Талстоўства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Талстоўцы)

Талсто́ўства[1] — рэлігійна-філасофскі ўтапічны кірунак у грамадскай думцы Расіі ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя.

Талстоўства ўзнікла ў Расійскай імперыі ў 1880-х гадах пад уплывам ідэй Л. М. Талстога, якія ён выклаў у творах «Споведзь» (1884), «У чым мая вера?» (1884), «Крэйцарава саната» і іншых. Талстоўцы прапаведавалі «усеагульную любоў», «несупраціўленне злу насіллем», планавалі пераўтварэнне грамадства шляхам рэлігійна-маральнага самаўдасканалення, трактавалі хрысціянства як этычнае вучэнне, прапагандавалі першынство Евангелля перад Бібліяй, адмаўленне ад дасягненняў цывілізацыі, ад ваеннай службы і захоўвання зброі, шэраг абмежаванняў у харчаванні (адмова да табаку, алкаголю, мяса), адмаўленне ад эксплуатацыі жывёлы ў гаспадарцы) і інш. Ідэі талстоўцаў падтрымалі духаборы.

Талстоўцы вялі асветніцкую дзейнасць. У 1884 годзе У. Р. Чартковым і П. І. Біруковым было створана выдавецтва «Пасрэднік», якое выдавала кнігі для народа (творы Л. М. Талстога, А. П. Чэхава, Г. І. Успенскага і іншых аўтараў), дапаможнікі па аграноміі, ветэрынарыі, гігіене.

У Сімбірскай, Цвярской, Харкаўскай губернях, у Закаўказзі ўзніклі абшчыны талстоўцаў («культурныя скіты»), якія займаліся пераважна гаспадаркай. Ідэі талстоўства мелі паслядоўнікаў у Заходняй Еўропе, Японіі, Індыі[1][2]. У 1880—1900 гадах рабіліся спробы стварэння талстоўскіх абшчын у Англіі і Паўночнай Афрыцы[1][2].

Л. М. Талстой і У. Р. Чарткоў

Крытыка талстоўцамі праваслаўнай царквы, афіцыйнай рэлігіі, пропаведзь ураўняльных прынцыпаў, збліжэнне з сектантамі (малаканства, духаборства, штундызм[1]) выклікалі незадавальненне ўлад і царквы, і у 1897 годзе талстоўства было абвешчана непажаданай сектай. У 1901 годзе Леў Талстой быў адлучаны ад царквы, яго паслядоўнікаў арыштавалі і адправілі ў ссылку[1]. У 1920—1930-х гадах большасць абшчын талстоўцаў у Савецкай Расіі былі знішчаны, іх члены рэпрэсаваныя[3]. Разрозненыя абшчыны існавалі да 1980-х гадоў[3]. З 1992 года традыцыі талстоўства падтрымлівала рэлігійная асацыяцыя «Духоўнае адзінства»[3].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Талсто́ўства // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 408. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Толсто́вство // Т. 26. Тихоходки — Ульяново. — М. : Советская энциклопедия, 1977. — С. 49. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)
  • Толсто́вство // Философская энциклопедия: [в 5 т.] — Т. 5. Специальные системы — Яшты / гл. ред. Ф. В. Константинов. — М. : Советская энциклопедия, 1970. — С. 243. — 740 с. с ил., 1 л. порт. — 60 500 экз. (руск.)
  • Гусейнов А. А. Толстовство // Новая философская энциклопедия: В 4 т. (руск.) / Ин-т философии РАН, Нац. общ.-научн. фонд; Научно-ред. совет: предс. В. С. Степин, заместители предс.: А. А. Гусейнов, Г. Ю. Семигин, уч. секр. А. П. Огурцов. — М.: Мысль, 2010. — Т. 4. — С. 76—78. — 736 с. — 5 000 экз. — ISBN 978-2-244-01115-9., ISBN 978-2-244-01119-7 (т. 4)
  • Толсто́вцы // Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2004—2017.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]