Устаўнае пісьмо
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/d/d9/%D0%A3%D1%81%D1%82%D0%B0%D0%B2_%D0%9E%D1%81%D1%82%D1%80%D0%BE%D0%BC%D0%B5%D1%80%D0%BE%D0%B2%D0%B0_%D0%B5%D0%B2%D0%B0%D0%BD%D0%B3%D0%B5%D0%BB%D0%B8%D1%8F_1057.svg/260px-%D0%A3%D1%81%D1%82%D0%B0%D0%B2_%D0%9E%D1%81%D1%82%D1%80%D0%BE%D0%BC%D0%B5%D1%80%D0%BE%D0%B2%D0%B0_%D0%B5%D0%B2%D0%B0%D0%BD%D0%B3%D0%B5%D0%BB%D0%B8%D1%8F_1057.svg.png)
Уста́ў, ці ўста́ўнае пісьмо́ — самы старажытны тып кірылічнага пісьма.
Узнік на аснове візантыйскага ўстава. Выкарыстоўваўся ў раннім славянскім пісьменстве, у старабеларускім пісьменстве — да канца 14 ст., зрэдку ў 15 ст. пераважна ў дзелавых граматах на пергаменце.
Вызначаўся стройным і выразным абрысам літар. Словы ва ўставе звычайна не аддзялялі адно ад аднаго, літары пісаліся асобна, амаль перпендыкулярна ў радку і мелі формы, блізкія да геаметрычных. Скарачэнне слоў і напісанне літар пад радком практыкавалася рэдка. У якасці знакаў прыпынку былі кропка і двукроп'е, падрадковых знакаў — цітлы, спалучэнні кропак і знак, які нагадвае знак кароткасці. Знак для абазначэння тысячы (҂) ставіўся не перад літарай-лічбай, а пасля яе.
Уставам пісалі і кнігі: Псалтыр (1296), Тураўскае (11 ст.), Аршанскае (13 ст.), Полацкае (13—14 ст.), Друцкае, Лаўрышаўскае (14 ст.) евангеллі. Да ўстаўнага пісьма адносяць і пісьмо берасцяных грамат. Найбольш доўга і трывала ўстаў ужываўся ў полацкіх граматах. Беларускія граматы 2-й палавіны 14 ст., напісаныя ў іншых мясцовасцях, характарызуюцца меншай акуратнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і наяўнасцю ў асобных літарах паўустаўных і нават скарапісных элементаў.
У канцы 14 ст. устаў быў заменены паўуставам і скорапісам.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Устаў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. С. 270.
- Карский Е. Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979.