Тадэвуш Даленга-Мастовіч
| Тадэвуш Даленга-Мастовіч | |
|---|---|
| польск.: Tadeusz Dołęga-Mostowicz | |
| | |
| Асабістыя звесткі | |
| Псеўданімы | TEM, TM, C. hr. Zan |
| Дата нараджэння | 23 верасня 1900 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 20 верасня 1939[1] (38 гадоў) |
| Месца смерці | |
| Пахаванне | |
| Грамадзянства | |
| Прафесійная дзейнасць | |
| Род дзейнасці | журналіст, пісьменнік, сцэнарыст |
| Гады творчасці | з 1930 |
| Мова твораў | польская |
| Подпіс |
|
Тадэ́вуш Дале́нга-Масто́віч (польск.: Tadeusz Dołęga-Mostowicz, псеўданім: Т. М.; 10 (23) верасня 1900, Глыбокае, Дзісенскі павет, Віленская губерня[2] — 20 верасня 1939, Куты) — польскі пісьменнік, журналіст.
Біяграфічныя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сям'і Стэфана і Станіславы з Патаповічаў Мастовічаў ў мястэчку Глыбокае Дзісенскага павета. Бацька быў адвакатам у Глыбокім[2].
Бацька Тадэвуша арандаваў маёнтак, дзе вёў узорную гаспадарку, якая лічылася адной з лепшых у акрузе. Успаміны пра дзяцінства, якое прайшло ў атмасферы дабрабыту і спакою, і пра асяроддзе, у якім жыла мясцовая шляхта, ляжаць у аснове многіх аповесцяў Т. Даленга-Мастовіча.
Глыбоцкі дом Мастовічаў быў на вуліцы Беразвецкай, згарэў у час Другой Сусветнай вайны.
Пачатковую адукацыю атрымаў дома, потым вучыўся ў Віленскай гімназіі, якую скончыў у 1915 г. Падчас вучобы ў гімназіі ўдзельнічаў у нелегальных патрыятычных арганізацыях. Падчас вучобы ў Кіеўскім універсітэце быў членам Польскай ваеннай арганізацыі. Падчас польска-савецкай вайны, у 1919 годзе Тадэвуш Мастовіч добраахвотнікам пайшоў у польскую армію, дзе служыў да 1922 года.
З 1922 жыў у Варшаве, у 1922—1926 супрацоўнік газеты «Rzeczpospolita», займаўся літаратурнай творчасцю. Ужо пач. 1925 г. на старонках гэтай газеты з’яўляюцца артыкулы і фельетоны, падпісаныя псеўданімам Т.М.. У тым жа 1925 з’яўляюцца і першыя апавяданні. У 1926 пісаў пад новым псеўданімам — Далэнга. У гэты час пачынаецца яго кар’ера як журналіста, фельетаніста, пісьменніка. Тадэвуш Даленга-Мастовіч актыўна выступаў супраць рэжыму санацыі, у з’едлівых гумарэсках выкрываў антыдэмакратычную дзейнасць уладаў, за што аднойчы быў схоплены на вуліцы і жорстка збіты.
Падчас 2-й сусветнай вайны Т. Даленга-Мастовіч паблізу румынскай граніцы арганізаваў міліцыю, якая ў адсутнасць улады забяспечвала грамадскі парадак і бяспеку жыхароў мястэчка Куты. Трагічна загінуў у верасні 1939 г. пры невядомых акалічнасцях. Па адной з версій, пры выездзе з мястэчка ён быў ва ўпор расстраляны савецкім салдатам.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Пісаў на польскай мове. У 1924 пачаў пісаць вялікія творы. Вядомасць прынёс першы раман — «Кар’ера Ныкадыма Дызмы» — вострая сатыра на грамадска-палітычнае жыццё Польшчы часоў рэжыму Ю. Пілсудскага. У 1932 надрукаваныя аповесці «Ківоны», «Чэкі без аплаты», «Пракурор Аліцыя Горн» — у творах дадзеная характарыстыка палітычных з’яў тагачаснай Польшчы, жыцця мяшчанскага асяроддзя. Аўтар раманаў «Браты Дальч і Ко» (1933), «Свет пані Маліноўскай» (1934), «Знахар» (1937), «Прафесар Вільчур» і «Дзённік пані Ганкі» (1939) і інш.
У 1934 пачынаецца супрацоўніцтва Т. Даленга-Мастовіча з кінематографам. Да 1939 з 16 яго твораў было экранізавана 8. Найбольш папулярныя творы-сцэнарыі для фільмаў: «Іх дзіця», «Тры сэрцы», «Прафесар Вільчур». Беларускім гледачам найбольш вядомы фільм «Знахар».
Ушанаванне памяці
[правіць | правіць зыходнік]
У 1978 г. рэшткі Т. Даленга-Мастовіча былі перапахаваны ў Варшаве на Павонзках.
У Глыбокім на доме № 2 па вул. Савецкай у памяць Т. Даленга-Мастовіча ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
Беларускія пераклады
[правіць | правіць зыходнік]- Знахар: раман-фільм / Тадэвуш Далэнга-Мастовіч. — Вільнюс : Логвінаў, cop. 2016. — 290, [1] с. — (Калекцыя «ПрайдзіСвета») -- пераклады Ганны Янкуты, Марыны Казлоўскай, Марыі Пушкінай, Марыны Шода.
- Навуковае даследаванне класікі польскай літаратуры пачатку XX ст. з узорным перакладам: Тадэвуш Далэнга-Мастовіч «Кар’ера Нікадыма Дызмы» / Цэнтр лінгвакраіназнаўства «Студыя-Мовія», Лабараторыя літаратурнага перакладу; [навуковы рэдактар Інэса Кур'ян; пераклад з польскай мовы: Інэса Кур’ян, Наталля Кучмель, з удзелам Алеся Емяльянава; малюнкі Жоржа Барб’е]. — Мінск: ІВЦ Мінфіна, 2017. — 371, [1] с. : іл. ; 24 см. — На вокладцы: Сенсацыйнае чытанне. Класіка з каментарамі. — Бібліяграфія: c. 307. — Каментарыі і заўвагі: с. 308—371. — 25 экз. — ISBN 978-985-7168-65-1.
- Кар’ера Мікадзіма Дызмы. Тадэвуш Далэнга-Мастовіч. — Вільня : Logvino literatūros namai, 2023. — 380 с. ISBN 978-609-492-009-7 -- пераклаў Алесь Емяльянаў-Шыловіч.
Зноскі
- ↑ Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 12 жніўня 2015.
- 1 2 Łupacz Zmicier. Tajemnica autora "Znachora" ujawniona. Odnaleziono metrykę Dołęgi-Mostowicza (польск.). Centrum Europy (21 кастрычніка 2023).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Даленга-Мастовіч Тадэвуш // Энцыклапедыя ЛіМ. — Мн., 1984—1987. — Т. 1-5., 3 т.
- Кулажанка Л., Мальдзіс А., Сачанка С. Літаратурныя мясціны Беларусі: Краязн. даведнік: У 3 кн. Кн. 1.: Брэсц., Віцеб. і Гомел. вобл. — Мн.: БелЭн, 2000. — 288 с.
- Ермалёнак В. А. Тадэвуш Далэнга-Мастовіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Глыбоцкага раёна. — Мн.: БелЭн, 1995. — 454 с.: іл.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Тадэвуш Даленга-Мастовіч- Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць — Тадэвуш Даленга-Мастовіч(недаступная спасылка)