Дыега-Гарсія
Дыега-Гарсія | |
---|---|
англ. Diego Garcia | |
![]() Выгляд з паветра | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 27 км² |
Насельніцтва | 4 000 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 148,15 чал./км² |
Размяшчэнне | |
7°18′ пд. ш. 72°24′ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Індыйскі акіян |
Краіна | |
Рэгіён | Брытанская тэрыторыя ў Індыйскім акіяне |
![]() |
Дыега-Гарсія (англ.: Diego Garcia) - востраў у Індыйскім акіяне, частка архіпелага Чагас. Уваходзіць у склад Брытанскай тэрыторыі ў Індыйскім акіяне. Фактычна кантралюецца ЗША. Плошча сушы - 27,19 км². Насельніцтва (2006 г.) - 4000 чал.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Пра існаванне Дыега-Гарсія і іншых астравоў Чагас здаўна ведалі жыхары Мальдываў. Пад час экспедыцыі 1512 - 1513 гг. яны былі адкрытыя партугальскім навігатарам Педра дэ Маскарэньясам.
У 1778 г. астравы фактычна былі анэксіраваны Францыяй. Па загаду французскага губернатара Маўрыкія Дыега-Гарсія быў перададзены ў карыстанне прадпрымальніку Дз. дэ ла Фэю. У 1786 г., калі да вострава падыйшоў англійскі карабель, каб заснаваць тут паселішча, то англічане ўбачылі некалькіх французаў, што жылі ў простых хацінах. Дз. дэ ла Фэй арганізаваў плантацыі какосавай пальмы, для працы на якіх пачаў увозіць афрыканскіх неграў-рабоў. Яны склалі аснову мясцовых тубыльцаў ілуа (літаральна "астравіцян").
У 1814 г. астравы Чагас і Дыега-Гарсія былі далучаны да Вялікабрытаніі і адміністрацыйна кіраваліся з Маўрыкія. У 1833 г. рабства было адменена. Ніякіх іншых істотных захадаў для далейшага развіцця калоніі брытанскія ўлады не прадпрымалі.
У 1881 - 1888 гг. праз Дыега-Гарсія праходзіла параходная лінія паміж Суэцам і Аўстраліяй. У 1882 г. кантроль над мясцовымі плантацыямі атрымала прыватная кампанія. У 1942 - 1946 гг. на Дыега-Гарсія размяшчалася часовая брытанская ваенна-марская база.
У 1965 г., калі Маўрыкій атрымаў незалежнасць, Вялікабрытанія стварыла Брытанскую тэрыторыю ў Індыйскім акіяне. У 1966 г. Вялікабрытанія заключыла дагавор з ЗША, згодна якому перадавала Дыега-Гарсія ў карыстанне ЗША для забеспячэння абароны (першапачаткова да 2016 г., пазней да 2036 г.). У кастрычніку 1971 г. ілуа (у 1952 г. іх колькасць дасягала 1142 чал.) атрымалі нязначную фінансавую кампенсацыю і былі прымусова выселены з падставы закрыцця непрыбытковых плантацый. У 2004 г. улады Вялікабрытаніі падцвердзілі забарону на вяртанне карэнных астравіцян.
З 1971 г. востраў кіруецца амерыканскай ваеннай адміністрацыяй. Тут была пабудавана буйная ваенная база, якая абслугоўвае самалёты і караблі. База да Дыега-Гарсія выкарыстоўвалася амерыканцамі ў тым ліку пад час ваенных аперацый у Афганістане (2001–2006 гг.) і Іраке (2003–2006 гг.).
Прырода і геаграфія[правіць | правіць зыходнік]
Востраў уяўляе сабою класічны атол. Знаходзіцца ў 3300 км на ўсход ад узбярэжжа Афрыкі і ў 2200 км на поўдзень ад узбярэжжа Азіі. У цэнтры размешчана лагуна 19 км у даўжыню і 8 км у шырыню, акружаная вузкай паласой надводных каралавых рыфаў. Глыбіня лагуны дасягае 25 м. Агульная плошча атола - 174 кв. км., аднак суша займае толькі 27,19 кв. км. Максімальная вышыня над узроўнем мора - каля 7 м.
Клімат - трапічны пасатны. На працягу года тэмпература вагаецца ад 29 да 31°C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў - 250 мм у год. Наймацнейшыя дажджы працягваюцца з кастрычніка па люты. Сталых наземных вадатокаў няма. Дыега-Гарсія знаходзіцца ў зоне мінімальнай рызыкі пашкоджання з боку трапічных цыклонаў.
Нязначную частку вострава займаюць пяшчаныя выдмы і пляжы. Астатняя тэрыторыя знаходзіцца ў карыстанні ці занята насаджэннямі, у тым ліку 12 відамі дрэў, 5 - хмызнякоў, 10 - травянистых раслін, 4 - лоз, 5 - папарацяў. Найбольш распаўсюджаныя расліны - какосавая пальма, махагоніевыя, кенаф і інш.
Жывёльны свет бедны, прадстаўлены сухапутнымі крабамі, кажанамі, олушамі, фрэгатамі, мадагаскарскімі фодзі і г. д.
У 2004 г. лагуна Дыега-Гарсія атрымала статус Рамсарскага ўгоддзя (гл. Рамсарская канвенцыя).
Галерэя[правіць | правіць зыходнік]
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дыега-Гарсія
- Брытанская тэрыторыя ў Індыйскім акіяне (англ.)
- Барацьба карэнных жыхароў за вяртанне (руск.)
- Фатаздымкі