Тамаш Міхайлавіч Грыневіч
| Тамаш Міхайлавіч Грыневіч | |
|---|---|
| Дата нараджэння | 1815 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 28 ліпеня 1863 |
| Месца смерці | |
| Гады службы | 1834—1844 |
| Званне | штабс-ротмістр |
| Бітвы/войны | паўстанне 1863—1864 гадоў |
Тамаш (Фама) Міхайлавіч Грыневіч (1815, Ніжняя Тошчыца, Рагачоўскі павет — 16 (28) ліпеня 1863, Рагачоў) — паэт, камандзір атрада ў Рагачоўскім павеце ў часе Паўстання 1863—1864 гадоў.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]
Нарадзіўся ў маёнтку Ніжняя Тошчыца (цяпер — Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці). Каталік. Пляменнік памешчыка Івана Нікадзімавіча Грыневіча, уладальніка сядзібы Чырвоны Бераг.
У 1834—1844 гадах — на вайсковай службе. Выйшаў у адстаўку ў чыне штабс-ротмістра і пасяліўся ў родавым маёнтку Верхняя Тошчыца Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер — Быхаўскі раён Магілёўскай вобласці).
Падчас Паўстання 1863—1864 гадоў у красавіку 1863 года арганізаваў паўстанцкі атрад ў Рагачоўскім павеце і стаў яго камандзірам. Атрад не паспеў разгарнуць актыўных дзенняў. Паўстанцы, падпаручнік Станіслаў Дзержаноўскі-Станіславовіч разам з 4 памешчыкамі і ксяндзом Бугенам па дарозе ў Тошчыцу былі схоплены сялянамі. Асноўныя сілы паўстанцкага атрада Грыневіча пайшлі на выручку таварышаў, але натыкнуліся на роту Смаленскага запаснога палка.
Завязалася перастрэлка. Калі падышла другая рота салдатаў 4-га рэзервовага батальёна Чарнігаўскага пяхотнага палка на чале са штабс-капітанам Міхайлавым, паўстанцы вымушаны былі адступіць. У палон патрапіла 38 паўстанцаў. На наступную раніцу падышлі свежыя сілы царскіх войскаў і пачалі прачэсваць лес. У адной з сядзіб быў знойдзены паранены Тамаш Грыневіч. Ён быў схоплены і дастаўлены ў турму ў Магілёве.
У турме ён вёў дзённік, рабіў малюнкі (на адным з іх выяўлены надмагільны крыж з якарам). Вядомыя некалькі вершаў з яго дзённіка[1]. У Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы захоўваецца ягоны верш «Песня прыгаворанага да смерці…»[2]
16 (28) ліпеня 1863 года, па прысудзе ваенна-палявога суда, Тамаш Грыневіч быў публічна расстраляны ў Рагачове.
Ушанаванне памяці
[правіць | правіць зыходнік]
На месцы пахавання Грыневіча на старых гарадскіх могілках у другой палове XIX стагоддзя быў усталяваны вялікі дубовы крыж, які прастаяў да 1980-х гадоў. У пачатку 1990-х гадоў мясцовымі краязнаўцамі прадпрымаліся спробы аднавіць памятны знак, але гэта так ні да чаго не прывяло[1].
Вобраз Грыневіча стаў прататыпам Усяслава Грынкевіча ў творах Уладзіміра Караткевіча «Нельга забыць» і «Каласы пад сярпом тваім». Не выключана таксама, што Грыневіч быў продкам пісьменніка па мацярынскай лініі.
У 2015 годзе ў Рагачове грамадскія актывісты аднавілі памятны знак Тамашу Грыневічу[2].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ а б У Рагачове аднаўляюць памятны знак герою паўстаньня 1863 году Тамашу Грыневічу(недаступная спасылка). // Будзьма беларусамі, 25 жніўня 2015. (бел.)
- ↑ а б Адзін з самых трагічных і рамантычных помнікаў Беларусі знаходзіцца ў Рагачове. — Жывы журнал, 18 кастрычніка 2015. (бел.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 163—164
- Федосов Д. Г. «Об одной ветви Гриневичей герба Przyjaciel. Родословный очерк». Almanach Historyczny. Kielce, 2019. T. 21, s. 55-99.