Храмасома

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Храмасомы)
Перайсці да: рух, знайсці
Храмасомны набор (карыятып) чалавека (жаночы).

Храмасомы — нуклеапратэідныя структуры ў ядры эўкарыятычнай клеткі (клетка, якая змяшчае ядро), якія становяцца лёгка прыкметнымі ў пэўных фазах клетачнага цыкла (падчас мітоза або меёза). Храмасомы ўяўляюць сабой высокую ступень кандэнсацыі храмаціна, што пастаянна прысутнае ў клетачным ядры. Першапачаткова тэрмін быў прапанаваны для абазначэння структур, выяўляемых у эўкарыятычнай клетках, але ў апошнія дзесяцігоддзі ўсё часцей гавораць аб бактэрыяльных храмасомах. У храмасомах засяроджаная вялікая частка спадчыннай інфармацыі.

У пачатку дзялення клеткі храмацін ушчыльняецца, утвараючы кампактныя структуры — храмасомы. Спецыяльныя ядзерныя бялкі пры гэтым забяспечваюць правільную ўкладку (спіралізацыю) малекулы ДНК, у выніку чаго яе даўжыня ў шмат разоў памяншаецца. Кожная храмасома ўтворана дзвюма сястрынскімі храматыдамі. У састаў кожнай храматыды ўваходзіць адна малекула ДНК. Малекулы ДНК у сястрынскіх храматыдах адной храмасомы ідэнтычныя, г. зн. маюць аднолькавую паслядоўнасць нуклеатыдаў.

Сястрынскія храматыды злучаны адна з другой у вобласці цэнтрамеры (першаснай перацяжкі). Цэнтрамера дзеліць храмасому на два плячы. Храмасомы з роўнымі або амаль роўнымі плячамі называюцца раўнаплечымі, з плячамі неаднолькавай даўжыні — нераўнаплечымі. Храмасомы з адным доўгім, а другім вельмі кароткім, ледзь прыкметным плячом называюцца палачкападобнымі.

Набор храмасом, які ўтрымліваецца ў палавых клетках (гаметах), называюць гаплоідным. Напрыклад, сперматазоіды і яйцаклеткі чалавека змяшчаюць па 23 храмасомы. У гаплоідным наборы кожная храмасома ўнікальная: немагчыма знайсці дзве храмасомы, аднолькавыя па будове (форме, памерах, размяшчэнні перацяжак) і ўтрыманні спадчыннай інфармацыі.

Саматычныя клеткі складаюць цела жывых арганізмаў, утвараючы тканкі і органы, і выконваюць разнастайныя функцыі. У адрозненне ад гамет саматычныя клеткі не прымаюць непасрэднага ўдзелу ў палавым размнажэнні і, як правіла, утрымліваюць дыплоідны (двайны) набор храмасом. У дыплоідным наборы ўсе храмасомы парныя. У прыватнасці, саматычныя клеткі чалавека ўтрымліваюць 46 храмасом. Парныя храмасомы аднолькавыя па будове і падобныя па ўтрыманні спадчыннай інфармацыі, але маюць рознае паходжанне (адна з іх — мацярынская, другая — бацькаўская). Такія храмасомы называюць гамалагічнымі.

Клеткі з наборам храмасом, павялічаным у тры і больш разоў (кратна гаплоіднаму набору), называюць паліплоіднымі.

Арганізмы, якія належаць да аднаго віду, маюць аднолькавы набор храмасом у саматычных клетках (пры гэтым улічваецца колькасць храмасом, іх памеры, форма, асаблівасці будовы). I наадварот, у клетках розных біялагічных відаў храмасомныя наборы розныя. Нават калі супадае колькасць храмасом (напрыклад, у бульбы і шымпанзэ ў дыплоідным наборы 48 храмасом), іх памеры, форма і будова будуць рознымі.

Сукупнасць прымет храмасомнага набору, характэрных для клетак пэўнага віду жывых арганізмаў, называецца карыятыпам. Карыятып — гэта свайго роду «храмасомны пашпарт», па якім клеткі аднаго віду арганізмаў надзейна адрозніваюцца ад клетак другіх біялагічных відаў.

Паміж колькасцю храмасом і складанасцю арганізацыі жывых арганізмаў няма прамой сувязі. Напрыклад, клеткі розных відаў радыялярый змяшчаюць 1000—1600 храмасом, клеткі курыцы — 78, а шымпанзэ — усяго 48. Дыплоідны набор елкі (голанасенная расліна) складае 24 храмасомы, а бярозы (пакрытанасенная расліна) — 18.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / В. М. Ціхаміраў [і інш.]; пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 199 с.: іл. ISBN 978-985-03-1340-9

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]