Туркі (Бабруйскі раён)
Вёска
Туркі
| ||||||||||||||||||||||||
Туркі́[1] (трансліт.: Turki, руск.: Турки) — вёска ў Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Варатынскага сельсавета.
Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]
Вёска знаходзіцца за 30 км на паўднёвы ўсход ад Бабруйска, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Цялуша на лініі Бабруйск-Жлобін, пры аўтамабільнай дарозе М-5 Мінск-Гомель. На захад ад вёскі працякае рака Ала (левы прыток Бярэзіны, басейн Дняпра).
Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]
- 1838 год — 170 жыхароў мужчынскага полу
- 1857 год — 318 жыхароў
- 1885 год — 526 жыхароў
- 1987 год — 598 жыхароў
- 1907 год — 679 жыхароў
- 1917 год — 761 жыхар
- 1926 год — 807 жыхароў
- 1959 год — 612 жыхароў
- 1979 год — 510 жыхароў
- 1986 год — 397 жыхароў
- 1997 год — 404 жыхары
- 2007 год — 360 жыхароў
- 2014 год — 311 жыхароў
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Вядома з Попісу войска ВКЛ у 1567 годзе. У 1639 годзе сяло Туркі, шляхецкая ўласнасць пана Скарыны, у складзе Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Рэчы Паспалітай. У XVIII — 1-й палове XIX ст. у сяле існавала ўніяцкая царква. У 1790 годзе ў складзе маёнтка пана Булгака. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе ў складзе Расійскай імперыі. У 1804 годзе Туркі ў Бабруйскім павеце Мінскай губерні, уласнасць памешчыка. У 1804 годзе ўласным коштам паноў Булгакаў пабудавана драўляная Свята-Троіцкая царква. У сярэдзіне XIX ст. да царквы прыпісана 948 чалавек. У ліку мецэнатаў царквы памешчыкі Стэфан і Аляксандр Скарыны. У 1871 годзе адкрыта школа. У 1877 годзе прыём хворых праводзіць фельчар Ясінскі. Дзейнічаюць карчма, крама, хлебазапасны магазін. Паводле перапісу 1897 года, у Турках працуюць 2 ветракі, 2 крамы, лячэбны пакой, заезны двор. Раз на год адбываецца кірмаш. Апроч земляробства і жывёлагадоўлі, сяляне займаліся рознымі промысламі: прадзеннем, ткацтвам, зборам ягад, грыбоў, лоўляй рыбы, пляценнем лапцей, кошыкаў, віццём вяровак, шыццём адзення, вырабам хатняга начыння, простай мэблі.
Побач з сялом месціўся маёнтак, у складзе якога 2 двары, 34 жыхары. У 1898 годзе замест састарэлага ўзведзены новы будынак царквы. Падчас грамадзянскай вайны ў Турках дзейнічае валасны рэўкам. У 1922 годзе ў маёнтку створана сельскагаспадарчая арцель «Месяц», да якой адышло 160 гектараў зямлі. У гэтым жа годзе пачала дзейнічаць бальніца. У студзені 1924 года адкрыта хата-чытальня і створана крэдытнае таварыства. У жніўні 1931 года арганізаваны калгас «Чырвоныя Туркі», працавалі млын, кузня, тарфяная арцель «Агеньчык». З 20.08.1924 г. да 16.07.1954 г. цэнтр Туркоўскага сельсавета Бабруйскага 1-га, з 04.08.1927 г. Бабруйскага раёна (да 26.07.1930 г.), акругі, з 20.02.1938 г. у Магілёўскай, з 20.09.1944 г. Бабруйскай, з 08.01.1954 г. Магілёўскай абласцях. У 2-ю сусветную вайну 20 вяскоўцаў загінулі на фронце. З 16.07.1954 г. да 30.04.1976 г. вёска ў складзе Кавалёўскага сельсавета[2], з 30.04.1976 г. у складзе Варатынскага сельсавета. У 1986 годзе — цэнтр калгаса «Прагрэс». Працуюць майстэрні па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, лесапільня, сярэдняя школа, сталовая, клуб-бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аўтаматычная тэлефонная станцыя, аддзяленні сувязі і банка, 2 крамы, Дом быту.
Перапіс жыхароў в. Туркі станам на 1790 год[правіць | правіць зыходнік]
- Іван Рашэтнік, жонка Прося, унукі Цімох, Сяргей, Кузьма, унучка Крыстына
- Карпа Рашэтнік, жонка Агата, дочкі Адар'я, Куліна
- Занка Рашэтнік, жонка Матруна
- Цімох, жонка Тадора, сын Харлан
- Паўлюк Грышан, дачка Парасся, сыны Дзямід, Пракоп, Грыгор, Патап, Янка
- Лявон Рыбакоў, жонка Аўдоцця, сын Хведар, дочкі Катаржына, Яна
- Арцім Гарулёнак
- Аніська Гарулёнак, жонка Аўдзюха, сын Мікіта, дочкі Адар'я, Хведора, Гарына, Яўхіма
- Захарыя Рыбачонак, жонка Вася
- Мікіта Рыбачонак, жонка Зэня, сыны Янка
- Андрэй, Аляксей і Манута Рыбачонкі
- Сава Беганёнак, жонка Парасся
- Кандрат Беганёнак, жонка Малання, сыны Якуб, Янка
- Зэнька Беганёнак, жонка Наталя
- Мікіта Рашэтнік, жонка Мар'я
- Міхал Рашэтнік, жонка Наталя, дачка Марцэля
- Марко Рашэтнік, жонка Палагея
- Міна Беганёнак, дачка Агата
- Тарас Беганёнак, жонка Стэфа, сыны Сцяпан, Грыгор
- Селевон Беганёнак, жонка Улляна, дачка Палашка, сын Грэгор
- Пракоп Беганёнак, жонка Таццяна
- Бабыль Сымон, жонка Мар'я
- Янка Цурман, жонка Аксіння, сыны Ярмола, Сабастыян, Антось
Валасное праўленне[правіць | правіць зыходнік]
У 1861 годзе для сялян, якія вызваліліся ад прыгону, былі створаны органы саслоўнага кіравання па ўзору валаснога кіравання дзяржаўнымі сялянамі. Бабруйскі павет быў падзелены на 22 воласці і 136 сельскіх абшчын. У склад валаснога сходу ўваходзілі сельскія і валасныя службовыя асобы, а таксама так званыя «дзесяцідворнікі» — выбарныя ад кожных дзесяці двароў. Валасны сход выбіраў валаснога старшыню, усіх старастаў, зборшчыкаў падаткаў, 1-2 засядацеляў і пісара, якія складалі валасное праўленне — выканаўчы орган сялянскага саслоўнага кіравання. Фактычна валасныя справы вялі валасны старшыня і пісар. Выбіраўся валасны старшыня на тры гады. Старшыня меў права адмовіцца ад пасады. Ён выконваў агульнапаліцэйскія (абˈяўленне распараджэнняў урада, нагляд за парадкам) і саслоўна-сялянскія абавязкі (скліканне валаснога сходу, нагляд за выкананнем павіннасцей).
Валасное кіраўніцтва засядала ў спецыяльным будынку — валасной управе. Яна адрознівалася ад звычайнай хаты большымі памерамі, шырокім ганкам, высокай страхой, вялікімі вокнамі, мела шырокі двор, на якім стаялі брычкі і павозкі, а ўнутры быў доўгі калідор з пакоямі на два бакі — кабінетамі чыноўнікаў.
Спіс валасных старшынь і пісараў Туркоўскага валаснога праўлення
Год | Старшыня | Пісар |
1885 | Кузьма Парахневіч | Аляксандр Навіцкі |
1896 | Максім Худавец | Уладзімір Васільеў |
1900 | Максім Худавец | Канстанцін Панцырны |
1905 | Iлля Аўрамчык | Федар Бахановіч |
1912 | Фядот Шаўчук | Сцяпан Гарашчэня |
1916 | Аляксей Ляпёшкін | Iван Сімановіч |
Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]
У 1871 годзе ў Турках адкрыта земскае аднакласнае народнае вучылішча, якое размяшчалася ў будынку валаснога ўпраўлення. Пры вучылішчы арганізаваны рамесны клас, у якім дзеці навучаюцца кавальскаму і шавецкаму рамяству, у 1876 годзе ў класе навучаецца 6 хлопчыкаў. У 1886 годзе для вучылішча пабудавана новае памяшканне, настаўнікам працуе Міхаіл Іванавіч Кезевіч. У 1891 годзе 57 вучняў, настаўнік Адам Станіслававіч Супрыновіч. Настаўнікамі працуюць — у 1900 годзе Iгнат Ягоравіч Міцкевіч і Елізавета Кірылаўна Празднічная, у 1905 годзе Піліп Караткевіч, у 1912 годзе Аляксандр і Ялона Шырокія. Пасля рэвалюцыі 1917 года на базе земскага народнага вучылішча адкрыта працоўная школа 1-й ступені. У 1925 годзе ў школе 118 вучняў, дзейнічаў драматычны гурток. З 1951 па 1977 год у школе працуе Капусціна Марыя Андрэеўна, настаўнікам, намеснікам дырэктара, дырэктарам. У 1967 годзе Капусцінай М. А. прысвоена ганаровае званне «Заслужаны настаўнік БССР».
Пісьменнік Алесь Дзятлаў[правіць | правіць зыходнік]
Нарадзіўся 03.06.1936 года ў вёсцы Туркі ў сям'і настаўніка. Жыў у Пятровічах, а з лета 1944 года — на радзіме маці, у Плёсах, дзе бацьку прызначылі дырэктарам мясцовай школы.
У 1959 г. скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ. Працаваў у Глыбоцкай раённай газеце «Сцяг камунізму» (1959—1961), у «Чырвонай змене» (1961—1973).
У 1973—1975 гг. член сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». У 1975—1980 гг. карэспандэнт рэспубліканскай газеты «Звязда», з 1980 г. рэдактар аддзела навукі часопіса «Родная прырода». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1979 г.
Друкуецца з 1956 г. У 1970-м годзе было надрукавана апавяданне ў газеце «Літаратура і мастацтва». Аўтар зборнікаў, аповесцей і апавяданняў, нарысаў, фельетонаў, твораў для дзяцей.
Першае апавяданне надрукаваў у 1970 г. ў газеце «Літаратура і мастацтва».
Алесь Дзятлаў пра вытокі сваёй творчасці напісаў: «Лічу сваёй малой радзімай, родным кутам Плёсы. Ніколі не парываў сувязі з роднымі мясцінамі. Многія героі маіх твораў, як кажуць, узяты жыўцом з вяскоўцаў-суседзяў. Нагадаю апавяданні „Росы на поплаве“, „Першы снег“, „Арцёмава хата“, „Світанак над возерам“, „Ванечка“, „Князь з Высокай Гары“, „Чужы“, аповесці „Белы месяц сакавік“, „Брод“ і многія іншыя. Незабыўныя школьныя гады, вучоба ў Цялушскай школе далі штуршок для напісання аповесці „Сляды“. Адзін з яе герояў — Бгатка — „падгледжаны“ ў Плёсах. Другі вясковец, мой родны дзед па маці Якаў Міхайлавіч Сіліч (у творы Жыліч), „дзейнічае“ ў аповесці „Век жыві — век вучыся“ (вядома ж, з аўтарскім домыслам).
У некаторых маіх творах узнаўляюцца падзеі вайны. Штуршком да іх напісання з'явіліся ўражанні маленства ў Пятровічах. Гэта апавяданні „Схватка ў тумане“, „Данос“, „Сустрэча на гравійцы“, аповесць „Час даспелага жыта“, раман „Парог“. У ім, дарэчы, я нават захаваў назву вёскі — Пятровічы, хаця, вядома, ёсць і аўтарскі домысел.
Мая малая радзіма, мой родны кут даў мне столькі як чалавеку, пісьменніку, што нельга выказаць словамі. І я ўдзячны людзям, якія ўсё жыццё са мной, у маіх кнігах».
Творы:
Зборнікі аповесцей і апавяданняў:
«Росы на паплаве» (1974)
«Белы месяц сакавік» (1977)
«Сляды» (1981)
«Начное неба ў ліпені» (1981)
«Вяртанне» (1987)
«У вераснёвы вечар» (1987)
«Парог» (1993)
Ахвяры палітычных рэпрэсій [правіць | правіць зыходнік]
- Багдановіч Іван Фёдаравіч, нарадзіўся ў 1905 годзе ў в. Туркі, аднаасобнік. Рэпрэсіраваны 04.04.1930, асуджаны 15.04.1930. Рэабілітаваны 05.11.1991 г.
- Басько Мікалай Піліпавіч, нарадзіўся ў 1901 годзе ў в. Туркі, аднаасобнік. Рэпрэсіраваны 28.03.1930, асуджаны 15.04.1930. Рэабілітаваны 05.11.1991 г.
- Бітус Канстанцін Раманавіч, нарадзіўся ў 1912 годзе ў в. Туркі, рахункавод. Рэпрэсіраваны 02.09.1944, асуджаны 08.02.1945. Рэабілітаваны 18.02.1994 г.
- Бэчык Фёдар Аляксандравіч, жыў у в. Туркі. Раскулачаны ў 1930 годзе. Рэабілітаваны 03.05.1993 г.
- Каранькоў Якаў Піліпавіч, нарадзіўся ў 1892 годзе ў в. Туркі. Раскулачаны ў 1932 годзе. Рэабілітаваны 18.05.1993 г.
- Корсак Антон Віктаравіч, нарадзіўся ў 1899 годзе ў в. Туркі. Рэпрэсіраваны ў 1920 годзе. Рэабілітаваны ў 1920 годзе.
- Санюк Стафан Васілевіч, нарадзіўся ў 1887 годзе ў в. Будча Слуцкага раёна, аднаасобнік. Рэпрэсіраваны 27.12.1932, асуджаны 28.02.1933 на 5 гадоў. Рэабілітаваны 23.11.1989 г.
- Чаплін Карл Іванавіч, нарадзіўся ў 1888 годзе ў в. Туркі, бухгалтар торфаарцелі. Рэпрэсіраваны 23.07.1938, асуджаны 11.10.1938 на 10 гадоў. Рэабілітаваны 11.09.1958 г.
Планіроўка[правіць | правіць зыходнік]
Планіровачна ўяўляе сабой прамалінейную вуліцу, трасіраваную мерыдыянальна, перпендыкулярна да аўтамабільнай дарогі. Пераважае драўляная жылая забудова сядзібнага тыпу. Мураваныя будынкі — уздоўж дарогі.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ Рашэнне выканкома Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 30 красавіка 1976 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1976, № 17 (1499).
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Гарады і вёскі Беларусі. Магілëўская вобласць. Кн. 1. — Мн.: БелЭн, 2008;
- Памяць. Бабруйскі раён. — Мн.: БелЭн, 1998;
- Архимандрит Николай. Историко-статистическое описание Минской епархии. — Санкт-Петербург, 1864;
- Вялікі гістарычны атлас Беларусі. Том 2. — Мн.: Белкартаграфія, 2013.
- Литовская метрика. Отдел I. Часть 3: Книги публичных дел. Переписи войска Литовского. - Петроград, 1915.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Туркі (Бабруйскі раён)