Сядзіба акадэміка В. В. Пашкевіча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Сядзіба акадэміка В. В. Пашкевіча  — комплекс сядзібы з гадавальнікам лекавых раслін канца XIX ст. у в. Гаруцішкі Дзяржынскага раёна‎. Захавалася фрагментарна. «Фрагменты парку былой сядзібы акадэміка В. В. Пашкевіча» (другая палова XIX — пачатак ХХ стагоддзя) былі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі рашэннем Рады ад 16.03.1994 № 5.

Участак выдзелены акадэміку В. В. Пашкевічу (1856/1857—1939) ў 1894 годзе, сядзіба размяшчалася за 200 м ад царквы, сам навуковец лічыў яе «навуковай станцыяй», але тут былі звычайныя для сядзіб элементы — алея даўжынёй болей за 100 м, якая разыходзілася на прамавугольнік абсады, што ўтварала сядзібны двор. Абсада складалася як са звычайных ліп і ясеняў, так і з экзатычных сібірскіх кедравых хвояў і піхт, чарэшчатага дубу.

На двары было два невялікія драўляныя дамы, адзін для В. Пашкевіча, другі для яго брата Івана, двор вакол быў засаджаны кветкамі, пладовымі дрэвамі і кустамі — бэзам, алычой, парэчкамі, вінаградам, яблынямі і інш., адмысловымі клумбамі з лекавымі раслінамі. З захаду ад двара быў закладзены асобны пладовы сад. Паводле вуснай гісторыі, быў пруд з чарапахамі і тэрарыум са змеямі.

В. Пашкевіч пакінуў сядзібу падчас Першай сусветнай вайны. У 1920-я ў сядзібе створана дзяржаўная вопытная гаспадарка па даследаванні садовых і гародных культур. Пасля Другой сусветнай вайны гаспадарку закінулі, сады яшчэ былі да 1990-х гадоў. Дамы братоў Пашкевічаў аддадзены пад жытло калгаснікам, да цяперашняга часу захаваўся адзін з іх, перабудаваны і ў благім стане.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]