Уладзімір Апанасавіч Сцепчанка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Уладзімір Апанасавіч Сцепчанка
Дата нараджэння 20 жніўня 1920(1920-08-20)
Месца нараджэння
Дата смерці 15 снежня 1996(1996-12-15) (76 гадоў)
Партыя
Прыналежнасць СССР
Узнагароды і прэміі

Уладзімір Апанасавіч Сцепчанка (20 жніўня 1920, в. Махавая, Рагачоўскі павет, Гомельская губерня — 15 снежня 1996) — беларускі кіраўнік калгаса, Герой Сацыялістычнай Працы (1966).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У Чырвоную армію прызваны ў 1940 годзе. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Закончыў Горкаўскае ваеннае аўтабранятанкавае вучылішча (1942). З чэрвеня 1942 года да верасня 1943 года на фронце — лейтэнант, камандзір узвода, памочнік камандзіра танкавага батальёна на Паўднёва-Каўказскім і Закаўказскім франтах. Два разы быў паранены, апошні раз у верасні 1943 годзе, ледзь вырваўся з палаючага танка. Абгарэлы, доўга лячыўся і быў камісаваны як інвалід.

Пасля вайны на партыйнай і савецкай рабоце ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях. У 1945—1947 гадах — намеснік старшыні Ганцавіцкага райвыканкама, скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б (1949). У 1949—1954 гадах — сакратар Лунінецкага райкама КПБ, у 1954—1956 гадах — сакратар па зоне МТС Давыд-Гарадоцкага раёна, у 1956—1959 гадах — старшыня Ленінскага райвыканкама. Цэнтр Ленінскага раёна з 1950 года знаходзіўся ў рабочым пасёлку Мікашэвічы. Пасля скасавання гэтага раёна, яго кіраўнікам прапанавалі падымаць сельскую гаспадарку, якая развівалася са складанасцямі.

У 1959 годзе быў абраны старшынёй нядаўна ўзбуйненага калгаса «Новае Палессе» Лунінецкага раёна, у якім працавалі жыхары вёсак Барсукова, Перунова, Лахаўка, Бродкі і Любань.

Сябраваў з драматургам Андрэем Ягоравічам Макаёнкам (1920—1982). Аднагодкі, нарадзіліся ў суседніх вёсках, вучыліся ў адных школах, нават сядзелі за адной партай. У 1959—1974 гадах пісьменнік неаднаразова наведваў Любань. Сябры абмяркоўвалі калгасную сістэму, адміністрацыйна-камандныя спосабы кіраўніцтва эканомікай краіны. Прататыпам галоўнага героя камедыі «Таблетку пад язык» (1972) — старшыні калгаса «Маяк» Уладзіміра Каравая — стаў У. А. Сцепчанка. Аб гэтым сведчыць мемарыяльная дошка, адкрытая 15 верасня 1996 годзе на будынку Любанскага дома культуры. На яго сцэне выступалі артысты драматычнага тэатра імя Я. Купалы, праходзілі канцэрты і творчыя сустрэчы з рознымі славутымі людзьмі (Іван Шамякін, Пімен Панчанка і інш.), што наведвалі Любань па ініцыятыве Уладзіміра Апанасавіча.

З 1974 года працаваў у Брэсце на пасадзе дырэктара абласнога трэста па нарыхтоўках і адкорме жывёлы «Нарыхтоўжывёлакарм». З 1978 года — абласны трэст саўгасаў мясной жывёлагадоўлі на прамысловай аснове «Аблжывёлапрам» Галоўнага ўпраўлення «Белгалоўжывёлапрам» Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР. У 1978—1980 гадах з’яўляўся рэферэнтам-кансультантам па падрыхтоўцы да ВДНГ, у 1980 годзе выйшаў на пенсію.

Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 8-га склікання (1970—1974).

Пасля цяжкай хваробы памёр 15 снежня 1996 годзе. У в. Любань яго імем названа вуліца.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

За поспехі ў вытворчасці і нарыхтоўках сельскагаспадарчых прадуктаў 23 чэрвеня 1966 года удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы. Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1966), Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені (1985), медалямі «За доблестный труд в Великой Отечественной войне», «За победу над Германией», «Серп и Молот» (1966), «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина», Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1970).

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Степченко Владимир Афанасьевич // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биогр. справочник. Минск, 2014. С. 212.
  • Сцепчанка Уладзімір Апанасавіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 619.
  • Сцепчанка Уладзімір Апанасавіч // Памяць. Лунінецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1995. С. 623.
  • Степченко Владимир Афанасьевич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 603.
  • Сцепчанка Уладзімір Апанасавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 583.
  • Сцепчанка Уладзімір Апанасавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 10. С. 144.
  • Степченко, В. А. Гектар пашни / Владимир Афанасьевич Степченко, Александра Сергеевна Карловская. — Минск : Урожай, 1966. — 56 с. — (Решения ХХIII съезда КПСС — в жизнь!).