Перайсці да зместу

Усходняя Фракія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Усходняя Фракія
Гістарычная Фракія і суседнія тэрыторыі — Македонія, Ілірыя, Мёзія і Дакія — карта з атласа Alexander G. Findlay «Classical Atlas to Illustrate Ancient Geografy», New York, 1849
Этнаграфічная карта Усходняй і Заходняй Фракіі пачатка XX стагоддзя (1912 год) паказвае наколькі разнастайным быў этнічны склад рэгіёна, дзе жылі балгары, туркі і грэкі.

Усходняя Фракія ці Адрыская Фракія (турэцк.: Doğu Trakya — Доуу Тракья, грэч. Ανάτσλική Θράκή — Анатолікі тракі) — усходняя частка буйной гісторыка-культурнай вобласці Фракія, якая паводле Бухарэсцкага мірнага дагавора 1913 года засталася ў складзе Асманскай імперыі. Пазней гэтае палажэнне было аспрэчана Грэцыяй, і канчаткова была перадана ўжо новай рэспубліцы Турцыя (гл.: Лазанскі мірны дагавор). Заходняя Фракія адышла да Грэцыі, а Паўночная, больш вядомая як Румелія, засталася часткай незалежнай Балгарыі. Цяпер Усходняя Фракія з'яўляецца адзіным еўрапейскім уладаннем Турцыі, складаючы каля 5 % плошчы гэтай дзяржавы. На тэрыторыі Усходняй Фракіі знаходзяцца наступныя турэцкія ілы: Кыркларэлі, (цэнтр Кыркларэлі ці Лозенград), Тэкірдаг (цэнтр Тэкірдаг, або Радоста) і Эдзірнэ (цэнтр Эдзірнэ, або Адрын), а таксама еўрапейскія часткі вілаетаў Стамбул і Чанакале, уключаючы востраў Гёкчэада (раней Імбрас).

Насельніцтва Усходняй Фракіі, як і Фракіі ўвогуле, ў Сярэднія вякі было пераважна грэка-славянскім, хаця з канца VII стагоддзя грэчаскі ўплыў у рэгіёне паступова слабеў і славяне колькасна пераважалі практычна ва ўсіх унутраных рэгіёнах вобласці, складаючы значную частку насельніцтва гарадоў, асабліва Адрыянопаля. Пасля захопу Канстанцінопаля ў 1204 годзе, балгары становяцца асноўнай этнічнай групай рэгіёна. Пасля турэцкіх уварванняў XIV—XV стагоддзяў да іх дадаўся і моцны цюркскі элемент, які паступова нарошчваў сваю прысутнасць у рэгіёне у першую чаргу за кошт асіміляцыі застаўшыхся грэкаў і балгараў. Цяпер насельніцтва Усходняй Фракіі складаецца амаль выключна з турак, маецца значная ісламізаваная цыганская абшчына. Пры гэтым значная колькасць цюркска-мусульманскіх меньшасцей захоўваецца ў суседніх рэгіёнах Грэцыі і Балгарыі.