Камсамол

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з УЛКСМ)
Jump to navigation Jump to search
Усесаюзны ленінскі камуністычны саюз моладзі (УЛКСМ)
Камсамол
Komsomol Emblem.svg
Лідар Уладзімір Ульянаў (Ленін)
Дата заснавання 29 кастрычніка 1918
Дата роспуску 28 верасня 1991
Штаб-кватэра Масква
Ідэалогія марксізм-ленінізм
Інтэрнацыянал

КІМ (1919—1943)

СФДМ (1945—1991)
Саюзнікі і блокі

Украінская камуністычная партыя (1920—1925)

Колькасць членаў 42 010 065
Гімн

Узнагароды:

Ордэн Леніна  — 1945Ордэн Леніна  — 1948Ордэн Леніна  — 1956Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі — 1968 Ордэн Чырвонага Сцяга Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга
Партыйны друк «Камсамольская праўда»
Commons-logo.svg Усесаюзны ленінскі камуністычны саюз моладзі (УЛКСМ) на Вікісховішчы

Камсамо́л (скарачэнне ад Камуністычны саюз моладзі), поўная назва Усесаюзны ленінскі камуністычны саюз моладзі (УЛКСМ) — палітычная моладзевая арганізацыя ў СССР.

УЛКСМ — моладзевая арганізацыя Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. Створаны як Расійскі камуністычны саюз моладзі (РКСМ) 29 кастрычніка 1918 года, у 1924 годзе РКСМ было прысвоена імя У. І. Леніна — Расійскі ленінскі камуністычны саюз моладзі (РЛКСМ), у сувязі з утварэннем Саюза ССР (1922) камсамол у сакавіку 1926 года быў пераназваны ва Усесаюзны ленінскі камуністычны саюз моладзі (УЛКСМ).

У 1977 годзе ў камсамол уваходзілі звыш за 36 мільёнаў грамадзян СССР ва ўзросце 14—28 гадоў.

З распадам СССР камсамол самараспусціўся. З цягам часу на поставецкай прасторы паўстала шмат арганізацый, якія лічаць сябе правапераемніцамі камсамола.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Члены прэзідыума I Усерасійскага з’езда саюзаў працоўнай і сялянскай моладзі (29 кастрычніка — 4 лістапада 1918).

Лютаўская рэвалюцыя 1917 года спрыяла павялічэнню грамадска-палітычнай актыўнасці моладзі. Пачалі з’яўляцца маладзёжныя арганізацыі працоўных «Праца і святло» і іншыя, сябры якіх арыентаваліся на сацыялістычныя партыі. У 1917 годзе ў Петраградзе арганізацыйна аформіўся арыентаваны на бальшавікоў Сацыялістычны саюз працоўнай моладзі (ССПМ). 29 кастрычніка — 4 лістапада 1918 года адбыўся I Усерасійскі з’езд саюзаў працоўнай і сялянскай моладзі, на якім было абвешчана стварэнне Расійскага камуністычнага саюза моладзі (РКСМ). Датай заснавання лічыцца 29 кастрычніка 1918.

Першыя камсамольскія значкі выдаваліся не ўсім, бо тыражы былі малымі, і хутчэй былі ўзнагародай для найлепшых камсамольцаў. Адзін з першых падобных значкоў уяўляў з сябе сцяжок з зоркай і чатырма літарамі «Р. К. С. М.» У кастрычніку 1922 года на V з’ездзе быў зацверджаны адзіны выгляд значка: на сцяжку ў цэнтры зоркі літары «КИМ» (руск.: Коммунистический интернационал молодёжи, Камуністычны інтэрнацыянал моладзі). Надпіс «ВЛКСМ» з’явіўся на значках толькі ў 1947 годзе, а канчатковы выгляд з профілем Леніна значкі УЛКСМ атрымалі толькі ў 1956 годзе.

У 1924 годзе арганізацыі прысвоена імя У. І. Леніна — Расійскі ленінскі камуністычны саюз моладзі (РЛКСМ). У сакавіку 1926 года ў сувязі з утварэннем у 1922 СССР РЛКСМ быў перайменаваны ва Усесаюзны ленінскі камуністычны саюз моладзі.

Неўзабаве камсамол застаўся адзінай у РСФСР, а пазней і ў СССР палітычнай маладзёжнай арганізацыяй. Праз яе структуру здзяйснялася ідэалагічнае выхаванне моладзі, рэалізоўвалі палітычныя і сацыяльныя праекты. Пад кіраўніцтвам камсамола ў 1922 годзе была створана дзіцячая палітычная арганізацыя: Усерасійская, пасля Усесаюзная піянерская арганізацыя імя Леніна.

У часе масавых рэпрэсій 1937—1939 гадоў былі арыштаваныя і растраляныя шматлікія заснавальнікі і кіраўнікі РКСМ/УЛКСМ: Оскар Рыўкін, Л. Шацкін, Яфім Цэйтлін, Аляксандр Косараў і інш. Генеральны сакратар ЦК УЛКСМ Аляксандр Мільчакоў (1928—1929) правёў 16 гадоў у лагерах.

У 1941 годзе налічвалася больш за 10 млн камсамольцаў. Каля 1 млн з іх сталі «варашылаўскімі стралкамі»[ru], тры з паловай тысячы сталі Героямі Савецкага Саюза, тры з паловай мільёны былі ўзнагароджаныя ордэнамі і медалямі.

Урачыстая маніфестацыя на Чырвонай плошчы ў Маскве, прысвечаная 50-годдзю УЛКСМ.

З пачаткам перабудовы ў камсамольскім руху з’явіліся дэідэалагізаваныя і камерцыйныя плыні. У 1989 годзе пра сваю самастойнасць абвясцілі Камуністычныя саюзы моладзі Літвы і Эстоніі. 27—28 верасня 1991 адбыўся XXII Надзвычайны з’езд УЛКСМ, на якім адбыўся роспуск арганізацыі[1]. 29 дэлегатаў не ўхвалілі рашэнне пра самароспуск і пакінулі з’езд. Асобныя члены УЛКСМ, нязгодныя з рашэннем з’езда (сярод іх і беларус Сяргей Вазняк), стварылі аргкамітэт па адраджэнні УЛКСМ. У 1993 годзе іх намаганнямі ў Расіі быў створаны Расійскі камуністычны саюз моладзі.

У Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Ленінскі камуністычны саюз моладзі Беларусі (ЛКСМБ) быў заснаваны 24 верасня 1920 года[2].

Найвышэйшы кіроўны орган — з’езд дэлегатаў. Паміж з’ездамі кіраванне здзяйсняў цэнтральны камітэт (ЦК), абраны з’ездам; паміж пасяджэннямі цэнтральнага камітэта — бюро цэнтральнага камітэта, абранае ЦК. Найвышэйшая кіроўная пасада — першы сакратар цэнтральнага камітэта, выканаўчы орган — сакратарыят ЦК.

Пасля распаду СССР і самароспуску УЛКСМ адбыўся XXX З’езд ЛКСМБ (снежань 1991), дзе прынята рашэнне пра пераўтварэнне ў Саюз моладзі Беларусі (СМБ). На XXXVII з’ездзе ў 1995 годзе ён быў перайменаваны ў Беларускі саюз моладзі, а ў 2002 годзе аб’яднаны з Беларускім патрыятычным саюзам моладзі (заснаваным у 1997) у адзіную арганізацыю, якая атрымала назву Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі[3]. БРСМ падтрымліваецца дзяржавай.

У іншых дзяржавах[правіць | правіць зыходнік]

У Казахстане[4], Малдове[5], Расіі[6], Украіне[7] камсамольскія арганізацыі існуюць як маладзёжныя арганізацыі камуністычных партый. У балтыйскіх дзяржавах камсамольскія арганізацыі забароненыя нароўні з камуністычнымі.

У іншых дзяржавах:

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Российский — Российский Ленинский — Всесоюзный Ленинский коммунистический Союз молодёжи (руск.) . Справочник по истории Коммунистической партии и Советского Союза 1898—1991. Праверана 16 лістапада 2018.
  2. Жданко, Валянцін Юбілей якога камсамола святкуюць у Беларусі. Радыё «Свабода» (25 кастрычніка 2018). Праверана 16 лістапада 2018.
  3. Усесаюзны ленінскі камуністычны саюз моладзі. Інфаграфіка. БелТА (29 кастрычніка 2018). Праверана 16 лістапада 2018.
  4. Қазақстан коммунистік жастар одағы (каз.) . Камуністычны саюз моладзі Казахстана. Праверана 16 лістапада 2018.
  5. Коммунистический союз молодёжи Молдовы (руск.) . Камуністычны саюз моладзі Малдовы. Праверана 16 лістапада 2018.
  6. Российский Коммунистический Союз Молодёжи (руск.) . Расійскі камуністычны саюз моладзі. Праверана 16 лістапада 2018.
  7. Комсомол Украины (ЛКСМУ) (руск.) . Камсамол Украіны. Праверана 16 лістапада 2018.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]