Чэддзі Джаган

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чэддзі Бэрэт Джаган
Cheddi Berret Jagan
Сцяг3-і прэзідэнт Гаяны
9 кастрычніка 1992 — 6 сакавіка 1997
Папярэднік Дэсманд Хойт
Пераемнік Сэм Хіндс

Нараджэнне 22 сакавіка 1918(1918-03-22)
Порт-Морант, Гаяна
Смерць 6 сакавіка 1997(1997-03-06) (78 гадоў)
Вашынгтон, ЗША
Месца пахавання Джорджтаўн
Бацька Джаган
Маці Бачоні
Жонка Джэнет Джаган
Веравызнанне атэізм
Партыя Народная Прагрэсіўная Партыя
Адукацыя
Дзейнасць палітык, стаматолаг
Аўтограф Выява аўтографа
Узнагароды
ордэн Дружбы народаў Order of the Companions of O. R. Tambo
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Чэддзі Бэрэт Джаган (англ.: Cheddi Berret Jagan; 22 сакавіка 1918, Порт-Морант, Гаяна — 6 сакавіка 1997, Вашынгтон, ЗША) — палітычны дзеяч і пісьменнік Гаяны. У 19921997 гг. — прэзідэнт гэтай краіны.

Шлях у палітыку[правіць | правіць зыходнік]

Чэддзі Джаган нарадзіўся ў сям'і наёмных рабочых на захадзе сучаснай Гаяны. Яго бацькі паходзілі з Паўночнай Індыі, былі злучаны шлюбам яшчэ ў дзяцінстве, у юнацтве пераехалі на працу ў Брытанскую Гвіяну. Дзяцінства Чэддзі Джагана прайшло ў жабрацтве. Бацька прымусіў яго пасля заканчэння школы адправіцца на вучобу ў Каралеўскі каледж у Джорджтаўне, а потым у 1935 г. — пераехаць у ЗША для вывучэння стаматалогіі. У 1943 г. незадоўга да вяртання ў Брытанскую Гвіяну Чэддзі Джаган ажаніўся з Джэнет Розенберг, амерыканкай яўрэйскага паходжання.

У кастрычніку 1943 г. Чэддзі Джаган разам з жонкай пачаў прыватную стаматалагічную практыку. У 1945 г. уступіў у прафсаюз, дзе спярша выконваў абавязкі скарбніка, а таксама публікаваўся ў мясцовай газеце.

Палітычная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

У 1947 г. Чэддзі Джаган быў абраны прадстаўніком у заканадаўчы сход Брытанскай Гвіяны. У 1950 г. на аснове прыхільнікаў прафсаюзнага руху ён стварыў першую палітычныю партыю Гаяны — Народную Прагрэсіўную партыю (НПП). Для прыцягнення афрагаянскіх выбаршчыкаў Чэддзі Джаган запрасіў у якасці сукіраўніка маладога афрагаянскага адваката Форбса Бэрнхама, будучага першага прэм'ер-міністра і прэзідэнта незалежнай Гаяны. У 1953 г. прадстаўнікі НПП выйгралі выбары ў заканадаўчы сход, першае паседжанне якога 18 мая Чэддзі Джаган і Форбс Бэрнхам адкрылі сумесна. Аднак палітыка ўрада НПП выклікала незадаволенасць Вялікабрытаніі. 9 кастрычніка 1953 г. Лондан адмяніў асноўны закон Брытанскай Гвіяны і распусціў заканадаўчы сход.

У 1955 г. паміж двумя лідарамі НПП адбыўся раскол. Форбс Бэрнхам узначаліў адносна невялікую фракцыю, а ў 1958 г. стварыў цалкам самастойны Народны Нацыянальны Кангрэс (ННК).

У 1961 г. НПП на чале Чэддзі Джагана зноў выйграла выбары. Быў створаны ўрад з чальцоў НПП, уведзена пасада прэм'ер-міністра, якую заняў Чэддзі Джаган. Аднак кіраванне НПП адзначылася сталымі канфліктамі з апазіцыяй. У 1963 г. на канстытуцыйнай канферэнцыі ў Лондане Форбс Бэрнхам прапанаваў увесці прапарцыянальную сістэму выбараў, што і было зроблена. Гэта прывяло да паражэння НПП на выбарах 1964 г. Апазіцыйныя партыі сфарміравалі кааліцыю на чале Форбса Бэрнхама, які стаў прэм'ер-міністрам. 26 мая 1966 г. падчас канферэнцыі ў Лондане было заключана пагадненне з Вялікабрытаніяй аб наданні Гаяне незалежнасці.

Форбс Бэрнхам кіраваў дзяржавай да сваёй смерці ў 1985 г. Чэддзі Джаган увесь гэты час з'яўляўся лідарам апазіцыі, супрацоўнічаў з шэрагам міжнародных арганізацый. У 1985 - 1992 гг. НПП узмацніла ціск на ўрад НКК. Пры пасрэдніцтве Джымі Картэра была дасягнута дамова аб адмене некаторых правіл галасавання, якія, як лічыў Чэддзі Джаган, дазвалялі НКК маніпуляваць выбарамі. Гэта дазволіла Чэддзі Джагану выйграць прэзідэнцкую кампанію 1992 г. 9 кастрычніка 1992 г. ён быў абвешчаны прэзідэнтам Гаяны. Гэтую пасаду ён займаў да сваёй смерці ад сардэчнага прыступу 6 сакавіка 1997 г.

Палітычныя погляды[правіць | правіць зыходнік]

Падобна іншым лідарам Паўднёвай Амерыкі і свайму галоўнаму апаненту Форбсу Бэрнхаму, Чэддзі Джаган з'яўляўся папулістам. У перыяд 1950 - 1964 гг. для крытыкі каланіяльнага рэжыму Вялікабрытаніі ён актыўна карыстаўся марксісцкай рыторыкай і ўспрымаўся з боку правых палітыкаў як камуніст. Аднак адкрыта аб сваёй ідэалагічнай пазіцыі Чэддзі Джаган не выказваўся. Лічыцца, што Вялікабрытанія і ЗША падтрымалі Форбса Бэрнхама ў 1964 г. з-за нежадання атрымаць камуністычны ўрад у паўднёваамерыканскай краіне, якая імкнулася да незалежнасці.

З 1969 г. Форбс Бэрнхам абвясціў сябе прыхільнікам марксізму, праводзіў палітыку "кааператыўнага сацыялізму", супрацоўнічаў з Кубай і Кітаем. Першапачаткова Чэддзі Джаган працягваў крытыку рэформ свайго апанента з пункту гледжання марксісцкай ідэалогіі, аднак з пераходам часткі чальцоў сваёй партыі ў НКК і правалам палітыкі "кааператыўнага сацыялізму" пачаў настойваць на захаванні дробнай прыватнай маёмасці і прыватнага гандлю. Гэта ў значнай ступені паўплывала на пазіцыю Джымі Картэра, які падтрымаў лідара НПП на выбарах 1992 г. Падчас прэзідэнцтва Чэддзі Джагана, у Гаяне адбываліся рэформы, распрацаваныя МВФ. Яны садзейнічалі прытоку інвестыцый з ЗША і іншых краін, але прывялі да расслаення і збяднення значнай часткі грамадства. Пры гэтым Чэддзі Джаган неаднаразова крытыкаваў палітыкі Захаду, выказваўся за антыглабалізм.

У самой Гаяне супярэчлівыя палітычныя погляды Чэддзі Джагана атрымалі назву джаганізм.

Літаратурная творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Свае палітычныя і жыццёвыя погляды Чэддзі Джаган адлюстроўваў пераважна ў шматлікіх публіцыстычных артыкулах, біяграфічных і гістарычных працах.

Найбольш вядомыя выданні:

  • Forbidden Freedom Story of British Guyana ("Гісторыя забароны свабоды ў Брытанскай Гвіяне"), 1954 г.
  • Selected Correspondences 1953-1965 ("Выбраная перапіска за 1953 - 1965 гг."), 1966 г.
  • Selected Speeches ("Выбраныя прамовы"), 1995 г.
  • The West on Trial: My Fight for Guyana's Freedom ("Суд над Захадам: Мая барацьба за свабоду Гаяны"), 1997 г.
  • My fight for Guyana's freedom ("Мая барацьба за свабоду Гаяны"), 1998 г.
  • USA in South America ("ЗША ў Паўднёвай Амерыцы"), 1999 г.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Чэддзі Джагана часцяком называюць бацькам гаянскай нацыі. У яго гонар названы міжнародны аэрапорт каля Джорджтаўна.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]