Тры буслы
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/e/e5/%D0%9C%D0%B8%D0%BD%D1%81%D0%BA._%D0%9F%D0%BB%D0%BE%D1%89%D0%B0%D0%B4%D1%8C_%D0%9D%D0%B5%D0%B7%D0%B0%D0%B2%D0%B8%D1%81%D0%B8%D0%BC%D0%BE%D1%81%D1%82%D0%B8_-_panoramio.jpg/220px-%D0%9C%D0%B8%D0%BD%D1%81%D0%BA._%D0%9F%D0%BB%D0%BE%D1%89%D0%B0%D0%B4%D1%8C_%D0%9D%D0%B5%D0%B7%D0%B0%D0%B2%D0%B8%D1%81%D0%B8%D0%BC%D0%BE%D1%81%D1%82%D0%B8_-_panoramio.jpg)
Тры буслы — скульптурная кампазіцыя святломузычнага фантана на плошчы Незалежнасці ў Мінску, размешчаная на шкляным купале над атрыумам гандлёвага цэнтра «Сталіца». З’яўляецца цэнтральнай кампазіцый мастацка-дэкаратыўнага афармлення плошчы, якая была задумана і зацверджана ў 2006 годзе, але па тэхнічных прычынах пры добраўпарадкаванні плошчы не рэалізавана. Устаноўлена ў канцы чэрвеня 2009 года. Аўтары «Трох буслаў» — скульптары Алена Хараберуш і Леанард Пакульніцкі. Аўтар гербаў абласных гарадоў на фантане — скульптар Алег Купрыянаў[1]. Праект добраўпарадкавання плошчы распрацаваны архітэктарамі Міхаілам Гаўхфельдам, Вячаславам Данілавым, Віктарам Нікіціным, Аляксандрам Чудовічам («Мінскпраект»).
Вышыня скульптуры, выкананай з сілуміну, складае 4 метры. Скульптурная кампазіцыя адлюстроўвае буслоў, якія вылятаюць з буслянкі, метафарычна звітай з кароны дубу, снапоў жыта і вянка. Паводле Алены Хараберуш, сааўтара скульптуры: «Буслы — гэта сімвал любові да радзімы, а таксама гэта сям’я. Можа, гэта і трывіяльна, аднак плошча Незалежнасці, нягледзячы на яе новы выгляд, зусім не навабуд, таму штось авангарднае было б для яе непрыдатнае»[2].
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/4/49/Mn_mos.png)
Скульптура змешчана на эмблеме Маскоўскага раёна Мінска. Паводле апісання, тры буслы сімвалізуюць тры рэспублікі: Беларусь, Расію і Украіну, аб’яднаныя вянком дружбы народаў і агульным гняздом, — адзінай гісторыяй трох краін[3].
Зноскі
- ↑ Аисты в Минске. 26.06.2009(недаступная спасылка)
- ↑ Бронзавыя буслы ўпрыгожаць плошчу Незалежнасці. Навіна аддзяленняў ад 31 мая 2007 Архівавана 27 чэрвеня 2019.
- ↑ Символика района