Сцяг Вялікага Княства Літоўскага

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вялікае Княства Літоўскае

Вялікі сцяг ВКЛ у 1578 годзе, рэканструкцыя паводле апісання Аляксандра Гваньіні.

Сцяг Вялікага Княства Літоўскага — адзін з дзяржаўных сімвалаў Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага разам з гербам і гімнам.

Упершыню велікакняжацкі сцяг згадваецца ў хроніцы Віганда Марбургскага пад 1337 года, калі ў баі пад Баербургам камандзір стралкоў Тэўтонскага ордэна «падпальвальнай стралой запаліў сцяг і адразу пасля гэтага трапіў стралой Троцкаму каралю ідалапаклоннікаў у шыю паміж лапаткамі, і [той] памёр».

Польскі гісторык XV ст. Ян Длугаш у сваёй Хроніцы апісвае сцягі некалькіх дзясяткаў вялікалітоўскіх харугваў пад агульным камандаваннем вялікага князя Вітаўта, у тым ліку некалькіх яго асабістых, але нічога не паведамляе пра вялікую харугву агулам Вялікага Княства Літоўскага.

У 1578 годзе Аляксандр Гваньіні ўпершыню апісаў сцяг Вялікага Княства Літоўскага, ён быў зроблены з чырвонага шоўку і меў чатыры «хвасты». На галоўным баку, справа ад дрэўка, пад княжацкай каронай выяўлены рыцар на белым кані; на другім баку — выява Багародзіцы[1], якая лічылася заступніцай Княства. Пазней згадваецца, што рыцар быў вышыты на абодвух баках сцяга[2].

«Галоўны сцяг» Вялікага Княства Літоўскага, які выносілі на каранацыі караля Аўгуста Саксонскага ў 1734 годзе.

Захаваўся «каранацыйны» сцяг 1734 года. На каранацыі Аўгуста ІІІ 17 студзеня 1734 года ў саборы Святога Станіслава ў Кракаве караля суправаджалі два «галоўныя сцягі» Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага. «Галоўны сцяг» Вялікага Княства Літоўскага ўяўляў сабой прамавугольнае палотнішча з чатырох палос сіне-чорнага шоўку. У цэнтры выяўлены герб з каляровага шоўку з вышыўкай залатымі і сярэбранымі ніткамі. Дрэўка з жалезным пазалочаным наканечнікам. Памеры 220×188 сантыметраў[3]. Аднак гэта не арыгінальны сцяг Княства, які, як і іншыя манаршыя інсігніі, не выдалі для каранацыі са скарбу, таму зрабілі ўмоўныя «галоўныя сцягі» і іншыя рэгаліі, пасля каранацыі іх працяглы час захоўвалі ў гардэробе Аўгуста III, а потым у Дрэздэне.

Чырвоны сцяг з белым вершнікам ужываўся да канца XVIII стагоддзя.

Апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1764—1795) карыстаўся малінавым сцягам з двума «хвастамі» і выявай вершніка на галоўным баку і вензелем уладара — SAR (лац.: Stanislaus Augustus Rex) на другім баку. Такі самы вензеля змяшчаўся на вяршыні дрэўка[2].[удакладніць: камент.]

Зноскі