Перайсці да зместу

Залачэнне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Пазалота)
Залачэнне драўлянай рамкі лістамі сусальным золатам
Пазалочаная брама ў Новым Каралеўскім замку ў Празе
Пазалочаныя электронныя кантактныя элементы

Залачэ́нне — пакрыццё вырабаў, асобных частак прылад, канструкцый або збудаванняў тонкім слоем золата з дэкаратыўнымі, ахоўнымі і ахоўна-дэкаратыўнымі мэтамі[1].

Выкарыстоўваецца ў ювелірнай і гадзіннікавай вытворчасці, паўправадніковай тэхніцы, прыкладным мастацтве і іншых галінах[1].

Спосабы залачэння

[правіць | правіць зыходнік]

Існуе некалькі спосабаў нанясення залатога пакрыцця[1]:

  • Ліставое залачэнне — наклейванне на падрыхтаваную паверхню тонкіх (0,1—0,3 мкм) лістоў золата. Гэты спосаб вядомы з 3-га тысячагоддзя да н.э. (у Егіпце). У Кіеўскай Русі ён пашырыўся з X—XI стагоддзяў і ўжываўся для аддзелкі палацаў і храмаў. У паліграфіі выкарыстоўваецца для спецыяльнага мастацкага друкавання і ціснення пераплётаў.
  • Парашковае залачэнне — нанясенне на выраб, пакрыты клейкім лакам, тонкага слоя залатога парашку.
  • Агнявое залачэнне — пакрыццё металічных, звычайна медных, лістоў амальгамай (сплаў золата і ртуці) з наступнай адгонкай ртуці пры награванні. Другі варыянт гэтага спосабу — нанясенне на фарфора-фаянсавыя вырабы лаку, у якім ёсць золата. Пры абпальванні лак выгарае, а залатое покрыва застаецца.
  • Залачэнне плакіроўкай — гарачая пракатка лістоў золата з лістамі іншага металу або валачэнне металічных пруткоў, абкручаных лістамі золата. Такім спосабам вырабляюць біметал для карпусоў гадзіннікаў і іншых вырабаў.
  • Гальванічнае залачэнне (выкарыстоўваецца з сярэдзіны XIX стагоддзя) — нанясенне залатога пакрыцця метадам электралітычнага асаджэння, пераважна ў цыяністых залатых электралітах.
  • Залачэнне катодным распыленнем пашырана ў вытворчасці фотаэлементаў.

Залачэннем таксама называюць пакрыццё прадметаў рэчывамі залацістага колеру[1].