Скорапіс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ско́рапіс — тып кірылічнага пісьма, які развіўся ва ўсходніх славян з паўустава ў выніку паскарэння працэсу пісання. Характарызаваўся звязаным напісаннем літар у слове, свабодным узмахам і націскам пяра.

У старабеларускай дзелавой пісьменнасці пачаў ужывацца з канца 14 ст. Ім напісаны актавыя кнігі гарадскіх, земскіх і замкавых судоў, большая частка дакументаў Метрыкі ВКЛ, Статуты ВКЛ 1529 і 1566. Асаблівага росквіту дасягнуў у 16—17 ст., калі шырока выкарыстоўваўся ў свецкіх («Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Гісторыя пра Атылу», 2-я пал. 16 ст.; беларускія пераклады «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага, «Александрыі», «Троі», «Рымскага летапісца» пач. 17 ст.) і рэлігійных творах. Скорапісам напісана Баркулабаўская хроніка.

На аснове скорапісу ў канцы 16 ст. створаны спецыяльны шрыфт, якім у друкарні Мамонічаў выдадзены «Трыбунал…» (1586), Статут ВКЛ 1588, «Унія» І.Пацея (1595) і інш. Беларускі скорапіс быў больш каліграфічны і зручны для чытання, чым рускі, і ў 17 ст. прыкметна на яго уплываў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Скорапіс // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. С. 467.
  • Карский Е. Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979.
  • Щепкин В. Н. Русская палеография. М., 1967.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]