Судзебнік Казіміра
| ||
Судзебнік Казіміра. 29 лютага 1468 | ||
Матэрыял | папера | |
---|---|---|
Дзяржаўны гістарычны музей, Расійская дзяржаўная бібліятэка[d] і Ягелонская бібліятэка[d] | ||
![]() |
Судзе́бнік 1468 го́да або Судзе́бнік Казімі́ра — зборнік норм права XV ст., першы кодэкс крымінальнага і працэсуальнага права Вялікага Княства Літоўскага. Складзены на загад вялікага князя літоўскага Казіміра Ягелончыка, выдадзены 29 лютага 1468 года. Адзін з самых вядомых старабеларускіх рукапісных твораў XV ст. Адна з базавых крыніц Статута ВКЛ 1529 года.
Напісаны на старабеларускай мове суцэльным тэкстам. У XIX ст. быў падзелены гісторыкамі на 28 або 25 артыкулаў[1]. Меў агульнапрынятую, для тагачасных прававых помнікаў, назву «Ліст». Іншая назва — «Судзебнік» (так называліся даведнікі права, якімі карысталіся ў судах пры разглядзе крымінальных і грамадзянскіх спраў). Дату выдання Судзебніка вызначыў протаіерэй Іван Грыгаровіч[1]. Судзебнік зацверджаны Віленскім соймам. У Судзебніку вызначалася сістэма судоў, іх кампетэнцыя, а таксама змешчаны нормы грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага права.
У Судзебніку вызначаліся адзіныя для ўсяго Вялікага Княства Літоўскага віды пакарання за злачынствы супраць феадальнай уласнасці, змяняўся парадак судаводства па гэтых справах, абмяжоўвалася адказнасць жонкі і дзяцей за злачынствы мужа, скарачаліся плацяжы на карысць суддзяў, павышалася адказнасць бадзягам, прадугледжвалася адказнасць за дапамогу пры ўцёках і арганізацыю ўцёкаў чэлядзі і феадальна-залежных людзей ад феадалаў. Асноўныя віды пакарання паводле Судзебніка — пакаранне смерцю, грашовыя спагнанні і пабоі[1].
Невялікі прававы тэксты быў аб’ектам вывучэння навукоўцаў, найперш гісторыкаў — І. М. Даніловіч, І. І. Лапо, С. І. Барысёнак, М. Ф. Уладзімірскі-Буданаў, К. Яблонскіс, М. М. Ясінскі і іншых. Найбольш дэталёвае даследаванне — манаграфія І. П. Старасцінай. Станам на пачатак 2010-х гадоў, Судзебнік не даследаваўся як помнік гісторыі беларускай мовы і тэкст старабеларускай дзелавой пісьменнасці, хоць ім карысталіся як матэрыялам для складання «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», «Падручнага гістарычнага слоўніка субстантыўнай лексікі», «Гістарычнай марфалогіі беларускай мовы» і іншых выданняў. Хіба першай, хто разглядаў моўна-стылявыя рысы помніка была Наталля Паляшчук.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в БелЭн 2002, с. 250.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Судзебнік 1468 // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 250. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Жураўскі, А. І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. / А. І. Жураўскі. — Мінск: Навука і тэхніка, 1967. — 372с.
- Ковальова, С. Г. Судебник великого князя Казимира Ягайловича 1468 року / С. Г. Ковальова. — Миколаїв: Видавництво ЧДУ, 2009. — 109 с.
- Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кніга 28 (1522—1552). Кніга запісаў 28 / Падрыхтоўка тэкстаў да друку і навуковы апарат: В. Мянжынскі, У. Свяжынскі. — Мінск: АТНNAEUM. — 312 с.
- Старостина И. П. Судебник Казимира 1468 // Древнейшие государства на территории СССР. Материалы и исследования. 1988—1989 годы; редкол.: А. П. Новосельцев, Я. Н. Щапов [и др.]. — М.: Наука, 1991. — С. 170—344.
- Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588: Тэксты. Даведнік. Каментарыі / Беларус. Сав. Энцыкл.; рэдкал. І. П. Шамякін [гал. рэд.] і інш. — Мінск: БелСЭ, 1989. — 573 с.
- Паляшчук Н. В. «Судзебнік Казіміра» (1468) як помнік старабеларускай дзелавой пісьменнасці // Словаўтварэнне і іншыя ўзроўні беларускай літаратурнай мовы, матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Мінск, 24-25 лістапада 2014 г.) / І. У. Кандраценя, І. У. Ялынцава, В. М. Нікалаева (навуковы рэдактар). — Мінск : Права і эканоміка, 2014. — С. 167—173.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Судзебнік Казіміра 1468 г. . pravo.by.