавіцкія ўладанні з «дварамі» Ляхавічы, Старыя Ляхавічы і Жарабковічы. Да пачатку XX ст. Старыя Ляхавічы былі часткай Ляхавіцкага маёнтка (графства), цэнтрам адной з яго валасцей («дваром»). У 1636 годзе ў саміх Старых Ляхавічах 30 валок. У 1661 годзе ў «двары» Старыя Ляхавічы 90 дымоў, у складзе вёскі Падлессе, Шавялі, фальварак Свісткаўшчына, сама вёска Старыя Ляхавічы не згадваецца, напэўна, знішчана ў вайну 1654—1667 гадоў. У 1789 годзе «двор» Старыя Ляхавічы меў 78 дымоў, у складзе толькі вёска Шавялі. Станам на 1910 год — фальварак (гасподскі двор).

У часы міжваеннай Польшчы Старыя Ляхавічы — фальварак у Баранавіцкім павеце Навагрудскага ваяводства. Станам на 30 верасня 1921 года 13 жыхароў (6 мужчын, 7 жанчын), жылы дом і гаспадарчы будынак.

Да 1933 года на месцы фальварка і ваколіцах створана аднайменная вайсковая асада (Os. wojsk. Stare Lachowicze). З асаднікаў вядомы капрал Юзаф Алешка, вахмістр Якуб Багдановіч, плютановы Антоні Браноўскі, капрал Ян Фетка, старшы шэраговы Фелікс Гутаровіч, падпаручнік Юзаф Касаці (дзялянка № 9), капрал Павел Клапкоўскі, шэраговы Юзаф Коктыш[4] (дзялянка № 5), улан Ян Лісоўскі, капрал Ігнацы Пашкоўскі (дзялянка № 6), плютановы Юзаф Русецкі[5] (дзялянка № 2), капрал Ян Санек, паручнік Юзаф Скрыпчынскі (дзялянка № 7), капрал Канстанцін Шпак[6] (дзялянка № 3), старшы ўлан Антоні Зелянеўскі (дзялянка № 7).

Зноскі

  1. Собчук В. Д. Від коріння до крони : дослідж. з історії князів. і шляхет. родів Волині ХV — першої половини ХVII ст. — Кременець: [Кременец.-Почаїв. держ. іст.-архітектур. заповідник], 2014. — 506 c. : табл. — С. 179, заўв. 7.
  2. Аляхновіч Р. А., Рыбчонак С. А., Шаланда А. І. Род Іллінічаў… С. 234.
  3. Акты Виленской археографической комиссии: Том XXII. Акты Слонимского земского суда. — Вильна, 1895. — 535 с.
  4. Іосіф Міхайлавіч Коктыш (нар. 25.5.1901, г. Ляхавічы), паляк; адукацыя пачатковая; з сялян, аднаасобная гаспадарка. Жыў: Брэсцкая вобл., Ляхавацкі р-н, Ляхавічы. Арыштаваны 15.10.1939, прыгавораны АН 13.06.940, абвінавачванне 74 КК БССР — контррэвалюцыйнай дзейнасць. Прыгавор: 5 гадоў ППЛ, адбываў Паўноччыглаг (Севжелдорлаг). Рэабілітаваны 17.05.1989, УКДБ і Пракуратура Брэсцкай вобл. Архіўная справа УКДБ па Брэсцкай вобл. — 8418-с
  5. Іосіф Пятровіч Русецкі (нар. 1898, Мінскі пав.), паляк; адукацыя сярэдняя; з сялян, аднаасобная гаспадарка. Жыў: Брэсцкая вобл., Ляхавацкі р-н, Ляхавічы. Прыбыў на спецпасяленне ў Архангельскую вобл., Анежскі р-н, Тушылава 3.3.1940 года. Вызвалены са спецпасялення па амністыі 10.9.1941 года. Разам з ім па спецпасяленне прыбылі, а потым амніставаны Мацыян Іосіфавіч (1925 г.н.), Леан Іосіфавіч (1930 г.н.), Юрка Іосіфавіч (1935 г.н.), а таксама Марыя Браніславаўна (1903 г.н.) і Франц Браніслававіч (1903 г.н.) Русецкія. Усе да спецпасялення, паводле справы, жылі ў Ляхавічах.
  6. Канстанцін Антонавіч Шпак (нар. 1899, м. Ляхавічы), паляк; адукацыя пачатковая; з сялян, аднаасобная гаспадарка. Жыў: Брэсцкая вобл., Ляхавацкі р-н, в. Старыя Ляхавічы. Арыштаваны 15.10.1939, прыгавораны АН 29.06.940, абвінавачванне 74 КК БССР — контррэвалюцыйнай дзейнасць. Прыгавор: 8 гадоў ППЛ, адбываў Паўноччыглаг[ru]. Рэабілітаваны 23.05.1989, УКДБ і Пракуратура Брэсцкай вобл. Архіўная справа УКДБ па Брэсцкай вобл. — 7925-с