Фазан, таксама Бажан (Phasianus colchicus) — птушка з сямейства фазанавых, атрада курападобныя. Адносіцца да адамашненых птушак і з'яўляецца распаўсюджаным аб'ектам палявання.
Самцы буйнейшыя за самак. Даўжыня цела 53-89 (у самцоў больш за 66 см), хвост 20-47см (у самцоў больш за 35 см), размах крылаў 70-90 см (у самцоў больш за 80 см), маса да 1,7-2,0 кг. У абодвух полаў доўгi хвост, якi звужаецца на канцы, больш доўгi ў самца. Розныя асобiны могуць адрознiвацца тонам апярэння, а ў самца можа быць або адсутнiчаць белы ашыйнiк. На галаве звычайнага фазана, у адрозненне ад астатніх родаў фазанаў, застаецца без пер'я толькі кольца вакол вачэй. Вельмі доўгі, клінаваты хвост - з 18 звужаных да канца пёраў.
Насяляе адкрытыя ландшафты з купінамі расліннасці, палі і цалiнныя лугі, рачныя даліны з густымі зараснікамі, зарослыя яры і ўскрайкі невялiкiх дрэвастояў з густым падлескам паблiзу вадаёмаў. У горы пранікае па рачных далінах да вышыні 500-700 м.
Першапачаткова азіяцкі від, інтрадуцыраваны ў іншых частках свету. Прыродны арэал — ад Каўказа i Малой Азii да далiны Амура, Японii i Тайваня. Інтрадуцыраваны таксама ў Еўропе, Паўночнай Амерыцы, на Гаваях і ў Новай Зеландыі.
Харчуюцца на зямлi, часта адпачываюць i начуюць на дрэвах.
Гняздо ў ямцы пад прыкрыццем травы альбо галiн, высцiлка з сухой травы (тоўстай у аснове i тонкай у высцілцы). У пачатку выседжвання даволі правiльнай формы, але матэрыял выступае за гняздо. Выпадкова гняздзіцца на мурах руін, парослых расліннасцю, вельмі рэдка — у гнёздах іншых птушак або вавёрак, на дрэвах.
Яйкi (звычайна 8-12, вялікія кладкі могуць быць знесены 2 самкамі), крыху падоўжаныя з завостраным вузейшым канцом, без плям, алiўкава-карычневыя, аліўкавыя, карычневыя або шэрыя. Памеры: 45 х 36 мм.