Перайсці да зместу

Чылі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чылі
ісп.: República de Chile
Герб Чылі
Сцяг Чылі Герб Чылі
Дэвіз: «Por la razón o la fuerza
(ісп.: Правам ці сілай
Гімн: «Himno Nacional»
Дата незалежнасці 18 верасня 1810 (ад Іспаніі)
Афіцыйная мова іспанская
Сталіца Сант’яга
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт Габрыэль Борыч
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
37-я ў свеце
756 950[заўв 1] км²
1,07
Насельніцтва
• Ацэнка (2011)
Шчыльнасць

17 248 450 чал. (59-я)
22,81 чал./км²
Валюта Чылійскае песа
Інтэрнэт-дамен .cl
Код ISO (Alpha-2) CL
Код ISO (Alpha-3) CHL
Код МАК CHI
Тэлефонны код +56
Часавыя паясы -4

Чы́лі (ісп.: Chile, афіцыйная назва — Рэспу́бліка Чы́лі (ісп.: República de Chile [reˈpuβlika ðe ˈʧile]) — дзяржава на паўднёвым захадзе Паўднёвай Амерыкі. Мяжуе на поўначы з Перу, на ўсходзе з Аргенцінай і Балівіяй, на захадзе абмываецца Ціхім акіянам. У складзе Чылі прыбярэжныя астравы Чылійскага архіпелага, заходняя частка вострава Вогненная Зямля, астравы ў Ціхім акіяне: Сан-Амбросіа, Сан-Фелікс, Архіпелаг Хуана Фернандэса, Сала-і-Гомес, Рапануі (Вялікадня). Краіна падзяляецца на 12 рэгіёнаў і сталічную акругу. Нацыянальнае свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці.

Адзінага дасканалага тлумачэння паходжання слова Чылі не існуе. Згодна з распаўсюджаным тлумачэннем, назва паходзіць ад мовы аймара, на якой слова chilli азначае «краіна, дзе канчаецца свет». Гэтая версія добра стасуецца з тым фактам, што першыя іспанцы, якія з’явіліся ў Чылі, пачалі засяленне краіны з тэрыторый плямён аймара. З самага пачатку каланізацыі Паўднёвай Амерыкі для зямель на поўдні пустыні Атакама іспанцы выкарыстоўвалі назву Чылі. У чылійскіх школах вывучаецца таксама версія, згодна якой Чылі — гэта ўпрыгожаная назва птушкі Trile.

Згодна іншай, менш распаўсюджанай тэорыі, вытокі слова Чылі патрэбна шукаць у мове інкаў кечуа. Тэрыторыі імперыі інкаў прасціраліся не далей сённяшняга Сант’яга, таму землі на поўдзень Рыа Аканкагуа з адносна халодным кліматам і пакрытымі снежнымі шапкамі вяршынямі Андаў інкі называлі tchili, што значыць «снег».

Гісторыя Чылі пачалася з часоў засялення рэгіёна каля 13 тысяч гадоў таму назад. У 16 стагоддзі пачалося заваяванне і падпарадкаванне тэрыторый сучаснага Чылі іспанскімі канкістадорамі, у 19 стагоддзі чылійскі народ атрымаў незалежнасць ад каланіяльнай улады. Вельмі значны ўплыў на далейшае развіццё Чылі да пачатку Другой сусветнай вайны аказала здабыча селітры, а некалькі пазней — медзі. Багацце прыроднымі рэсурсамі ў значнай ступені паспрыяла эканамічнаму пад’ёму ў Чылі, але выклікала таксама і залежнасць ад суседніх краін і прывяло нават да войнаў з імі. Пасля амаль што дзесяцігадовага кіраўніцтва на змену хрысціянска-дэмакратычнаму ўраду ў 1970 годзе да ўлады прыйшоў сацыялістычны прэзідэнт Сальвадор Альендэ. Путч Аўгуста Піначэта 11 верасня 1973 года ўсталяваў 17-гадовую дыктатуру ў краіне і выклікаў шэраг радыкальных эканамічных рэформ. З 1988 года ў Чылі вызначылася перакананая тэндэнцыя да дэмакратычнага развіцця краіны.

Гара Сан-Валянцін
Пустыня Атакама

Чылі займае вузкую (шырынёй ад 15 да 335 км), пераважна горную паласу сушы працягласцю 4300 км, памім узбярэжжам Ціхага акіяна і высакагор’ямі Андаў. На захадзе з поўначы на поўдзень (да 41°30' паўднёвай шыраты) цягнуцца Берагавыя Кардыльеры (вышыня 3200 м), на ўсходзе — Галоўная Кардыльера Андаў з найбольшай вышынёй Чылі, гарой Охас-дэль-Салада (6880 м). Паміж імі тэктанічная ўпадзіна — Падоўжная даліна. На паўночным усходзе частка вулканічнага нагор’я Цэнтральных Андаў, на крайнім паўднёвым усходзе — участкі раўнін Патагоніі і заходняя частка вострава Вогненная Зямля. Вяршыні Андаў да 35° паўднёвай шыраты перавышаюць 6000 метраў і з’яўляюцца конусамі пагаслых вулканаў. Вышыня гор змяняецца з поўначы на поўдзень:

Паўднёвая Чылі мае фіёрдавы характар; уся тэрыторыя сейсмічная. Карысныя выкапні: медныя, малібдэнавыя, свінцовыя, цынкавыя, жалезныя і марганцавыя руды, нафта, прыродны газ, каменны вугаль, сера, салетра, каменная соль, золата, серабро. Клімат Паўночнай Чылі (да 28° паўднёвай шыраты) трапічны пустынны. Сярэдняя тэмпература ліпеня 15,6° С, студзеня 20,8° С. Ападкаў да 100 мм за год, у пустынях Атакама, Тамаругаль не выпадаюць па некалькі гадоў. У Цэнтральнай Чылі (да 42° паўднёвай шыраты) клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу з зімовымі дажджамі. Сярэдняя тэмпература ліпеня 7,7° С, студзеня 19,7° С, ападкаў ад 200 да 2500 мм за год. У Паўднёвай Чылі халаднаваты вільготны клімат умераных шырот. Сярэдняя тэмпература ліпеня ад 7 да 1° С, студзеня ад 14 да 7° С, ападкаў на ўзбярэжжы 2500-3000 мм за год, на заходніх схілах Андаў да 7000 мм. На паўднёвым усходзе кантынентальнасць павялічваецца, сярэднямесячныя тэмпературы ад 2 да 11° С, ападкаў да 230 мм у год. Рачная сетка больш развіта ў цэнтральнай і паўднёвай частках Чылі, рэкі горныя, кароткія, паўнаводныя (самая вялікая па працягласці рака Лоа). Шмат канцавых ледавіковых азёр. На поўначы мінеральныя азёры, самае вялікае з іх Салар-дэ-Атакама (3000 км²). На самай поўначы знаходзіцца адно з самых высакагорных азёр Чунгара. У Галоўнай Кардыльеры развіта магутнае зледзяненне. Расліннае покрыва ў Паўночнай Чылі амаль адсутнічае (пясчаныя дзюны, барханы), трапляюцца кактусы, салянкі, на берагавой паласе ў перыяд туманаў — пустынная фармацыя ламас. У сярэдняй частцы ў далінах рэк вечназялёныя хмызнякі і дрэвы (цік, літрэ, мыльнае дрэва кільяй) на маламагутных шэракарычневых глебах. На схілах гор да 1200 м лясы міжземнаморскага тыпу, вышэй — хвойныя, якія змяняюцца альпійскімі лугамі. На поўдні сярэдняй часткі на бурых лясных, вулканічных і забалочаных глебах густыя вечназялёныя лясы (гемігілея). На поўдні ад 46° паўднёвай шыраты мяшаныя лясы, на ўсходніх раўнінах і ў раёне Магеланава праліва — стэпы.

Дзяржаўны лад

[правіць | правіць зыходнік]

Чылі — прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1980 года (з папраўкамі 1990). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нацыянальны Кангрэс Чылі, які складаецца з сената (46 сенатараў, з іх 9 назначаны пажыццёва, астатнія — выбраныя) і палаты дэпутатаў (120 дэпутатаў). Склад сената кожныя 4 гады абнаўляецца напалову; палата дэпутатаў выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 4 гады. Вышэйшы выканаўчы орган — Кабінет міністраў.

З прыходам да ўлады Аўгуста Піначэта сацыялістычны канцэпт чылійскай народнай эканомікі Сальвадора Альендэ быў паслядоўна перапрацаваны і дэрэгуляваны на аснове неаліберальных аспектаў рыначнай эканомікі. Большая частка дзяржаўных прадпрыемстваў была прыватызавана ў час кіравання Піначэта і пазней, аднак медныя руднікі, якія перайшлі ў дзяржаўную маёмасць пры Альендэ і заставаліся пад непасрэдным кантролем ваеннай хунты Піначэта, па сённяшні дзень з’яўляюцца дзяржаўнай уласнасцю.

Беларуска-чылійскія адносіны

[правіць | правіць зыходнік]
  1. Без уліку 1 250 000 км² Антарктыды, на якія прэтэндуе Чылі.
  • Чылі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8 (т. 17)