Перайсці да зместу

Стрэчанская царква (Віцебск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Стрэчанская царква
Рэканструкцыя выгляду Стрэчанскай царквы з боку апсіды
Рэканструкцыя выгляду Стрэчанскай царквы з боку апсіды
55°11′25″ пн. ш. 30°11′47″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Дата пабудовы XVI стагоддзе
Map

Стрэчанская царква — колішняя праваслаўная царква ў Віцебску. Размяшчалася ў Задзвінскай слабадзе.

У 2000 годзе ў паўднёвай частцы слабады І. А. Цішкіным праведзены архітэктурна-археалагічныя работы пры рэстаўрацыі памяшканняў саляных складоў канца XVIII стагоддзя і выяўлены каменныя фундаменты храма XVIXVIII стст., якія атаясамліваюцца з царквою Стрэчання. У 2002 годзе В. М. Ляўко працягнуты работы па назіранні за рэстаўрацыяй складоў і знойдзены рэшткі прыцаркоўных могілак, што існавалі на працягу дзейнасці царквы[1]. Пахаванні былі выяўлены пад падлогай і брукоўкай унутры памяшканняў і змяшчалі рэшткі драўляных дамавін. Пахаванні ўтвараюць 2 стратыграфічныя гарызонты. Ніжні залягаў у мацерыку і адносіўся да часу пабудовы на месцы размяшчэння саляных складоў царквы Стрэчання Хрыстова; тут выяўлены пахаванні жанчыны і дзіцяці, прычым у жаночым сабраны рэшткі тканіны з арнаментам у выглядзе ціснення. Усе памерлыя арыентаваны галавой на захад. Пахаванні датуюцца канцом XVI — пачаткам XVIII ст[2].

Абмерны план падмурка Стрэчанскай царквы

Стылістычна адносілася да готыка-рэнесансавых тыпаў храма, якія распаўсюдзіліся на Беларусі з другой паловы XVI ст. Агульная даўжыня царквы 18 метраў, шырыня 12. Па атрыманых матэр’ялах з раскопак (фрагменты кафлі з раслінным і гербавым сюжэтамі) можна меркаваць, што храм быў пабудаваны ў першай палове XVI ст. Хутчэй за ўсё, ён быў моцна пашкоджаны пад час 3-месяцовай аблогі Віцебска[ru] войскамі ваяводы Шарамецьева[ru] ў 1654 годзе[3].

Паводле даследаванняў гісторыка Л. Хмяльніцкай, царква праіснавала ў напаўразбураным стане да канца XVIII ст. Рэшткі храма расійскія ўлады выкупілі ў гарадскога магістрата ў 1773 годзе за 200 руб. для падрыхтоўкі месца пад будаўніцтва «правіянтскіх магазейнаў». 2000 цаглін пасля разборкі наземных рэшткаў царквы пайшло на будаўніцтва саміх складоў, аднапавярховы корпус якіх і быў пастаўлены на гэтым месцы ў 1774 г[3].

Зноскі

  1. Віцебская Задзвінская слабада // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — Т. 1: А―К. — 496 с. — ISBN 978-985-11-0354-2.
  2. Віцебскія гарадскія сярэдневяковыя могільнікі // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — Т. 1: А―К. — 496 с. — ISBN 978-985-11-0354-2.
  3. а б Віцебскія лабазы на сайце Radzima.org