Чаванок

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чаванок
Chowanoac
Алганкіны Паўночнай Караліны, 1590 г.
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Паўночная Караліна
Мова усходняя алганкінская
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы секатан, матапоні, паўхатан

Чаванок (саманазва: Chowanoac, літаральна «паўднёўцы») — індзейскі народ, карэнныя насельнікі амерыкаскага штата Паўночная Караліна.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Чаванок — адзін з усходніх алганкінскіх народаў, які ўпершыню быў узгаданы ў 1586 г. у сувязі з заснаваннем англійскай калоніі Раанок. Яны насялялі балоцістыя нізіны, дзе займаліся паляваннем і рыбалоўствам, ведалі земляробства. Нягледзячы на небяспечнае суседства з іракезскімі народамі, чаванок разглядаліся каланістамі як адно з найбольш магутных плямёнаў узбярэжжа. Ральф Лейн, губернатар калоніі, падманам захапіў у палон іх правадыра Менатанона і выведаў у яго звесткі пра радовішча медзі ва ўнутраным мацерыковым раёне. Аднак экспедыцыя ў яго пошуках скончылася беспаспяхова.

У XVII ст. чаванок былі саслаблены захворваннямі, прынесенымі еўрапейцамі, а таксама міграцыяй у населеныя імі мясціны ваяўнічых тускарора. У 16661667 гг. яны былі заваяваны англійскімі каланістамі з суседняй Вірджыніі. У 1711 г., калі чаванок падтрымалі англічан супраць тускарора, яны здолелі выправіць толькі 15 воінаў. Тэрыторыі, вылучаныя ім у якасці рэзервацыі, стала скарачаліся з-за памяншэння насельніцтва. Да 1751 г. яны прадалі англічанам свае апошнія землі. Выжылыя перасяліліся на поўнач ад традыцыйных тэрыторый.

Доўгі час чаванок лічыліся зніклым народам. Аднак у пачатку XXI ст. іх прамыя нашчадкі стварылі аб’яднанне нацыі чаванок. У 2017 г. яны былі прызнаны ў якасці самастойнага індзейскага племені сенатам Паўночнай Караліны[1]. У 2018 г. набылі частку зямель былой рэзервацыі[2].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]