Трыбуна мастацтва (1925)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Трыбуна мастацтва
Мова: беларуская
Тыраж:

«Трыбуна мастацтва» — беларускі тэатральна-мастацкі ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў лютым — чэрвені 1925 г. у Мінску. Цэнтральным праўленнем саюза работнікаў мастацтва Беларусі (з № 8 разам з Белдзяржкіно). Матэрыялы друкаваліся на беларускай і рускай мовах. У праграму выдання ўваходзіла грамадскае абмеркаванне праблем мастацкай творчасці, пошуку жывой сувязі мастацтва і літаратурна-мастацкай крытыкі з народнымі масамі, распрацоўка эстэтычны прынцыпаў беларускага мастацтва, выяўленне ў ім нацыянальнага стылю, развіццё мастацкай самадзейнасці. Рэдакцыя давала магчымасць выказаць свае погляды прадстаўнікам розных кірункаў у мастацтве з умовай, каб пытанні мастацкай творчасці разглядаліся «ў сувязі з агульнымі задачамі рабочага класа». У рэцэнзіях, аналітычна-праблемных і дыскусійных артыкулах часопіс змагаўся за высокі ідэйна-мастацкі ўзровень творчасці тэатральных і музычных калектываў, кінематографа, дзеячаў выяўленчага і прыкладнога мастацтва. Выступаў за ўсебаковае развіццё беларускай культуры. Імкнуўся пераадолець правінцыялізм у поглядах на беларускае мастацтва толькі як на этнаграфічнае, заснаванае на стылізацыі фальклорных тэм, вобразаў і матываў. Аўтары асобных артыкулаў прапаноўвалі авангардысцкую і пралеткультаўскую праграму сацыялістычнага мастацтва. Часопіс знаёміў з беларускай літаратурай, адзначыў юбілеі А. Гурло, Е. Міровіча, змяшчаў партрэты пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва. Друкаваў рэпертуар тэатраў і кіно Мінска і Віцебска. Інфармаваў пра асноўныя мастацкія падзеі ў рэспубліках і за мяжой. У часопісе супрацоўнічалі Я. Барычэўскі, С. Вальфсон, Ю. Дрэйзін, Я. Дыла, Зм. Жылуновіч, М. Каспяровіч, Е. Міровіч, М. Шчакаціхін і інш. Выйшлі 14 нумароў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Конан, У. М. «Трыбуна мастацтва» / У. М. Конан // Беларуская энцыклапедыя. Т.15. — Мн., 2002. — С. 543.