Цярэспальскі мост

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Цярэспальскі мост
Цярэспальская брама. 1915—1918 гг.jpg
52°04′55,57″ пн. ш. 23°39′01,86″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Брэст
Дата пабудовы 1850-я
Стан Знішчаны

Цярэ́спальскі мост — колішні канатна-падвесны мост у Брэсцкай крэпасці. З’яўляўся самым вялікім у Расійскай імперыі пуцеправодам падобнай канструкцыі. Злучаў Цытадэль і Цярэспальскае ўмацаванне[1].

Праект Цярэспальскай брамы, 1854

Узведзены ў 1850-я гг[2]. Праект моста распрацаваны групай расійскіх ваенных інжынераў у 18431848 гадах у комплексе з Цярэспальскай брамай[1]. Праект зацверджаны ў 1854 годзе. У 1860 годзе мост ужо эксплуатаваўся. Драўляныя часткі моста рамантаваліся ў 1892 і 1909 гадах[2].

Цярэспальскія мост і брама, 1915—1918
Цярэспальскі мост, 1915—1918

Канструктыўна мост меў тры рады апорных канатаў са стальнога дрота, падвешаных на тры рады жалезабетонных пілонаў, размешчаных на правым і левым берагах ракі. На правым беразе канаты былі запакаваны і замацаваны ў канструкцыях Цярэспальскай брамы, якая з’яўляецца неад’емнай часткай моста. На левым беразе канаты замацаваны ў падземным анкерным збудаванні. Пілоны моста былі атынкаваны і афарбаваны, дэкараваны чыгуннымі маскаронамі (частка захоўваецца ў музеі Брэсцкай крэпасці). На цэнтральных пілонах моста і на парталах брамы размяшчаліся чыгунныя з пазалотай арлы — гербы Расійскай імперыі. Бэлькі насцілу і фермаў бакавых агародж выкананы з дрэва, пакрыццё моста — з дашчанага насцілу. Падпорныя прырэчышчавыя сцены моста былі абліцаваныя гранітам. Паміж анкернымі збудаваннямі і пілонамі падвеснага пралёта на Цярэспальскім умацаванні меўся поймавы праход шырынёй каля 14 м, пралёт над якім перакрываўся драўляным насцілам па цагляных арках. Да 1914 года даўжыня моста паміж крайнімі анкерамі складала 159 м, пры даўжыні рэчышчавага пралёта 91,9 м, шырыня — каля 9 м[2].

Беларускі этнограф Павел Шпілеўскі ў сваёй кнізе «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» пісаў: «Наваколлі Брэста з цярэспальскага ўезду вельмі маляўнічыя. Праязджаючы праз крапасныя валы, мы былі здзіўлены цудоўным ланцуговым мостам. Гэты мост падобны да Ланцуговага[ru], што каля Летняга саду; адрозненне ў тым, што Брэсцкі даўжэйшы і ланцугі на ім з суцэльных дратоў, а на пецярбургскім — з літога чыгуну»[3].

Мост у верасні 1930 года
Сапёрная прыстань, 1930-я

У 1914  г., пры адступленні расійскімі войскамі дэмантаваны адзін рад апорных пілонаў і вантаў, а таксама ўвесь насціл моста. У 1915 годзе адна паласа моста была адноўлена немцамі. Да 1930 года на месцы вантавага моста, у яго габарытах, польскія сапёры пабудавалі мост на драўляных апорах з пралётнымі драўлянымі фермамі. З прычыны таго, што вышыня драўляных фермаў была нашмат большай за вышыню падвеснага пралётнага збудавання, каб захаваць суднаходны габарыт, праезная частка была паднята прыкладна на 2,2 м, былі дабетанаваны прырэчышчавыя падпорныя сценкі моста, падсыпаны пад’язныя дарогі да яго на абодвух берагах. На востраве былі засыпаны каменныя падпорныя сцены з арачным поймавым праходам. Падсыпка з’езду з моста каля Цярэспальскай брамы была вырашана з выкарыстаннем падпорных сценак і агародж. Справа ад моста была створана так званая Сапёрная прыстань[2].

Канчаткова разбураны ў 1944 г. Захаваліся фрагменты падмурка моста з абодвух берагоў[1].

23 сакавіка 2011 года дэлегацыя Брэста на чале са старшынёй Брэсцкага гарвыканкама Аляксандрам Палышанковым правяла кансультацыі з польскімі партнёрамі па пытанні будаўніцтва і далейшага функцыянавання міжнароднага турыстычнага пешаходнага пераходу «Брэст — Цярэспаль». Планавалася, што мост будзе адноўлены ў першапачатковым выглядзе, ад яго моста падарожнікі пройдуць (або праедуць на веласіпедах) каля 1200 метраў па Пагранічным востраве да Абводнага канала, па якім праходзіць граніца з Польшчай[4].

Для вывучэння культурнага слоя і падземных збудаванняў Цярэспальскага моста і брамы ў чэрвені 2011 года і ліпені-жніўні 2013 года ў зоне будаўніцтва філіялам «Брэстрэстаўрацыяпраект» былі праведзены археалагічныя раскопкі[2].

16 ліпеня 2013 года быў прадстаўлены праект аднаўлення моста, распрацаваны брэсцкім ТАА «Перадавыя будаўнічыя тэхналогіі»[5].

23 жніўня 2013 года было прынята рашэнне аб выкарыстанні ў якасці асновы выгляд моста на 1941 год. Тады даўжыня моста складала 92 метры, а шырыня — 9 метрам. Аднаўленне моста патрабуе таксама рэканструкцыі і Цярэспальскай брамы[6].


Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Аб'ект у Базе даных «Спадчына Брэсцкай крэпасці» (руск.) 

Шаблон:Абарончыя збудаванні Брэсцкай крэпасці

Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.