Цнатлівасць

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
У старажытным Рыме вясталкі строга захоўвалі цноту, бо пры яе страце іх каралі смерцю.

Цнатлі́васць, таксама цно́та, цно́тнасць, няві́ннасць, дзяво́цтва — у фізіялагічным сэнсе стан жаночага арганізму да моманту першага сексуальнага кантакту. Анатамічнаю прыкметаю цноты з'яўляецца наяўнасць дзявочай плявы́.

У духоўным сэнсе цнатлівасць (нявіннасць) — гэта свядомы адыход ад палавога жыцця дзеля дасягнення духоўнае дасканаласці; з'яўляецца адным з зарокаў у манастве.

Традыцыйна нявінніцамі або цэлкамі (ад слова "цэлы") называюць дзяўчын, у якіх не было сэксуальных кантактаў з пранікненнем. У некаторых грамадствах паважаецца і цэніцца статус нявінніцы, абасліва ў поглядах на сэксуальныя паводзіны да шлюбу. Больш вольная трактоўка нявіннасці дапускае і мужчынскую нявіннасць — нявіннікамі могуць называцца мужчыны, якія не мелі сэксуальнага вопыту, хоць анатамічна гэта ніяк не праяўляецца.

Анатомія[правіць | правіць зыходнік]

Дзявочая плява

Дзявочая плява (ці гімен, вагінальная карона) — складка слізістай абалонкі з адтулінаю, якая прыкрывае ўваход у похву паміж унутранымі і вонкавымі палавымі органамі і звычайна разбураецца пры першых сексуальных кантактах.

Гімены адрозніваюцца па таўшчыні, форме і эластычнасці. Прысутнасць непарушанага гімена часта разглядаецца як фізічны доказ цнатлівасці ў шырокім сэнсе. Аднак адсутнасць плявы не абавязкова сведчыць аб вопыце сексуальных зносін, бо гімен можа адсутнічаць пры нараджэнні (ці быць пашкоджаны па прычынах, не звязаных з сэксам). Таксама і наяўнасць гімена не можа сведчыць аб адсутнасці сексуальнага вопыту, бо плява можа поўнасцю ці часткова захоўвацца пры пранікальным сэксуальным кантакце.

Акрамя таго, гімен можа быць пашкоджаны да таго, як жанчына ўступае ў сексуальны кантакт, звычайна ў выніку траўмы (напрыклад, пры фізічных практыкаваннях). У рэдкіх выпадках гімен поўнасцю закрывае ўваход у похву і менструальная кроў не мае выхаду.

Цнатлівасць у культуры[правіць | правіць зыходнік]

У многіх культурах захаванне нявіннасці (г. зн. цэласнасці дзявочай плявы) да шлюбу лічылася неабходным.

Жаночая цнатлівасць у некаторых культурах цесна пераплятаецца з асабістаю (т. зв. дзявочаю чэсцю) і нават сямейнаю чэсцю. У многіх традыцыйных рэлігіях распаўсюджаны погляд, што страта дзявочай нявіннасці да шлюбу з'яўляецца ганьбаю.

У некаторых культурах (напрыклад, Банту ў Паўднёвай Афрыцы) праверка на цнатлівасць з'яўляецца звычаем. Як правіла, праверку на цнатлівасць ажыццяўляе старэйшая жанчына. Паводле хрысціянскіх апокрыфаў, праверыць на цнатлівасць спрабавалі і Дзеву Марыю. Падобная праверка, якую ажыццяўляе манахіня ў адносінах да галоўнай гераіні, з'яўляецца адною з ключавых сцэн мастацкага фільма Люка Бесона пра Жанну д'Арк.

Некаторыя элементы сучаснай (асабліва заходняй) культуры больш не разглядаюць дашлюбную цнатлівасць як добрую якасць і могуць намякаць на яе зняважліва. Усё больш частае сярод моладзі меркаванне, што цнатлівасць не з'яўляецца годнасцю, спарадзіла мноства спрэчак, асабліва адносна сексуальнасці моладзі. Цнатлівасць у сталым узросце іншы раз некаторыя разглядаюць як адмоўную з'яву, якая можа быць вынікам непрывабнасці і сексуальнай нясталасці чалавека.

Міфалогія[правіць | правіць зыходнік]

У старажытнагрэчаскай міфалогіі і шэрагу рэлігій цнота лічыцца прыкметаю асаблівай духоўнай чысціні, нявіннасці. Нявінніца (грэч.: παρθένος) — адзін з эпітэтаў багіні Афіны, адсюль і назва храма ў яе гонар — Парфенон.

Цнота часта разглядалася як дабрачынная чысціня і фізічнае самавалоданне і была важнаю якасцю некаторых міфічных персанажаў, такіх як старажытнагрэчаскія багіні Афіна, Артэміда і Гестыя. Вясталкі былі жрыцамі багіні Весты і строга ўстрымліваліся ад сексуальных кантактаў.

Страта нявіннасці[правіць | правіць зыходнік]

Страта цнатлівасці, як першы сексуальны вопыт, звычайна разглядаецца як важная жыццёвая падзея. Гістарычна, гэта ўспрыманне было пад моцным уплывам гендарных ролей. Напрыклад, для мужчыны першыя сексуальныя зносіны часцей звязваліся з гордасцю, а для жанчыны — часцей з сорамам. Тым не менш, у апошнія гады ўплыў традыцыйных гендарных ролей аслаб.

Медыцынскі тэрмін «дэфларацыя» абазначае страту цнатлівасці дзяўчынаю.

Сучасная пластычная хірургія прапаноўвае спосабы аднаўлення дзявочае плявы (гіменапластыка).

Позняя цнатлівасць[правіць | правіць зыходнік]

На погляд медыцыны, здольнасць ажыццяўляць палавы акт паяўляецца ў дзяўчат у 10—13 гадоў, а найбольш спрыяльным з морфафункцыянальнага пункта погляду для страты цнатлівасці з'яўляецца ўзрост 15—19 гадоў, што звязана з пачаткам перараджэння тканкі дзявочай плявы ва ўзросце 20—22 гадоў, з-за чаго больш позняя дэфларацыя можа быць ускладнена[1][2].

Па даных, атрыманых даследчыкамі ўніверсітэта Каламбія, сярод тых, хто страціў цнатлівасць ва ўзросце 21—23 год большая доля асоб, якія адчуваюць праблемы ў наступных палавых зносінах[3].

Асоба жанчын, якія захоўваюць цнатлівасць ва ўзросце 22 год і болей, мае пэўныя асаблівасці. Сярод іншага, для дзвюх трэцей з іх характэрны пурытанскі светапогляд: адмоўнае стаўленне да дашлюбных і пазашлюбных палавых сувязей, парнаграфіі, нудызму; даволі часта яны не ўжываюць алкаголю і не кураць[4].

Позняя цнатлівасць не абавязкова звязана з асексуальнасцю. Толькі дзясятая частка цнатлівіц не адчувае сексуальнага жадання; у астатніх яно як-небудзь праяўляецца, прыкладна палавіна цнатлівіц мелі адчуванні, звязаныя з аргазмам, у тым ліку ў час мастурбацыі[4]. 8 % цнатлівіц з'яўляюцца цнотнымі толькі чыста анатамічна, бо практыкуюць сексуальныя кантакты рознага роду: аральныя, анальныя, зрэдку нават заафільныя[5].

Ацэнка псіхалагічнага профілю цнатлівіц па шкалах MMPI паказваюць іх адрозненні ад умоўна сексуальна нармальных жанчын: цнатлівіцы больш рыгідныя (меней здольныя да змены складзеных поглядаў на жыццё) і песімістычныя, у іх павышаная трывожнасць, а высокі ўзровень інтраверсіі садзейнічае накапленню адмоўных перажыванняў; у сукупнасці ўсё пералічанае можа быць прадпасылкаю для развіцця паталагічных змяненняў псіхікі[6]. Цікава таксама адзначыць, што паказчыкі цнатлівіц вельмі блізкія да паказчыкаў асоб з сексуальнымі адхіленнямі і дыягназаванымі парафіліямі[7].

У ліку прычын позняй цнатлівасці, акрамя пурытанскага выхавання, называецца сексуальны гвалт у дзіцячым і падлеткавым узросце (у 15,5 % цнатлівіц у біяграфіі прысутнічае замах на згвалтаванне ва ўзросце 15—19 гадоў, а 9 % перанеслі распусныя дзеянні ў больш раннім узросце)[7].

Акрамя таго, магчымы ўплыў свядомай і несвядомай гомасексуальнай цягі, прыгнечанай у рамках пурытанскай культуры: 18,5 % цнатлівіц маюць свядомую гомаэратычную цягу[5].

Такім чынам, позняя цнатлівасць не разглядаецца сексолагамі як нармальная з'ява, бо яна звязнана з рэгрэсіўнымі змяненнямі палавых органаў[1][2] і рызыкай развіцця сексуальнай дысфункцыі[3]. Аднак неабходна адзначыць, што прыведзеныя даныя маюць статыстычны, абагульнены характар; у канкрэтнай асобы гэтыя адхіленні ў некаторых выпадках могуць і не назірацца.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1,0 1,1 Дерягин Г. Б. Криминальная сексология. Курс лекций для юридических факультетов. М., 2008. С. 114. ISBN 978-5-93004-274-0
  2. 2,0 2,1 Самойличенко А. Н. Основы судебно-медицинской гименологии. — Караганда, 1994. — 105 с.
  3. 3,0 3,1 Dan Childs. Losing Virginity Later Linked to Sexual Problems , ABC News (Nov. 29, 2007). Праверана 30 мая 2010.
  4. 4,0 4,1 Дерягин Г. Б., С. 115.
  5. 5,0 5,1 Дерягин Г. Б., С. 118.
  6. Дерягин Г. Б., С. 116—117.
  7. 7,0 7,1 Дерягин Г. Б., С. 117.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Дерягин Г. Б., Сидоров П. И., Соловьёв А. Г. Феномен поздней девственности // Социальные и клинические проблемы сексологии и сексопатологии. — М., 2003. — С. 33 — 39