Нуклеатыды
Нуклеатыды — фосфарныя эфіры нуклеазідаў, нуклеазідфасфаты. Свабодныя нуклеатыды, у прыватнасці АТФ, цАМФ, АДФ, граюць важную ролю ў энергетычных і інфармацыйных унутрыклеткавых працэсах, а таксама з’ўляюцца складнікамі нуклеінавых кіслот, многіх каферментаў і іншых біялагічна актыўных рэчываў.
Складаюцца з азоцістай асновы (звычайна пурынавай або пірымідзінавай), вугляводу рыбозы (рыбануклеатыды) ці дэзоксірыбозы (дэзоксірыбануклеатыды) і аднаго або некалькіх астаткаў фосфарнай кіслаты. Нуклеазідтрыфасфаты — нуклеатыды, што маюць З астаткі фосфарнай кіслаты, з’яўляюцца макраэргічнымі злучэннямі, крыніцамі і пераносчыкамі хімічнай энергіі фасфатнай сувязі. Асобую ролю адыгрывае адэназінтрыфосфарная кіслата — універсальны акумулятар энергіі, які забяспечвае розныя працэсы жыццядзейнасці (сінтэз бялкоў, поліцукрыдаў, ліпідаў і інш.). Нуклеазідтрыфасфаты з’яўляюцца таксама субстратамі для сінтэзу нуклеінавых кіслот. Да важнейшых рэгулятарных нуклеатыдаў адносяцца і іх цыклічныя формы. Свабодныя нуклеазідмонафасфаты утвараюцца шляхам сінтэзу або пры гідролізе нуклеінавых кмслот, далейшае іх фасфарыпіраванне прыводзіць да утварэння адпаведных нуклеазідды- і нуклеазідтрыфасфатаў. Распад нуклеатыдаў адбываецца пад уздзеяннем нуклеатыдаз і нуклеатыдпірафасфарылаз.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- С. С. Ермакова. Нуклеатыды // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Хімічны слоўнік навучэнца. — Мн., «Народная асвета», 2004. — С. 172.