Традыцыя шанавання Святога каменя (Крамянец)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Шанаванне Святога Каменятрадыцыя, распаўсюджаная ў вёсцы Крамянец, Лагойскага раёна Мінскай вобласці ў Беларусі. Камень-следавік шануецца мясцовымі жыхарамі як святы камень, здольны дараваць дабрабыт і здароўе, выклікаць дождж. Людзі вераць, што сляды на камені пакінутыя Богам, калі той спускаўся з нябёсаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Лагойшчына багатая на камяні, якія былі прынесены са Скандынавіі апошнім ледавіком. Шмат камянёў па-ранейшаму ва ўяўленнях мясцовых жыхароў надзелены сакральным значэннем. Па іх меркаванню. звычайныя камяні растуць, а святыя — не. Вялікая колькасць камянёў у рэгіёне, у тым ліку «сакральных», абумовіла трывалае развіццё і захаванне традыцыі шанавання камянёў-следавікоў.

Здаўна жыхары вёска Крамянец лічылі мясцовы камень-следавік святым. Яго так і называюць — Святы камень. Іншай назвы сучасныя жыхары не памятаюць. У 1980-х гг. яго даследаваў доктар геолага-мінералагічных навук з НАН Беларусі Эрнст Ляўкоў, а таксама геолагі Аляксандр Карабанаў і Валерый Вінакураў. Тады 74-гадовая жыхарка Крамянца Зося Рогач расказала, што камень таксама называлі Богаў, Дажбогаў. Хадзілі да яго на Вялікдзень, на Яна, Яблычны Спас, па нядзелях. На Вялікдзень ішлі да ўсходу сонца і неслі чырвоныя яйкі, пірог[be-tarask], грошы. Мылі твар, вочы, ногі. У засуху да каменя ішлі дзевяць удоў[be-tarask], высякалі калы ў рост чалавека і падважвалі імі камень — на трэці дзень ішоў дождж. Каб спыніць ужо непатрэбны дождж, калы вымалі з-пад каменя. Той, хто прыходзіў да каменя, спачатку клаў ахвяру (грошы, палатно, кветкі, хлеб, яблыкі, пернікі).

Мясцовыя жыхары таксама сведчаць, што раней ля валуна былі капліца і крынічка, вада з якой лічылася вельмі чыстай і карыснай, святой. Існуе паданне пра паходжанне выемак (слядоў) на камяні.

" Мне людзі гаварылі., — сведчыць Зося Рогач, што Бог спусціўся з неба, пастаяў, падняўся, ізноў пайшоў, адкуль прыйшоў. Сляды засталіся. …Відаць там, два следы». Іншая жыхарка в. Крамянец перадае паданне, пачутае ёю ад свёкра 1912 г н.: «На кладбішчы будавалі капліцу, і поп захацеў пры ёй зрабіць святыню. На 4-х парках коней прывезлі Святы камень і паклалі ў фундамент. Эта ж спрадвеку людзьмі перадаецца! І пайшоў дождж. І такі, што проста немагчыма. Тады некаму прысніўся сон, у ім камень гаварыў, што будзе столькі ісці дождж, пакуль ён поўнасцю не схаваецца ў ваду. А кладбішча ў нас на гары, высока… Тады пагрузілі камень і адвезлі на месца — толькі адной парай коней. І дождж сціх. "

Цяперашні час[правіць | правіць зыходнік]

Для жыхароў в. Крамянец Святы камень з’яўляецца аб’ектам культурнай памяці. Адначасова ён — месца шанавання і пакланення. Як сакральны аб’ект, ён падтрымліваецца вернікамі абодвух канфесій — праваслаўнай і каталіцкай. Да каменя заходзяць каталіцкія паломнікі, што ідуць штогод у Будслаў на фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай. Дары, якія прыносяць да каменя, часта асвячаюць у праваслаўнай царкве.

Ахоўны статус[правіць | правіць зыходнік]

Святы камень ля в. Крамянец ахоўваецца дзяржавай як адметны помнік прыроды з 1987 г. Ля каменя ўстаноўлены ахоўны знак, а ў вёсцы — указальнік, у якім напрамку ісці да каменя. У 2016 г. традыцыі шанавання Святога каменя в. Крамянец, Лагойскага раёна Мінскай вобласці быў нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Яна была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр — 63Б0000106).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]