Сунская парча
Сунская парча (кіт. трад. 宋錦, спр. 宋锦, піньінь sòngjǐn, пал. сунцзінь) паходзіць з горада Сучжоў правінцыі Цзянсу КНР і разам з шуцзінь з Сычуані і юньцзінь з Нанкіна прадстаўляе «тры ўзроўні дасканаласці кітайскай парчы». Аб’ект нематэрыяльнай культурнай спадчыны Кітая .
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Сучжоўская сунская парча ствараецца з шоўку і адрозніваецца яркай афарбоўкай, тонка прамаляваным узорам, трываласцю і мяккасцю[1].
Ад вытворчасці шаўковай ніткі і афарбоўкі да гатовага прадукту тканіна праходзіць больш за 20 розных тэхналагічных этапаў[1].
Узор тканіны складаецца з геаметрычных паўтаральных фігур, у якія абрамлены розныя выявы, сярод якіх могуць быць кветкі, травы, восем скарбаў (кіт.: 或八宝.), Восем Несмяротных , восем будыйскіх каштоўнасцей (кіт.: 八吉祥.) і іншыя малюнкі[1][2]. Для фарбавання выкарыстоўваюцца толькі фарбавальнікі натуральнага паходжання. Структура тканіны вызначаецца «трохсаржавым перапляценнем» (кіт.: 三枚斜纹组织.)[3].
Сунская парча выкарыстоўваецца як для вырабу адзення, так і як аснова для твораў выяўленчага мастацтва і каліграфіі[1]. Напрыклад, у Музеі імператарскага палаца ў Пекіне захоўваецца пашыты з сунскай парчы падчас праўлення імператара Цяньлуна скрутак «Свет асалоды» (кіт.: 极乐世界织成锦图轴) вышынёй 448 мі і шырынёй 196,5 см[2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Найбольш верагоднае паходжанне назвы сучжоўскай парчы звязана з імем эпохі Сун[4], у канцы якой у Сужчоў зарадзілася традыцыя вырабу сунцзінь[5]. У гэты час Сужчоў з’яўляўся цэнтрам вытворчасці шоўку ў Кітаі[1].
У далейшым на працягу стагоддзяў тэхналогіі вырабу парчы ўдасканальваліся, мяняліся стылі ўзору. Так, напрыклад, у часы дынастый Юань і Мін у моду ўвайшлі залаты уток і фігурны атлас[1]. Сунцзінь была папулярная з XIV па XIX стагоддзе, найбольшы яе росквіт прыйшоўся на час праўлення імператараў Кансі і Цяньлуна (XVI—XVII стагоддзя)[2].
У пачатку XX стагоддзя заходнія тэкстыльныя тэхналогіі прывялі да паступовага заняпаду традыцыйных кітайскіх вытворчасцяў тканіны, і на працягу XX стагоддзя тэхналогія вырабу сучжоўскай парчы была амаль страчана[2].
У 1995 годзе ў Сужчоў для выратавання традыцый стварэння сунскай парчы быў створаны Цэнтр аднаўлення традыцыі шаўковай вышыўкі (кіт.: 中国丝绸织绣文物复制中心)[3].
5 чэрвеня 2007 года сунцзінь была ўключана ў першы спіс з 226 аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Кітая[2].
28 верасня 2009 года на чацвёртай сесіі Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Абу-Дабі шаўкаводства і шаўкапрадзенне ў Кітаі, часткай якога з’яўляецца выраб сунскай парчы, было ўнесена ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва[3].
Сунцзінь разам з шуцзін з Сычуані і юньцзін з Нанкін называюць «трыма ўзроўнямі дасканаласці кітайскай парчы»[6] або таксама — «тры знакамітыя парчы» (кіт.: 三大名锦)[2].
Зноскі
- ↑ а б в г д е Liu Fang. Song Brocade (англ.). Chinaculture.org (20 снежня 2010). Праверана 1 кастрычніка 2017.
- ↑ а б в г д е 宋锦 (кіт.). Энциклопедия Байду. Baidu. Праверана 1 кастрычніка 2017.
- ↑ а б в 宋锦的历史与现在 (кіт.). 中国旗袍协会 (31 мая 2017). Праверана 1 кастрычніка 2017.(недаступная спасылка)
- ↑ Эмилия Павловна Стужина. Китайское ремесло в XVI-XVIII веках. — М.: Наука, 1970. — С. 36. — 264 с.
- ↑ Возрождение старинного искусства создания «сунской парчи» . Синьхуа (30 верасня 2017). Праверана 1 кастрычніка 2017.
- ↑ Лиза Кардуччи, пер. Людмила Губарева. Огромен как мир. — Межконтинентальное издательство Китая, 2002. — С. 184. — 202 с. — ISBN 9787508502458.