Чагас
Чагас | |
---|---|
англ. Chagos | |
![]() Атол Саламон | |
Характарыстыкі | |
Колькасць астравоў | 60 |
Найбуйнейшы востраў | Дыега-Гарсія |
Агульная плошча | 63,2 км² |
Найвышэйшы пункт | 7 м |
Насельніцтва | 4 000 чал. (2006) |
Шчыльнасць насельніцтва | 63,29 чал./км² |
Размяшчэнне | |
4°55′ пд. ш. 72°20′ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Індыйскі акіян |
Краіна | |
![]() |
Чагас (англ.: Chagos) — архіпелаг з сямі атолаў з больш чым 60 трапічнымі астравамі ў Індыйскім акіяне, змешчаны прыкладна ў 500 кіламетрах на поўдзень ад Мальдываў, па сярэдзіне шляху з Афрыкі ў Інданезію.
Архіпелаг Чагас — частка Брытанскай тэрыторыі ў Індыйскім акіяне.
Сталых жыхароў няма, толькі востраў Дыега-Гарсія засяляюць брытанскія і амерыканскія ваенныя (4000 чал. у 2006 г.).
Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]
Усяго тэрыторыя архіпелагу складае 63,2 км², з якіх востраў Дыега-Гарсія займае 27,19 км². Плошча жа марской тэрыторыі з лагунамі архіпелагу перавышае 15 тыс. км², з іх 13 тыс. км² — у межах банкі Вялікі Чагас. Гэта — адзін з самых вялікіх атолавых архіпелагаў у свеце.
Архіпелаг складаецца з сямі частак:
- востраў Дыега-Гарсія (акрамя галоўнага вострава яшчэ 3 астраўкі)
- Эгмант (7 астраўкоў)
- атол Перас-Баньёс (27 астраўкоў)
- Саламон (11 астраўкоў)
- Банка Вялікі Чагас (7 астраўкоў)
- Рыф Блэнхайм (3 астраўкі)
- Банка Спікерс (1 астравок)
Калі самы самы вялікі востраў архіпелагу Дыега-Гарсія мае плошчу 27,19 км², то другі па велічыні востраў архіпелагу (Ігл у Вялікім Чагасе) меншы у 11 разоў (2,45 км²). Астатнія астраўкі па плошчы не перавышаюць 1,5 км².
Клімат[правіць | правіць зыходнік]
Клімат астравоў трапічны марскі, спякотны і вільготны. Архіпелаг добра прадуваецца вятрамі. Сярэднегадовая колькасць ападкаў — каля 2600 мм (ад 105 мм у жніўні да 350 мм у студзені). Сярэднемесячная тэмпература вагаецца ад 26,2 °C да 28,3 °C.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Архіпелаг быў здаўна вядомы жыхарам Мальдываў, якія называлі яго Фалавахі. У пач. XVI стагоддзя ён быў адкрыты партугальцамі. Некалькі астраўкоў маглі быць заўважаны вядомым мараплаўцам Васка да Гама, але афіцыйнае адкрыццё зрабіў навігатар Педра дэ Маскарэньяс пад час экспедыцыі 1512 - 1513 гг.
У 1778 г. астравы фактычна былі анэксіраваны Францыяй. Французскія прадпрымальнікі арганізавалі плантацыі какосавай пальмы, для працы на якіх пачалі увозіць афрыканскіх неграў-рабоў. Яны склалі аснову мясцовых тубыльцаў ілуа (літаральна "астравіцян").
У 1814 г. астравы Чагас былі далучаны да Вялікабрытаніі і адміністрацыйна кіраваліся з Маўрыкія. У 1965 г., калі Маўрыкій атрымаў незалежнасць, Вялікабрытанія заставіла архіпелаг у сваім складзе (гл. Брытанскую тэрыторыю ў Індыйскім акіяне). У 1967 - 1973 гг. ілуа (у 1952 г. іх колькасць дасягала 1142 чал.) атрымалі фінансавую кампенсацыю і былі прымусова выселены на Маўрыкій і Сейшэльскія астравы з падставы закрыцця непрыбытковых плантацый. Прычым, урад Маўрыкія таксама атрымаў кампенсацыю ў памеры ₤650 тыс.
З 1971 г. на Дыега-Гарсія дзейнічае буйная ваенная база ЗША. Сярод персанала базы працуюць у тым ліку ілуа. Згодна дагавору з Вялікабрытаніяй, амерыканскія ваенныя застануцца да 2036 г.
Аднак інтэрніраваныя астравіцяне і іх нашчадкі арганізавалі рух за вяртанне. У 2006 г. група ілуа прыкладна ў 100 чалавек здолела наведаць радзіму. У тым жа годзе карэнныя жыхары выйгралі працэс у Вярхоўным судзе і атрымалі дазвол на вяртанне. Аднак ён быў адхілены ўрадам Вялікабрытаніі. Згодна WikiLeaks, брытанскія ўлады збіраюцца арганізаваць на архіпелаге запаведнік і такім чынам зрабіць вяртанне ілуа наогул не магчымым.
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Чагас
- Брытанская тэрыторыя ў Індыйскім акіяне
- The UK Chagos Support Association