Чырвонаслабодская зона падняццяў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Чырвонаслабодская зона падняццяў, Чырвонаслабодскае валападобнае падняцце, Чырвонаслабодскі выступ — тэктанічная структура ў Салігорскім, Любанскім, Акцябрскім, Петрыкаўскім і Калінкавіцкім раёнах, у прыўзнятай частцы Чырвонаслабодска-Маладушынскай тэктанічнай ступені Прыпяцкага прагіну. Даўжыня больш за 150 км, шырыня 3—10 км, распасціранне субшыротнае.

Паверхня фундамента залягае на адзнаках ад -1500 да -3000 м, паніжаецца на паўночны ўсход і поўнач. Па гэтай паверхні (з захаду на ўсход) вылучаюцца Новадуброўскае, Нежынскае, Калінаўскае, Акцябрскае, Паўночна-Даманавіцкае, Казанскае прыразломныя падняцці. У стратыграфічным разрэзе ўстаноўлены верхнепратэразойскія, сярэдне- і верхнедэвонскія (падсалявыя тэрыгенныя, карбанатныя, ніжнесаляносныя, міжсалявыя, верхнесаляносныя, надсалявыя), каменнавугальныя, пермскія, мезазойскія і кайназойскія адклады. Будова паверхні падсалявых дэвонскіх адкладаў падобная да будовы паверхні фундамента. У найбольш прыўзнятай частцы зоны магутнасць міжсалявых адкладаў зменшана, а на некаторых плошчах яны зусім знікаюць з разрэзу (Чырвонаслабодская, Казанская плошчы). Фарміраванне Чырвонаслабодскай зоны падняццяў адбывалася пераважна ў фаменскі час позняга дэвону і раннім карбоне. На Казанскай плошчы ў падсалявых карбанатных, а на Паўночна-Даманавіцкай з міжсалявых адкладаў атрыманы прытокі нафты.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]