Перайсці да зместу

Фінікійцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фінікійцы
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Фінікія, Карфаген
Мова фінікійская
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы старажытныя яўрэі, амарэі, ідумеі

Фінікі́йцы, або ханаа́нцы  — старажытны заходні семіцкі народ, насельнікі Фінікіі. У выніку каланізацыі ў першай палове 1 тысячагоддзя да н. э. рассяліліся амаль па ўсяму ўзбярэжжу Міжземнага мора. Найбольш вядомая фінікійская калонія — Карфаген.

Фінікія — вузкая паласа сушы паміж Міжземным морам і горнай сістэмай Лівана, заходняя акраіна Урадлівага паўмесяца, найстаражытнейшага месца, дзе ўзнікла земляробства. Заходнесеміцкія плямёны перасяліліся сюды з Аравійскага паўвострава або з паўночнага Міжрэчча каля 5 тысячагоддзя да н. э.[1] У 4 — 1 тысячагоддзях яны сфарміравалі стракатую ў палітычным плане ханаанскую цывілізацыю. Даследаванні палеагенетыкаў сведчаць пра тое, што генетычная спадчына фінікійцаў не адасаблялася ад іншых ханаанцаў[2]. У канцы 2 тысячагоддзя да н. э. пачынаецца росквіт фінікійскіх гарадоў, звязаных з Міжземным морам.

Упершыню фінікійцаў з Сідона як асобны народ вылучыў Гамер[3]. Герадот паведамляў, што фінікійцы паходзяць з Індыі. У XX ст. навукоўцамі былі высунуты іншыя тэорыі паходжання фінікійцаў[4]. Першая была заснавана на тым назіранні, што фінікійскія гарады паўсталі пасля нашэсця народаў мора. Адсюль рабілася выснова, што фінікійцы — нашчадкі старажытных ханаанцаў і перасяленцаў эпохі катастрофы бронзавага века. Археалагічныя раскопкі паказалі, што нашэсце народаў мора не прывяло да разбурэння старых гарадскіх паселішчаў у канцы 2 тысячагоддзя да н. э. Таму мяркуецца, што фінікійскія гарады не былі заваяваны. Народы мора аселі на навакольных сельскіх тэрыторыях, а таму незаваяваная частка ханаанцаў здолела вылучыцца як фінікійцы.

Фінікійская каланізацыя

З канца 2 тысячагоддзя да н. э. фінікійцы вялі актыўную каланізацыю ўзбярэжжа Міжземнага мора і нават блізкіх берагоў Атлантычнага акіяна. Ва ўсходнім Міжземнамор’і першыя фінікійскія калоніі ўзніклі на Кіпры, дзе фінікійцы здолелі заключыць пагадненне або выціснуць з паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжа папярэднікаў-мікенцаў. Кіпр з’яўляўся важным месцам здабычы медзі, патрэбнай для вытворчасці бронзы. Галоўным эканамічным і палітычным цэнтрам мясцовых фінікійскіх уладанняў стаў Кітыён, у якім у VIII — V стст. да н. э. кіравала фінікійская дынастыя ўладароў[5]. Акрамя таго, сталыя фінікійскія калоніі існавалі на астравах Родас, Сантарын, Серыфас, Крыт і інш.[6]

Перасяленне фінікійцаў у Егіпет магло пачацца ў 2 тысячагоддзі да н. э., калі прыбярэжныя ханаанскія гарады апынуліся пад уладай фараонаў. У 1 тысячагоддзі да н. э. фінікійцы сяліліся ў дэльце Ніла, на Сінайскім паўвостраве, а таксама ва ўнутраных землях. Герадот узгадваў фінікійскую калонію Ціра каля Мемфіса. У Егіпце фінікійцы займаліся традыцыйнымі мараходнымі і гандлёвымі справамі, але сярод іх таксама вылучаўся пласт рамеснікаў-вытворцаў пасудзін і ювелірных вырабаў[7]. Герадот паведамляў, што па загаду фараона Нехо фінікійцы здзейснілі марскую вандроўку вакол Афрыкі[8].

У Заходнім Міжземнамор’і фінікійцы здолелі стварыць разгалінаваную сетку калоній, якія кантралявалі асноўныя гандлёвыя шляхі і стваралі шмат перашкод для грэчаскай каланізацыі. Найстаражытнейшымі калоніямі былі Гадэс, заснаванне якога прынята адносіць да 1101 г. да н. э., на атлантычным узбярэжжы сучаснай паўднёвай Іспаніі, Утыка (1178 г. да н. э.) і Карфаген (814 г. да н. э.) на поўначы Афрыкі. Акрамя таго, у першай палове 1 тысячагоддзя да н. э. на афрыканскім узбярэжжы былі заснаваны Хадрумет, Лептыс-Магна (гл. Трыпалітанія), Танжэр, у Іспаніі — Малака, Сэксі, на Сіцыліі — Панорм, Марсала, на Сардзініі — Кальяры, на Апенінскім паўвостраве — Генуя і г. д. У VII ст. да н. э. фінікійцы каланізавалі Мальту[9][10]. Некаторыя фінікійскія калоніі самі з’яўляліся заснавальнікамі калоній. Так, у 653 г. да н. э. Карфаген каланізаваў Ібіцу, а ў 228 г. да н. э. заснаваў Новы Карфаген.

Відавочна, заснаванне калоній адбывалася рознымі шляхамі. У некаторых выпадках ініцыятарамі маглі выступаць манархі фінікійскіх гарадоў, аднак галоўная роля належала сямейным гандлёвым кампаніям суднаўладальнікаў, багатыя магільні якіх знойдзены на тэрыторыі Фінікіі. Пра Карфаген вядома, што яго заснавальнікамі былі палітычныя ўцекачы. Асаблівую актыўнасць у асваенні далёкіх зямель дэманстравалі жыхары Тыра, невялікага, але вельмі шчыльна заселенага горада на востраве. Да пераезду ў калоніі іх мог вымушаць недахоп жытла і сродкаў існавання на радзіме. На новых землях яны здабывалі металы, вялі гандаль з мясцовым насельніцтвам. Карфагеняне ахвотна мяшаліся з тубыльцамі і мігрантамі з іншых краін.

Асноўны перыяд каланізацыі прыйшоўся на VIII — V стст. да н. э. Заняпад Тыра, выкліканы паходам вавіланян, прывёў да крызісу некаторых калоній. Яны былі пакінуты фінікійцамі. Аднак многія працягвалі існаваць. Звычайна яны мелі сваё самакіраванне і нават адбівалі свае манеты. У V — III стст. да н. э. адбылося ўзвышэнне Карфагена, улада якога, аднак, успрымалася іншымі калоніямі не заўсёды прыязна. Так, у Трэцяй Пунічнай вайне Утыка падтрымала рымлян. У 146 г. да н. э. рымляне захапілі і разбурылі Карфаген. Астатнія калоніі і сама Фінікія былі паступова ўключаны ў склад рымскай дзяржавы.

Фінікійскі карабель, 2 тыс. да н. э.

Сельская гаспадарка ўзнікла на тэрыторыі Фінікіі задаўга да прыходу сюды заходніх семітаў. Хаця ўрадлівыя землі займалі адносна невялікую плошчу паміж морам і гарамі, тут вырошчвалі разнастайныя культуры — збожжавыя, гародніну, лён, масліны, фінікі, вінаград, гранаты. Фінікавая пальма з’яўлялася сімвалам адразу некалькіх фінікійскіх гарадоў. Віно з Фінікіі ўзгадвалася грэкамі і егіпцянамі. Аднак сваёй сельскагаспадарчай прадукцыі не хапала, таму са старажытных часоў Бібл і іншыя фінікійскія гарады завозілі збожжа, воўну і лён з Егіпта, Палесціны і Месапатаміі. У VIII — II стст. да н. э. галоўным цэнтрам сельскагаспадарчай вытворчасці стала Паўночная Афрыка вакол Карфагена і Утыкі. Карфагеняне славіліся сваімі ведамі ў вырошчванні збожжавых, садаводстве, жывёлагадоўлі, пчалярстве. З поўначы Афрыкі ў іншыя краіны вывозілі збожжа, каровіну і авечую скуру, некалькі гатункаў воску, яйкі страусаў. Страусаў разводзілі дзеля яечнай шкарлупіны і пер’я, якія дорага каштавалі ў еўрапейскіх краінах і на Блізкім Усходзе.

Аднак фінікійцы звычайна асацыююцца не з сельскай гаспадаркай, а з жыццём у гарадах. Гарадскія паселішчы ўзніклі ў канцы 3 — пачатку 2 тысячагоддзяў да н. э. У пісьмовых крыніцах Егіпта і Месапатаміі доўгі час узгадваўся толькі Бібл як галоўны экспарцёр каштоўнай хвойнай драўніны. У сярэдзіне 2 тысячагоддзя да н. э., калі Фінікія трапіла ў залежнасць ад фараонаў, у егіпецкіх дакументах пералічваліся іншыя гарады, у тым ліку Тыр, Арвад, Сідон і інш. Тыр дамінаваў у першай палове 1 тысячагоддзя да н. э. Пасля яго разбурэння вавіланянамі першынство на кароткі час атрымаў Сідон.

Галоўнымі заняткамі гараджан з’яўляліся рамяство, марская справа і гандаль. Фінікійскія рамеснікі былі выдатнымі апрацоўшчыкамі драўніны, металаў, ганчарамі, будаўнікамі. Фінікійскія будаўнікі прымалі ўдзел у пабудове і аздабленні храма Саламона ў Іерусаліме. Ткацтва, відавочна, з’яўлялася хатняй справай, якой займаліся жанчыны, але ільняныя і ваўняныя фінікійскія тканіны высока цаніліся не з-за іх якасці, а дзякуючы рознакаляровай афарбоўцы. Фінікійскія майстры першымі ў свеце вынайшлі пурпур[11]. Значныя прыбыткі прыносіла вытворчасць шкла і ювелірных вырабаў.

Фінікійцы славіліся як выдатныя маракі. Паводле Герадота, яны першымі абышлі вакол Афрыкі. Карфагеняне Гімількон і Ганон сталі вядомымі дзякуючы экспедыцыям у Атлантыку. Поспеху на моры садзейнічала развіццё суднабудавання[12]. Фінікійцы першымі пачалі будаваць вялікія караблі з высокімі бартамі, круглым дном, асобнымі трумамі, палубамі, абабітымі дошкамі. Звычайна караблі рабіліся з некалькіх гатункаў драўніны, мелі дзве мачты і два шэрагі вёслаў.

Фінікійцы імкнуліся засноўваць свае паселішчы ў невялікіх бухтах, на астравах або ўздоўж рэчышч, што дазваляла, з аднаго боку, быць блізкімі да мора, з другога — эфектыўна абараняцца. Так, горад Тыр, заснаваны ў 2750 г. да н. э., здаўна падзяляўся на дзве часткі — астраўную гандлёвую, непасрэдна сам Тыр («каменны»), і старую мацерыковую Ушу. Астраўная частка была найлепш умацавана, таму падчас шматгадовай аблогі вавіланянамі (585 — 573 гг. да н. э.) насельніцтва Ушу хавалася ў Тыры[13]. Для забеспячэння жыхароў вострава пітною вадою выкарыстоўваліся крыніцы на марскім дне, адкуль у горад вада паступала па скураным вадаправодзе. Астраўным горадам таксама быў Арвад. Берыт быў заснаваны на недасяжным скалістым мысе[14].

Большасць захаваных будынкаў (палацаў, умацаванняў, магільняў) пабудавана з каменю — вапняку або пясчаніку. Вядомы будынкі, якія цалкам або напалову выразаліся ў скалах. На Мальце будаваліся цыклапічныя муры[15]. Разгалінаваную сістэму ўмацаванняў меў Карфаген. Пры ўзвядзенні каменных будынкаў фінікійцы амаль не выкарыстоўвалі раствор і аддавалі перавагу шчыльнай падгонцы каменных блокаў, аднак сцены абавязкова тынкавалі. Мяркуецца, што жытлы простых жыхароў рабіліся з гліны і цэглы. У Карфагене сустракаліся двухпавярховыя дамы. Першы паверх быў каменны, другі — драўляны.

Выява са слановай косці «Жанчына ў акне», IX—VII стст. да н. э.

Фінікійскае мастацтва эклектычнае. Яно ўвабрала рысы, характэрныя для суседніх народаў Егіпта, Грэцыі, Малой Азіі і Месапатаміі. Захаваныя прадметы мастацтва прадстаўлены пераважна ювелірнымі вырабамі, керамікай, скрынямі са слановай косці, выявамі ў магільнях і на стэлах. Яны сведчаць пра тое, што фінікійцы былі выдатнымі мастакамі і разьбярамі. Знойдзены выявы людзей, жывёл, раслін, арнаментаваныя ўпрыгожванні. Асобную рэдкую крыніцу ўяўляюць пахавальныя тэракотавыя маскі звычайнага і гратэскавага выгляду[16].

Фінікійцы аддавалі перавагу рознакаляровым тканінам з воўны, льну, бавоўны, шоўку. У дарагое шаўковае валакно ўпляталі ваўняныя ніткі. З шаўковых тканін рабілі плашчы. Пафарбаваныя ў пурпур, яны мелі незвычайна высокі кошт і высока цаніліся за межамі Фінікіі. Простыя тканіны таксама фарбаваліся і аздабляліся вышыванымі карункамі[17].

Мужчыны апраналі плісіраваны саронг, падперазаны рамянём з зашпількай-урэяй, шапку, скураныя боты, на шыі — амулеты. Жанчыны апраналі спадніцы з фальбонамі, доўгія кашулі, перавязаныя поясам з двума пэндзлікамі, на галаве — маленькую круглявую шапку. Мужчыны не галілі твар. І мужчыны, і жанчыны мелі доўгія валасы. У магільнях знойдзены разнастайныя мужчынскія і жаночыя ўпрыгожванні са шкла, золата, срэбра і г. д.[18]

Фінікія не мела дзяржаўнага адзінства. Кожны горад уяўляў сабою асобную дзяржаву. Паміж гарадамі-дзяржавамі існавала сталая канкурэнцыя, а часам — бязлітасная барацьба. На чале гарадоў стаялі манархі, імёны якіх вядомы па дакументах ужо 2 тысячагоддзя да н. э. Аднак у канцы 2 тысячагоддзя да н. э. — 1 тысячагоддзі да н. э. улада манархаў паступова саступае алігархічнай форме кіравання, узгадваюцца грамадскія суды і прадстаўнічыя органы ўлады. Найлепш вывучана дзяржаўнае кіраванне Карфагена, дзе асноўная ўлада апынулася ў 300 чальцоў арыстакратычных сем’яў. З іх ліку выбіралася ўрадавая рада з 10 або 30 чалавек, а таксама 2 суддзі суфет. У Карфагене меўся народны сход, але яго ўплыў пашырыўся толькі падчас Пунічных войн[19].

Сем’і звычайна былі малыя нуклеарныя, аднак існавала пашыраная родавая арганізацыя. Менавіта роды кантралявалі ўладу, рамесныя і гандлёвыя арганізацыі. Згодна з блізкаўсходнімі, грэчаскімі і рымскімі крыніцамі, у ханаанцаў меўся звычай прыносіць у ахвяру немаўлят. Дзіцячыя ахвярапрынашэнні пацверджаны археалагічнымі знаходкамі ў Карфагене і Фінікіі[20][21].

Фінікійская мова па марфалогіі і лексіцы блізкая да старажытнаяўрэйскай, у старажытны час шырока выкарыстоўвалася як міжнародная на Блізкім Усходзе, поўдні Еўропы і поўначы Афрыкі. Найбольш старыя запісы зроблены клінапісам і егіпецкімі іерогліфамі. У сярэдзіне 2 тысячагоддзя да н. э. распаўсюдзілася фінікійскае пісьмо — першая вядомая фанетычная сістэма пісьма.

Рэлігія фінікійцаў была політэістычнай і брала свой пачатак у старажытных ханаанскіх вераваннях. Імёны багоў забаранялася вымаўляць, таму яны замяняліся зваротамі і эпітэтамі. Вярхоўнага бога называлі папросту Эл («бог»), а яго жонку — элат («багіня»). Распаўсюджаныя эпітэты для іншых багоў: баал («валадар»), баалат («валадарка»), мельк («гаспадар»), адон («вышэйшы гаспадар»), аш («дух»). У старажытных ханаанскіх тэкстах Угарыта ўзгадваўся бог-грамабой Баал у выглядзе быка, але ў пазнейшы час яго імя выкарыстоўвалася толькі як эпітэт розных багоў — Баалхамон (бог сонца, «валадар спякоты»), Баалшамем («валадар неба»), Баалцор («валадар Тыра») і інш. Значную ролю ў пантэоне адыгрывалі багі-заступнікі пэўных гарадоў. Фінікійцы запазычылі культы некаторых іншаземных багоў, у тым ліку Амона і Астарты, аднак і іх багі (Адоніс, Баал, Таніт, Малох) былі вядомы за межамі фінікійскага свету.

Відавочна, у фінікійцаў меліся хатнія культы багоў і духаў, што абаранялі род. Аднак у гарадах таксама будаваліся вялікія храмы для супольных патрэб. У Фінікіі і Карфагене практыкаваліся дзіцячыя ахвярапрынашэнні. Культ багіні Астарты ўключаў храмавую прастытуцыю.