Фёдар Іванавіч Дарашэвіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Ф. І. Дарашэвіч)
Фёдар Іванавіч Дарашэвіч
Фатаграфія
Дата нараджэння 28 жніўня 1905(1905-08-28)
Месца нараджэння
Дата смерці 23 снежня 1986(1986-12-23) (81 год)
Род дзейнасці мастак
Месца працы
Вучоба
Уплыў Сямён Львовіч Абугаў, Аляксандр Аляксандравіч Асьмёркін і Rudolf Frentz[d]
Член у

Фёдар Іванавіч Дарашэ́віч (28 жніўня 1905, г. Каменец, цяпер Брэсцкая вобласць — 23 снежня 1986) — беларускі жывапісец.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У 1925—1929 гг. вучыўся ў Омскім мастацка-прамысловым вучылішчы імя Урубеля. Скончыў у 1938 годзе Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе. Вучыўся ў Р. Р. Фрэнца, А. А. Асьмёркіна, С. Л. Абугаў[1]. У 1938—1941 гадах выкладаў у мастацкім вучылішчы, у час Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гадоў мастак агітмайстэрні ў Пермі, у калектыве ўральскіх мастакоў удзельнічаў у стварэнні агітплакатаў, пано, індустрыяльных пейзажаў. 3 1951 года жыў у Мінску, у 1960—1966 гадах выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце[2].

З 1939 года ўдзельнічаў у мастацкіх выстаўках. Член Беларускага саюза мастакоў[2].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Працаваў у жарнах пейзажа, партрэта, сюжэтна-тэматычнай карціны. Увасабляючы ў сваіх творах запатрабаваныя тэмы рэчаіснасці, ён здолеў тонка адчуць дух часу, віртуозна перадаваў паветра, цяпло і чысціню ў выявах прыроды, пранікнёна паказваў людзей, падкрэслівая іх характар і духоўнае хараство: «Пасля рэкорда» (1948), «Пасля працы» (1954), «Гарманіст ідзе» (1955), «Ачыстка палёў ад камення» (1956), «Газаправод» (1961), «Пошта прыйшла» (1960), «Трывога» (1961), «У летні дзень» (1962), «Дарожнікі» (1977)[2].

Гераізм савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны адлюстраваны ім у карцінах «На новую зямлю» (1943), «Страляйце, не шкадуйце нас!» (1964), «1941 год» (1967), «Голас з Вялікай зямлі» (1972)[2].

У індустрыяльных краявідах Ф. Дарашэвіча, дзякуючы ўнікальнаму почырку мастака, шэрыя гарадскія пабудовы пераўтвараюцца ў паэтычна-настальгічныя і прыцягальныя светакаляровыя вобразы. У сваіх творах, адлюстроўваючы злабадзённыя тэмы сацыялістычнай рэчаіснасці, ён на здзіўленне тонка перадаваў дух часу[2].

Мастак многа працаваў над творамі, у якіх адлюстроўваў беларускую прыроду. Ён стварыў карціны-пейзажы шырокага гучання: «Рака Чусавая» (1942), «Пойма ракі Бярэзіны» (1953), «Ледаход на Бярэзіне» (1956), «Зіма» (1956), «Над Прыпяццю» (1973), «Возера Мураці» (1975), «Адліга» (1980). Многія творы напісаны з натуры ў Камянцы і яго ваколіцах: «Горад Камянец», «Камянецкая вежа», «Дарога на Замасты», «Дворык», «Стары мост», «У Белавежскай пушчы. Зубры» (1960)[2].

Стварыў шэраг партрэтаў[3].

Творы майстра знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, фондах Беларускага саюза мастакоў, мастацкім музеі імя В. Бялыніцкага-Бірулі, музеі «Брэсцкая крэпасць-герой», Пермскай мастацкай галерэі, Полацкай мастацкай галерэі[2].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Узнагароджаны медалямі і Граматай Вярхоўнага савета БССР[2].

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

З 2006 года ў Камянецкім раёне праводзяцца мастацкія пленэры, прысвечаныя памяці Ф. Дарашэвіча. У верасні 2010 года ў Мінскай мастацкай галерэі Л. Шчамялёва дэманстравалася выстава жывапісу Ф. Дарашэвіча «Імя ў гісторыі», арганізаваная пры актыўным удзеле дачкі мастака, Людмілы Фёдараўны Баравіцкай. У лістападзе 2011 года ў гэтай жа галерэі была арганізавана выстава графікі Ф. Дарашэвіча «Эцюды аб мінулым стагоддзі»[2].

Зноскі

  1. Дорошевич Фёдор Иванович (1905—1986)
  2. а б в г д е ё ж з Дорошевич Фёдор Иванович. Брестская областная организация общественного объединения «Белорусский союз художников»
  3. Дарашэвіч Фёдар Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]