Татарскія могілкі (Узда)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Татарскія могілкі
53°26′58″ пн. ш. 27°14′43″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Краіна
ВобласцьМінская вобласць
РаёнУздзенскі раён
МесцазнаходжаннеУзда 
Гісторыя
Дата заснаванняXIX стагоддзе 
Map

Татарскія могілкі (афіцыйна Мусульманскія могілкі, сярод мясцовых татараў — мізар) — могілкі ў г. п. Узда Мінскай вобласці.

Знаходзяцца ў канцы вуліцы Лугавой, з паўночнага боку. З поўдня прымыкаюць да лесу, з поўначы і ўсходу — поле, з захаду — луг. Мясцовасць раўнінная, перапады вышыняў каля 1 м. Глеба пераважна пясчаная. Расліннасць — трава, барвенак, мох. Дрэвы — хвоя, бяроза, елка, граб.

Могілкі закладзеныя ў першай палове XIX ст. Першыя надпісы датуюцца 1850 годам (Фурша з Раецкіх, помнік каменны, надпісы зробленыя высяканнем). Ва Уздзе да 1935 года існавала мячэць.

Помнікі ў асноўным каменныя, у XX ст. часткова бетонныя. Сямейныя агароджы канца XX ст. У XIX ст. форма надмагілляў была няправільнай або трапецыйнай, у XX ст. — трапецыйнай або прамавугольнай. 5 надмагілляў у форме дубоў са зрэзанымі галінамі. Пасля вайны сталі хаваць немусульман.

Надпісы дасавецкага перыяду выкананыя арабскай графікай на польскай, арабскай, рускай мовах, даваеннага перыяду — арабскай і рускай графікай, паваеннага перыяду — рускай. Лацінка не выяўленая.

Могілкі аточаныя ровам і валам па ўсім перыметры, з 2009 года абгароджаныя металічнай сеткай. Уваходы 2, адзін з поўдня для людзей і машын, другі з усходу для людзей. Ранейшы ўваход быў з захаду.

У 1998 польскім даследчыкам Андрэем Драздом праводзілася апісанне могілак з фотафіксацыяй. Вынікі апублікаваныя ў кнізе «Meczety i cmentarze tatarów polsko-litewskich».

Вядомыя асобы, пахаваныя на могілках[правіць | правіць зыходнік]

  • Сюляйман сын Алі Александровіч (1786? — 1867) — першы імам мячэці ва Уздзе
  • Мустафа сын Алі і Евы Міськевіч (1819—1891) — другі імам мячэці. Перапісчык рэлігійных кніг
  • Іосіф Мустафавіч Якубоўскі (1848—1934) — удальнік фальварка Слабодка (Загрэбля). Буйнейшы землеўласнік сярод татараў ва Уздзе.
  • Алі Якубавіч Хасяневіч (1872—1962) — маёр царскай арміі, выконваў абавязкі імама падчас вайны і ў пасляваенны перыяд.
  • Адам Якубавіч Александровіч (1923—2000) — гісторык, выкладчык, краязнаўца
  • Айша Браніславаўна Александровіч (1947—2007) — мастачка, дызайнер народнага адзення.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]