Таніт
| Таніт | |
|---|---|
| Стэла з выявай Таніт | |
| багіня Месяцу | |
| Міфалогія | Фінікійская |
| Сфера ўплыву | Карфаген і Месяц |
| Пол | жанчына |
| Муж | Баал |
| У іншых культурах | Цэлеста |
Тані́т — фінікійская багіня месяцу, заступніца Карфагена.
Шанаванне
[правіць | правіць зыходнік]Паходжанне культу і імя Таніт застаецца спрэчным. Некаторыя даследчыкі лічаць, што яны былі запазычаны карфагенянамі ў бербераў Паўночнай Афрыкі, іншыя сцвярджаюць, што Таніт — старадаўняя фінікійская багіня, і яе імя перакладаецца як «тая, хто аплаквае». У антычных тэкстах яе называлі тварам Баала, дамай Карфагена. У гэтым горадзе будавалі прысвечаныя ёй храмы. Сведчанні шанавання Таніт знойдзены ў Ліване, Ізраілі, а таксама ў Гібралтары, на Сіцыліі, Мальце, Ібіцы і ў іншых месцах Заходняга Міжземнамор’я.
У міфалогіі Таніт звязвалася з месяцам, зоркамі, вадою, каханнем, пладавітасцю. Існаваў звычай прынясення ёй у ахвяру малых дзяцей.
Рымляне называлі Таніт Цэлестай і атаясамлялі з Юнонай Люцынай, заступніцай родаў і малых дзяцей.
Сімвалы
[правіць | правіць зыходнік]У Таніт меўся канкрэтны, добра пазнаваемы сімвал — трохкутнік, прамая лінія і акружнасць над ім. Звычайна гэта тлумачыцца як жаночая постаць у шырокай сукенцы з разведзенымі ў бакі рукамі. Акрамя таго, выявы багіні суправаджаліся сімваламі месяцу, вады, рыб і драпежных птушак.