Перайсці да зместу

Гісторыя Гаяны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карта Гаяны.

Гісторыя Гаяны займае прамежак часу больш за 10 тысяч гадоў. Хаця незалежная дзяржава Гаяна ўзнікла толькі ў 1966 годзе, яна мае багатае мінулае, прадстаўленае шматвяковай гісторыяй індзейцаў, карэнных жыхароў Паўднёвай Амерыкі, каланіяльным перыядам дамінавання еўрапейскіх дзяржаў, фарміраваннем сучаснага шматэтнічнага грамадства Гаяны, яго барацьбой за незалежнасць і сацыяльную раўнавагу.

Першабытнае грамадства

[правіць | правіць зыходнік]

Першыя людзі з’явіліся на тэрыторыі Гвіяны каля 11 тысяч гадоў таму. У 15 — 4 тысячагоддзях да н. э. працягвалася стварэнне сучаснага ландшафта алювіяльнай раўніны. Першыя пасяленцы на захад ад ракі Эсекіба жылі сярод балот і мангравых лясоў, займаліся паляваннем і збіральніцтвам. Каля 7 тысяч гадоў таму на поўначы Гаяны сфарміравалася прымітыўная культура, носьбіты якой шырока ўжывалі прылады працы з шліхтаванага кварцу і костак жывёл, выраблялі раслінныя валокны, плеценыя кошыкі і ўпрыгожванні. Археолагі высветлілі, што асновай харчавання ў той час былі рыба, чарапахі, крабы, дзікія арэхі, казуркі і г. д.[1]

Каля 4 тысяч гадоў таму забалочаныя берагі рэк, што былі прытулкам для людзей і жывёл, ахапіла моцная засуха. Узровень мора падвысіўся. Гэта вымусіла паляўнічых і збіральнікаў перасяляцца ўглыб тэрыторый, дзе меліся запасы прэснай вады, аднак не было некаторых відаў пальмаў, з якіх атрымоўвалі важныя для рацыёна крухмалістыя рэчывы. Таму каля 3 тысячагоддзяў таму старажытныя насельнікі Гаяны перайшлі да земляробства, сталі вырошчваць маніёк. Археолагі лічаць, што земляробы 1 тысячагоддзя н. э. былі прамымі продкамі сучасных індзейцаў аравакаў і варау[2]. Яны будавалі адносна невялікія паселішчы да 15 хацін, у балоцістай мясцовасці рабілі штучныя насыпы з пяску і торфу, якія дапамагалі ратавацца ад паводак, выраблялі кераміку і каменныя прылады. Незадоўга да прыходу еўрапейцаў на поўначы Гаяны з’явіліся карыбы. Акрамя таго, у розных раёнах жылі асобныя групы гуарані[3].

Пачатак еўрапейскай каланізацыі

[правіць | правіць зыходнік]
Карта калоніі на рацэ Бербіс, 1780 г.

Узбярэжжа Гаяны было адкрыта іспанцамі ў 1498 г. У 1499 г. яно было даследавана экспедыцыяй Алонса дэ Ахеда і Амерыга Веспучы[4]. Згодна Тардэсільяскаму дагавору 1494 г. паміж Іспаніяй і Партугаліяй, тэрыторыя сучаснай Гаяны трапляла ў зону іспанскага ўплыву. Нізінныя забалочаныя землі з вільготным неспрыяльным кліматам не зацікавілі іспанскіх перасяленцаў. Яны абгрунтаваліся далёка на захадзе, на тэрыторыі сучаснай Венесуэлы, хаця працягвалі лічыць Гаяну сваёй тэрыторыяй[5]. Заходняя Гаяна да ракі Эсекіба была фармальна ўключана ў склад віцэ-каралеўства Новая Гранада. З канца XVI ст. вусці Эсекіба, Дэмірары і Бербіса аказалася прывабнымі для галандцаў і англічан, якія імкнуліся замацавацца ў Новым Свеце на землях, непадкантрольных іспанцам.

У Еўропе тэрыторыя Гаяны была вядома як частка Гвіяны. Яе назва пазней замацавалася за краінай як Гаяна. Сама назва паходзіць з мовы індзейцаў і значыць «зямля шматлікіх вод»[6]. У 1595 г. англійскі пірат і палітычны дзеяч Уолтэр Рэлі прэзентаваў кнігу «Адкрыццё Гвіяны». Яна была напісана на аснове справаздачы аб яго сапраўднай вандроўцы ў Амерыку, але ўтрымоўвала шмат перабольшванняў і міфалагічных сюжэтаў аб багаццях гэтай маладаследаванай краіны. У 16171618 гг. У. Рэлі па загаду караля здзейсніў яшчэ адну вандроўку ў Паўднёвую Амерыку ў пошуках апісаных ім багаццяў. Яна скончылася беспаспяхова[7]. Аднак праца пірата доўгі час турбавала розум еўрапейцаў[8]. Толькі ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. дзякуючы пошукам Аляксандра фон Гумбальта стала зразумела, што ў Гвіяне няма Эльдарада.

У 1598 г. узбярэжжа Гаяны таксама даследавала галандская экспедыцыя. У 1616 г. галандцы заснавалі першую калонію на рацэ Эсекіба. Іх поспеху садзейнічала падтрымка галандцаў з боку англічан, якія каланізавалі на суседні востраў Барбадас, а таксама індзейцаў-аравакаў, якія пасля 1618 г. распачалі канфлікт з іспанцамі. У 1621 г. калонія была падпарадкавана галандскай Вест-Індскай кампаніі. У вусці Эсекіба была пабудавана крэпасць Зеландыя, калонія атрымала назву Новая Зеландыя (нідэрл.: Nova Zeelandia)[9]. Да пачатку XVIII ст. галандцы здолелі стварыць яшчэ шэраг калоній на ўзбярэжжы Гаяны і Сурынама. Адным з найбольш важных галандскіх фарпостаў у Паўднёвай Амерыцы стала калонія на рацэ Бербіс, створаная ў 1627 г. Яе цэнтрам у XVIII ст. быў Новы Амстэрдам, багатае і добра ўмацаванае ваеннае і гандлёвае паселішча[10]. У сярэдзіне XVIII ст. паўстала калонія на рацэ Дэмірара[11]. Спроба англічан у 1620 г. замацавацца ў Гвіяне[12] скончылася беспаспяхова.

Першыя галандскія пасяленцы ў Гвіяне часцей былі мараплаўцамі і гандлярамі. Яны былі вымушаны адстойваць сваё права на жыццё ў кровапралітных сутыкненнях з еўрапейскімі піратамі і індзейцамі. Ужо сярод першых каланістаў Эсекіба былі чарнаскурыя рабы афрыканскага паходжання. З другой паловы XVII ст. колькасць рабоў узрасла ў сувязі з паступовай пераарыентацыяй мясцовай эканомікі з гандлю на сельскую гаспадарку, заснаваную на камерцыйным вырошванні тытуню, кавы, касавы, бавоўны і цукровага трыснягу. Галандская Вест-Індская кампанія садзейнічала пашырэнню прыватных плантацый гэтых культур. Рабы з’яўляліся таннай рабочай сілай, да таго ж фактычна бяспраўнай.

Вынікам жорсткай эксплуатацыі чарнаскурых нявольнікаў стала паўстанне бербіскіх рабоў 23 лютага 1763 г. На той час у калоніі жыло 346 еўрапейцаў і 3833 нявольнікі-афрыканцы. Паўстанцы здолелі добра арганізавацца, стварылі свой урад, які ўзначаліў малады правадыр з Ганы, Кофі. Да канца красавіка яны выгналі белае насельніцтва, хаця не здолелі захапіць крэпасць Насау ў Новым Амстэрдаме. У калонію тэрмінова прыбылі ваенныя падмацаванні, якія задушылі паўстанне. 88 паўстанцаў былі закатаваны, з іх 22 — спалены жыўцом[13].

З пачаткам Амерыканскай рэвалюцыі ў Карыбскім басейне зноў ажывіўся гандаль. Галандскія каланісты пастаўлялі кантрабанду ў паўночнаамерыканскія брытанскія калоніі, ахопленыя паўстаннем. Але гэта прывяло да канфлікта з Вялікабрытаніяй. У 1781 г. брытанскія капёры захапілі калоніі ў Гаяне, захавалі прыватныя валоданні саміх каланістаў, аднак маёмасць Вест-Індскай кампаніі абвясцілі брытанскай[14]. Цікава, што спробу ўзброенага супраціўлення паспрабаваў арганізаваць толькі губернатар калоніі на Бербісе. У астатніх выпадках брытанцы дамагліся перамогі праз перагаворы. У вусці ракі Дэмерара захопнікі пабудавалі крэпасць Джордж, будучы Джорджтаўн. У 1782 г. Гаяна была захоплена французамі. У 1783 г. кантроль над калоніямі быў зноў вернуты галандцам.

У 1795 г., калі Нідэрланды былі захоплены французскімі рэвалюцыйнымі войскамі, і новы ўрад перайшоў на бок Францыі, Вялікабрытанія як супернік французаў у 1796 гг. зноў акупавала Гаяну. Брытанскія ўлады імкнуліся зацвердзіць гэтыя землі за сабою на доўгі час, таму садзейнічалі перасяленню брытанскіх каланістаў. Паводле дагавораў 1814 г., падпісаных у Лондане[15], Нідэрланды канчаткова адмовіліся ад калоній у Гаяне на карысць Вялікабрытаніі.

Брытанская Гвіяна

[правіць | правіць зыходнік]
Паўстанне 1823 г.

З 1796 г. Вялікабрытанія праводзіла ў захопленых ёю галандскіх калоніях Гвіяны палітыку прасоўвання сваіх інтарэсаў. Галандскія каланісты здолелі захаваць свае маёмасныя правы на плантацыі, аднак эканоміка калоній была падпарадкавана брытанскімі гандлёвымі фірмамі у Лондане. Былі праведзены адміністрацыйныя рэформы, і зменена падатковая сістэма. Раней органы кіравання галандскай Вест-Індскай кампаніі спаганялі цвёрды натуральны падатак бавоўнай і цукрам з кожнага пасяленца. Плантатарам прыходзілася плаціць не толькі за сябе, але і за рабоў. Кампанія таксама кантралявала знешнія гандлёвыя аперацыі. Такім чынам, плантатары пазбаўляліся значнай часткі прыбыткаў і не былі заахвочаны пашыраць вытворчасць. Брытанская адміністрацыя ўвяла падаткі на зямельную маёмасць і гандлёвыя аперацыі. Частка выплачаных грошаў размяркоўвалася радамі плантатараў на мясцовыя патрэбы. Ваенныя падзеі ў Еўропе стымулявалі павышэнне коштаў на сыравіну, што спрыяла рэзкаму росту прыбыткаў і заахвоціла пашыраць гаспадарку.

Асновай таннай вытворчасці заставаліся рабы афрыканскага паходжання. Нягледзячы на забарону гандля рабамі ў 1807 г., іх колькасць імкліва павялічвалася і да пачатку 1830-х гг. склала некалькі дзесяткаў тысяч чалавек. У 1795 г. на захадзе калоніі Эсекіба-Дэмерара адбылося выступленне рабоў, незадаволеных эксплуатацыяй галандскімі плантатарамі. Змовы рабоў выкрываліся на працягу 18001815 гг. 18 жніўня 1823 г. успыхнула паўстанне рабоў ва ўсходняй частцы гэтай калоніі. Першапачаткова яно ахапіла толькі адну плантацыю, але хутка распаўсюдзілася на ўсё ўсходняе ўзбярэжжа ракі Дэмерара. У паўстанні прымалі ўдзел 11 000 — 12 000 рабоў. Брытанскія ўлады лічылі яго галоўнай прычынай дзейнасць пратэстанцкіх місіянераў, якія прапаведавалі сярод рабоў роўнасць. Паўстанцы былі дрэнна арганізаваны, таму паўстанне было хутка задушана. Місіянер Джон Сміт быў арыштаваны і памёр у турме ў чаканні вынесенай яму смяротнай кары[16]. Паўстанне 1823 г. вымусіла брытанцаў звярнуць увагу на выкананне ўмоў закона 1807 г. і скараціць гандаль рабамі.

У 1831 г. былыя галандскія калоніі Гаяны былі аб’яднаны ў адну брытанскую калонію, якая атрымала назву Брытанскай Гвіяны. Яе адміністрацыйным цэнтрам стаў Джорджтаўн. З 1 жніўня 1834 г. рабства ва ўсіх брытанскіх калоніях было адменена. Плантатары Гаяны атрымалі ад урада шчодрую грашовую кампенсацыю. Акрамя таго, да 1838 г. былыя рабы былі вымушаны выконваць у адносінах да сваіх гаспадароў некаторыя бясплатныя абавязкі[17]. Пасля гэтага тэрміну многія плантатары вырашылі прадаць зямлю і пакінуць Гвіяну. Многія былыя рабы пераязджалі ў горад або за сабраныя ў 1834—1838 гг. грошы куплялі невялікія надзелы. Часцяком яны аб’ядноўваліся ў абшчыны, гуртам куплялі плантацыю, што заахвочвалася каланіяльнай адміністрацыяй, паколькі такія абшчыны захоўвалі буйную камерцыйную гаспадарку. У асноўным былым рабам прадавалі землі былых баваўняных плантацый, якія хутка трацілі сваю эфектыўнасць з-за канкурэнцыі з таннай бавоўнай з ЗША. Буйныя цукровыя плантацыі працягвалі існаваць, але для паніжэння кошту цукру іх уладальнікі паніжалі заробак рабочых, забаранялі ім трымаць прыватную гаспадарку. У выніку ў 1840-я гг. назіраўся масавы зыход чарнаскурага насельніцтва з цукровых плантацый на дзяржаўныя землі, дзе засноўваліся афрыканскія вёскі. Адносіны паміж плантатарамі і жыхарамі гэтых вёсак былі вельмі напружанымі.

Для вырашэння праблемы таннай працоўнай сілы ўладальнікі плантацый у Гаяне першапачаткова ўвозілі закантрактаваных партугальскіх рабочых з Мадэйры. Пасля выканання кантрактаў партугальцы звычайна пакідалі плантацыі і займаліся дробным гандлем. У 18531912 гг. было таксама ўвезена 14 000 кітайцаў, якія падобна сваім папярэднікам пакідалі пры першай магчымасці працу ў сельскай гаспадарцы[18]. У 18441912 гг. дзейнічала пагадненне з каланіяльнай Індыяй, згодна з якім у Гаяну прыбыло каля 240 000 рабочых з Усходняй Індыі[19]. Па ўмовах кантрактаў, індыйцы працавалі 5 гадоў, але для бясплатнага вяртання на радзіму былі павінны адпрацаваць яшчэ 5 гадоў. У 18431949 гг. Гаяну здолела пакінуць толькі 75 547 індыйцаў[20]. Астатнія заставаліся працаваць на плантацыях, выкупалі дробныя надзелы афрыканцаў або пераязджалі ў гарады.

Выкарыстанне закантрактаваных іншаземных рабочых прывяло да карэннай змены этнічнага склада насельніцтва. З самага пачатку гэты працэс выклікаў пэўныя праблемы ў адносінах паміж даўнімі жыхарамі і імігрантамі. У 1856 г. пратэстанцкі місіянер-крэол Джэймс С. Ор абвінаваціў партугальскіх гандляроў-каталікоў у несумленнай канкурэнцыі з афрыканцамі. Яго арышт прывёў да выступленняў негрыцянскага насельніцтва спачатку ў Джорджтаўне, а потым ў сельскай мясцовасці. Яны суправаджаліся адкрытымі нападамі і рабаваннем партугальцаў[21]. Гвалтоўныя выступленні супраць партугальцаў паўтарыліся ў 1889 г. У 1869 г. забастоўка індыйскіх рабочых на плантацыі Леанора вылілася ў сутычку з белай адміністрацыяй[20]. У 1872 г. паўстанне індыйскіх рабочых адбылося на адной з буйных цукровых плантацый Дэмерары[22]. Ва ўсіх выпадках улады для задушэння выступленняў ужывалі сілу. Але для спынення эканамічнага заняпаду і стымулявання ўдзелу розных груп насельніцтва ў грамадскім жыцці каланіяльны ўрад таксама садзейнічаў пашырэнню мясцовага самакіравання і адукацыі, вылучаў сродкі для развіцця ірыгацыйнай сістэмы і будаўніцтва на ўзбярэжжы ахоўных дамбаў. У 1849 г. быў паніжаны фінансавы цэнз для жыхароў, якія прымалі ўдзел у выбарах у каланіяльны сход[23]. Колькасць выбаршчыкаў расла пераважна за лік нееўрапейскага насельніцтва.

У 1879 г. на тэрыторыі Гаяны былі адкрыты радовішчы золата[24], што паспрыяла новаму прытоку перасяленцаў. Большасць з іх рухалася ва ўнутраныя раёны ў пошуках лёгкіх багаццяў. Аднак гэта абвастрыла памежную праблему з суседняй Венесуэлай, якая з 1840-х гг. выказвала прэтэнзіі на землі заходняй Гаяны да ракі Эсекіба[25], паколькі ў мінулым яны фармальна ўваходзілі ў склад іспанскіх калоній. Назіраліся памежныя спрэчкі з Галандскай Гвіянай[26]. У 1899 г. скліканы ў Парыжы міжнародны арбітражны суд пацвердзіў правы Вялікабрытаніі на заходні бераг Эсекіба, а таксама прыняў брытанскія прапановы аб размежаванні паміж Гаянай і Сурынамам. Рашэнне арбітражнага суда было адмоўна ўспрынята ў Венесуэле і Нідэрландах і стала зачэпкай для будучых тэрытарыяльных спрэчак[27].

З 1914 г. на тэрыторыі Гаяны амерыканскія, а потым канадскія кампаніі вялі здабычу баксітаў[28]. Гэтая галіна хутка набыла важнасць для мясцовай эканомікі, спрыяла развіццю транспартнай сістэмы і асваенню ўнутраных раёнаў краіны. Назіралася пераразмеркаванне капіталаў, іх адток з сельскай гаспадаркі і гандлю ў здабываючую прамысловасць. З ростам колькасці наёмных рабочых з’явіўся рух за сацыяльныя правы. 30 лістапада — 1 снежня 1905 г. масавыя забастоўкі і пратэсты індыйскіх рабочых ахапілі Джорджтаўн і прадмесці. Паліцыя адкрыла стральбу і забіла 4 чалавекі. Гэты дзень увайшоў у гісторыю Гаяны пад назвай «Чорная пятніца». У адказ рабочыя пачалі пагромы дамоў каланіяльных чыноўнікаў і гандляроў. Адміністрацыя была вымушана тэрмінова звярнуцца за дапамогай да арміі. У 1917 г. увоз таннай працоўнай сілы з Індыі быў спынены. У міжваенны перыяд рабочыя перайшлі да легальных метадаў барацьбы праз стварэнне прафсаюзаў і арганізацый ўзаемадапамогі. У 1917 г. джорджтаўнскія докеры стварылі першы Рабочы Саюз Брытанскай Гвіяны. Ужо ў 1920 г. ён налічваў 13 тысяч чалавек. У 1931 г. была сфарміравана Рабочая Ліга Брытанскай Гвіяны. Найбуйнейшай прафсаюзнай і палітычнай арганізацыяй стала Грамадзянская Асацыяцыя Народнай Улады. Яна была зарэгістравана ў 1937 г. і складалася пераважна з рабочых цукровых плантацый і цукровай прамысловасці. У 1943 г. у яе радах налічвалася болей за 20 тысяч чалавек.

18 ліпеня 1928 г. Георг V падпісаў Закон аб Брытанскай Гвіяне, які фактычна стаў мясцовай Канстытуцыяй. Закон надзяляў жанчын выбарчым правам, рэгламентаваў падзел кіравання на самастойныя заканадаўчую, выканаўчую і судовую ўлады, але пакідаў значныя прывілеі губернатара, у тым ліку прызначаць частку чальцоў у заканадаўчы сход[29]. Апошняе было вымушанай мерай, паколькі колькасць выбаршчыкаў еўрапейскага паходжання значна скарацілася на карысць афрагаянцам і індыйцам. Асабліва важную ролю ў жыцці калоніі адыгрывалі афрагаянцы. Тыя з іх, кто прымаў удзел у I сусветнай вайне пасля вяртання на радзіму здолелі заняць многія адміністрацыйныя пасады. Афрагаянцы таксама лідзіравалі ў рабочым руху. Некалькі чальцоў выбіраліся ад індыйскай абшчыны. Прызначаныя губернатарам члены заканадаўчага схода звычайна былі белымі плантатарамі.

Брытанская Гвіяна моцна пацярпела ад сусветнай эканамічнай дэпрэсіі канца 1920-х — пачатку 1930-х гг. Значна скараціўся экспарт баксітаў, цукру і харчовых прадуктаў. Беспрацоўе вымушала жыхароў сельскай мясцовасці і ўнутраных раёнаў пераязджаць у Джорджтаўн, дзе яны прапаноўвалі сваю танную працу. Паміж прафесійнымі рабочымі і прышэльцамі ўзнікалі частыя сутычкі, якія, як і ў мінулым, часцяком набывалі характар этнічных і расавых канфліктаў. Спад вытворчасці назіраўся да 1935 г.

З пачаткам II Сусветнай вайны эканамічны стан калоніі зноў пагоршыўся з-за скарачэння ўвозу імпартных прадуктаў (мукі, тканіны, гумавых матэрыялаў, газы і г. д.). Многія мясцовыя жыхары служылі ў брытанскай арміі (звычайна на флоце або ў Карыбскіх фарміраваннях). На паўночна-заходнім узбярэжжы ЗША пабудавалі ваенную базу для аховы калоніі ад нямецкіх субмарын. Брытанская Гвіяна прыняла 50 уцекачоў-яўрэяў з Еўропы. Цяжкасці былі часовымі, паколькі недахоп прывазной ежы стымуляваў актыўнасць гаянскіх фермераў, значна вырас знешні попыт на цукар, рыс і баксіты. У пасляваенны перыяд экспарт працягваў сталы рост. Адбывалася канцэнтрацыя капіталаў. Найбольш прыбытковыя прадпрыемствы апынуліся ў руках гандлёвай фірмы сям’і Букераў, якія валодалі гвіянскімі цукровымі плантацыямі з XIX ст.

Рэфармаванне брытанскай каланіяльнай сістэмы, распачатае пасля II Сусветнай вайны, абвяшчэнне незалежнасці Індыі, а таксама актыўнасць прафсаюзаў спрылі ўзнікненню руху за незалежнасць. З самага пачатку ў ім вылучыліся два лідары. Чэддзі Джаган (19181997 гг.) прадстаўляў шматлкую індыйскую абшчыну, а Форбс Бэрнхам (19231985 гг.) — афрагаянскую. 1 студзеня 1950 г. была створана Народная Прагрэсіўная Партыя (НПП). Чэддзі Джаган быў абвешчаны яе лідарам, Форбс Бэрнхам — старшынёй[30]. НПП абапіралася на прафсаюзны рух і адкрыта прытрымлівалася сацыялістычнай арыентацыі. Поспеху партыі садзейнічалі рэформы кіравання калоніі (увядзенне ўсеагульнага выбарчага права і пашырэнне правоў заканадаўчага органа). У 1950 г. НПП выйграла муніцыпальныя выбары. У 1953 г. — агульнакаланіяльныя. Яе прадстаўнікі занялі 18 месцаў з 24 у заканадаўчым сходзе. Спехам створаная Нацыянальна-Дэмакратычная Партыя, што арыентавалася на сярэдні клас каланіяльнага грамадства і выступала асноўным канкурэнтам НПП, здолела правесці толькі 2 сваіх кандыдаты.

18 мая 1953 г. было адкрыта першае паседжанне заканадаўчага схода. Чэддзі Джаган і Форбс Бэрнхам сумесна сфарміравалі выканаўчы сход, які абвясціў курс на пашырэнне ролі дзяржавы ў эканоміцы і працоўных адносінах. Вялікабрытанія палічыла гэта адхіленнем ад дзейснага заканадаўства. Прафсаюзы абвясцілі ўсеагульную забастоўку ў падтрымку НПП. Але 9 кастрычніка 1953 г. Лондан адмяніў асноўны закон Брытанскай Гвіяны і распусціў заканадаўчы сход на падставе барацьбы з масавымі хваляваннямі[31]. Брытанскую Гвіяну ўзначаліла часовая адміністрацыя, што складалася з кансерватыўных палітыкаў. Роспуск заканадаўчага схода быў ухвалены вядучымі палітыкамі іншых карыбскіх калоній Вялікабрытаніі. Чэддзі Джаган і Форбс Бэрнхам наведалі Вялікабрытанію, а потым Індыю, дзе вялі перагаворы ў спадзяванні адтрымаць падтрымку ад мясцовага ўрада[32]. Аднак Джавахарлал Нэру перад пагрозай канфлікту з Пакістанам не рашыўся адкрыта выступіць супраць Вялікабрытаніі. У лютым 1955 г. паміж лідарамі НПП адбыўся раскол[30]. Форбс Бэрнхам і яго прыхільнікі стварылі асобную фракцыю, што дзейнічала як самастойная партыя. У 1956 г. з НПП была выдалена леварадыкальная групоўка[33].

12 жніўня 1957 г. у Брытанскай Гвіяне адбыліся новыя ўсеагульныя выбары ў заканадаўчы сход. Яны праводзіліся згодна з абноўленым асноўным законам, які сцвярджаў шырокія правы каланіяльнай адміністрацыі. Толькі 14 з 28 чальцоў схода выбіраліся насельніцтвам, астатнія прызначаліся з ліку адміністрацыі або па выбару губернатара. Выбарчая кампанія праходзіла ў жорсткай канкурэнтнай барацьбе паміж дзвюмя фракцыямі НПП. У выніку фракцыя Чэддзі Джагана атрымала 9 месцаў, а фракцыя Форбса Бэрнхама — толькі 3. У 1958 г. на аснове фракцыі Форбса Бэрнхама і Аб’яднанай Дэмакратычнай Партыі, што прадстаўляла інтарэсы сярэдняга класа афрагаянскай абшчыны, быў створаны Народны Нацыянальны Кангрэс (ННК). Раскол паміж нацыянальнымі абшынамі Брытанскай Гвіяны асабліва выявіўся, калі ўрад Чэддзі Джагана адмовіўся ад перагавораў аб стварэнні Вест-Індскай Федэрацыі з іншымі англамоўнымі краінамі Карыбскага басейна. Індыйская абшчына, якая ўжо складала ў Брытанскай Гвіяне большасць насельніцтва, не жадала апынуцца ў новым палітычным саюзе ў якасці меншасці.

Прадстаўнікі НПП здолелі выйграць выбары 1961 г. Паўнамоцтвы заканадаўчага схода былі зноў пашыраны. Была ўведзена пасада прэм’ер-міністра, якую заняў Чэддзі Джаган. Хаця НПП абяцала выбаршчыкам падтрымку сельскай гаспадаркі і прамысловасці, недахоп сродкаў вымушаў урад засяроджваць увагу пераважна на сельскай гаспадарцы і адукацыі. Праводзілася ірыгацыя, былі пашыраны плошчы пасеваў, адчыняліся новыя школы. Быў скарочаны працоўны дзень, падвысіўся мінімальны поплатак, дзень 1 мая стаў афіцыйным святам. У 1963 г. адчынены Універсітэт Гаяны. Аднак асноўны фінансавы цяжар клаўся на здабываючую прамысловасць. Нягледзячы на значныя прыбыткі ад экспарту баксітаў і золата, гэтая галіна развівалася не дастаткова хутка. Урад Чэддзі Джагана адмовіўся падтрымліваць эмбарга ЗША ў дачыненні да Кубы, былі падпісаны пагадненні з Венгрыяй і ГДР. У 1963 г. Венесуэла аднавіла свае патрабаванні ў дачыненні да заходняй часткі Гаяны да ракі Эсекіба.

Частка прафсаюзаў знаходзілася пад уплывам ННК і буйных прадпрымальнікаў. Яны падтрымлівалі апазіцыю і арганізоўвалі пратэст. Сутычкі паміж прадстаўнікамі розных этнічных абшчын здараліся даволі часта. У сакавіку 1964 г. спроба ўрада падначаліць сабе прафсаюзы прывяла да адкрытага супрацьстаяння. У выніку гвалтоўных дзеянняў да 22 мая 1964 г., калі губернатар абвясціў аб надзвычайным становішчы, загінула 160 чалавек[34]. Улетку 1964 г. адбылася новая заканадаўчая рэформа, сутнасць якой была ў дасягненні большай прапарцыянальнасці на выбарах. Выбарчая кампанія ў кастрычніку 1964 г. скончылася паражэннем НПП. Яе прадстаўнікі атрымалі каля 40 % галасоў. Чэддзі Джаган абвясціў выбары махлярствам і адмовіўся пакідаць пасаду прэм’ер-міністра, але быў адхілены губернатарам.

14 снежня 1964 г. быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з Форбсам Бэрнхамам. Ён здолеў спыніць сутычкі паміж абшчынамі і наладзіць стабільнае развіццё здабываючай прамысловасці дзякуючы іншаземным інвестыцыям. У знешняй палітыцы Форбс Бэрнхам арыентаваўся на англамоўныя краіны Вест-Індыі, ЗША і Вялікабрытанію.

Гаянскі прэм’ер-міністр Сэмюэль Хайндс з візітам на поўнач краіны, 2008 г.

26 мая 1966 г. падчас канферэнцыі ў Лондане было заключана пагадненне з Вялікабрытаніяй аб наданні Гаяне незалежнасці. Вялікабрытанія падтрымала бок Гаяны ў спрэчцы з Венесуэлай.

12 кастрычніка 1966 г. Венесуэла заняла памежны востраў Анкока на рацэ Куюні, дзе пачала будаўніцтва аэрадрома і здабычу карысных выкапняў. 16 лютага — 17 лютага 1966 г. у Жэневе адбылася сустрэча афіцыйных прадстаўнікоў Гаяны і Вялікабрытаніі з аднаго боку і Венесуэлы — з другога для разгляду пытання аб нязгодзе Венесуэлы з рашэннем Парыжскага арбітражнага суда 1899 г. Апазіцыя на чале з НПП фактычна адмовілася прымаць ўдзел у гэтым мерапрыемстве. Па выніках канферэнцыі была створана сумесная міжнародная камісія. Венесуэла абавязвалася ў час працы камісіі не высоўваць новых тэрытарыяльных патрабаванняў. Але ў ліпені 1968 г. узніклі спрэчкі з-за марской памежнай прасторы. У студзені 1969 г. адбылося паўстанне індзейцаў і белых жывёлагадоўцаў у Рупунуні. Паўстанцы абвясцілі незалежнасць і звярнуліся за падтрымкай да Венесуэлы. Прыбыццё гаянскай паліцыі вымусіла іх збегчы ў Венесуэлу. Урад Гаяны сцвярджаў, што Венесуэла з самага пачатку была ўцягнута ў падрыхтоўку гэтай акцыі. У пачатку 1970 г. на мяжы адбылася працяглая перастрэлка. 3 сакавіка 1970 г. Венесуэла абвясціла пра тое, што зачыняе мяжу з Гаянай. 18 чэрвеня 1970 г. у Порт-оф-Спейне была падпісана сумесная дэкларацыя Гаяны, Вялікабрытаніі і Венесуэлы. Згодна з рэкамендацыямі міжнароднай камісіі, пытанне аб змене межаў адсоўвалася на 12 гадоў[35]. Пасля яго завяршэння Венесуэла яшчэ некалькі разоў пацвярджала свае намаганні далучыць усходнюю частку Гаяны. Канчаткова праблема так і не была вырашана.

Першыя пасля абвяшчэння незалежнасці агульнанацыянальныя выбары адбыліся 16 снежня 1968 г. Для забеспячэння перамогі ННК, Форбс Бэрнхам выкарыстаў фінансавую дапамогу ад ЦРУ і сфальсіфікаваў галасаванне[36]. У выніку ННК заняў 30 месцаў у парламенце і сфарміраваў аднапартыйны ўрад на чале з Форбсам Бэрнхамам. Новая стратэгія лідара ННК будавалася на ўмацаванні незалежнай знешняй і ўнутранай палітыкі краіны. 23 лютага 1970 г. у гадавіну паўстання 1763 г. Гаяна была абвешчана рэспублікай. Такім чынам, перарываліся канстытуцыйныя сувязі з Вялікабрытаніяй. Елізавета II больш не лічылася главой гаянскай дзяржавы. Кофі, правадыр паўстання 1763 г., абвяшчаўся нацыянальным героем. Былі ўсталяваны міжнародныя сувязі з Кубай і Кітаем. У сярэдзіне 1970-х гг. Куба выкарыстоўвала парты Гаяны для перавозкі сваіх войск у Анголу. На канферэнцыі міністраў іншаземных спраў краін руху недалучэння ў Джорджтаўне ў 1972 г. Форбс Бэрнхам адкрыта крытыкаваў імперыялізм.

Асновай унутранай палітыкі ННК стаў «кааператыўны сацыялізм». Форбс Бэрнхам тлумачыў яго наступным чынам: «Гэта значыць, што мы верым у сацыялізм як ідэалогію і імкнемся да ўсталявання сацыялістычнай сістэмы ў Гаяне і, па-другое, збіраемся выкарыстоўваць кааператывы для дасягнення сваёй мэты»[37]. Меліся на ўвазе сельскагаспадарчыя аб’яднанні з агульнай маёмасцю, якія ствараліся пасля адмены рабства афрагаянцамі. Аднак Форбс Бэрнхам жадаў пашырыць іх вопыт на іншыя галіны эканомікі, у тым ліку гандаль, турызм, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, вопраткі і г. д. Да 1976 г. было створана 1350 кааператываў, што аб’ядналі каля 120 тысяч рабочых. Акрамя таго, праводзілася нацыяналізацыя прамысловасці, фінансавай сферы і буйных плантацый. Да канца 1976 г. урад нацыяналізаваў 36 іншаземных кампаній. Яшчэ з 1966 г. складаўся план эканамічнага развіцця краіны. Першы пяцігадовы план быў накіраваны на стымуляванне прыватных капіталаўкладанняў. Наступны план, прыняты ў 1972 г., прадугледжваў пашырэнне прамысловай вытворчасці, тэхналагічнае пераабсталяванне, скарачэнне імпарту. Для яго ажыццяўлення быў ліцэнзаваны знешні гандаль, пашыраны харчовая прамысловасць і сетка камунікацый. План 19781981 гг. павінен быў пераадолець манакультурнае развіццё сельскай гаспадаркі і скараціць выдаткі на імпарт некаторых харчовых прадуктаў[38].

ННК паслядоўна выйграваў нацыянальныя выбары, аднак апазіцыя і міжнародная супольнасць абвінавачвала яго ў фальсіфікацыі галасавання і ўжыванні ваеннай і паліцэйскай сілы ў дачыненні палітычных дысідэнтаў. Выдаткі на сілы самааховы і паліцыю стала павялічваліся (з 1973 г. да 1976 г. іх павелічэнне склала 500 %[39]). Самаахова і паліцыя адкрыта выкарыстоўваліся для захопу выбарчых будынкаў у канцы галасавання 15 снежня 1980 г.[40]. У 1978 г. Форбс Бэрнхам ініцыяваў рэферэндум па ўнясенню змен у асноўны закон. Канстытуцыя ўступіла ў сілу 20 лютага 1980 г. Яна ўводзіла пасаду прэзідэнта, які выбіраўся ўсеагульным галасаваннем і меў вельмі шырокія паўнамоцтвы. Заканадаўчы орган Нацыянальны Сход пашыраўся за лік прысутнасці ў ім прадстаўнікоў мясцовых адміністрацый.

Эканамічныя наступствы «кааператыўнага сацыялізму» мелі сціплыя вынікі. Зацверджаныя ўрадам планы ніколі цалкам не выконваліся. Форбс Бэрнхам прызнаваў гэта і абвінавачваў суайчыннікаў у адстутнасці дысцыпліны. Нацыяналізацыя прамысловасці праводзілася праз абавязанне дзяржаўных выплат іншаземным уладальнікам на працягу 20 гадоў з улікам 6 % гадавых. Дзяржаўны абавязак значна вырас, а знешнія інвестыцыі скараціліся. Значная частка прыбыткаў ад экспарту размяркоўвалася ў выглядзе ільготных крэдытаў сярод кааператываў і прадпрыемстваў, якія не мелі перспектыў іх звароту. Дзяржаўны кантроль знешніх і ўнутраных гандлёвых аперацый прывёў да дэфіцыту харчовых прадуктаў і спажывецкіх тавараў. Урад і ННК выдаткоўвалі істотныя сумы на ўтрыманне замежных прадстаўніцтваў, унутраныя прадстаўніцкія выдаткі, будаўніцтва рэзідэнцый і г. д. Высокія кошты на баксіты, золата і дыяменты на міжнародным рынку дазвалялі пакрываць дэфіцыт аплатнага балансу за лік знешніх запазычванняў. У 1970—1980 гг. Гаяна атрымала ад Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця 9 пазык на 56,6 млн долараў, у 1978—1979 гг. — пазыкі на 100 млн долараў ад МВФ[41]. Але ў пачатку 1980-х гг. кошты на сыравіну значна знізіліся, што вызначыла моцны эканамічны крызіс. У 1982 г. урад абвясціў праграму аздараўлення, накіраваную на падтрымку дробных прадпрымальнікаў і фермераў. З пачатку 1980-х гг. у найбольш прыбытковыя сферы зноў сталі прыцягвацца іншаземныя кампаніі. Пераважна замежныя інвестыцыі паступалі ў здабываючую прамысловасць.

6 жніўня 1985 г. Форбс Бэрнхам нечакана памёр. Улада перайшла да віцэ-прэзідэнта Дэсманда Хойта (19292002 гг.), які аб’яднаў вакол сябе іншых лідараў ННК[42]. Дэсманд Хойт быў вымушаны прызнаць няўдачы ў развіцці дзяржаўнага і кааператыўнага сектара, пашырыць магчымасці прыватных кампаній і ў 1988 г. зняць дзяржаўны кантроль са знешняга гандлю. На выбарах 1985 г. і 1986 г. апазіцыя зноў абвінаваціла ННК у скажэнні вынікаў галасавання. Знешні ціск з боку ЗША і карыбскіх дзяржаў вымусіў Дэсманда Хойта адмяніць галасаванне праз пошту. У выніку на выбарах 1992 г. ННК пацярпеў паражэнне. Большасць галасоў у парламенце (54 %) атрымала НПП, яе лідар Чэддзі Джаган стаў прэзідэнтам.

Хаця гэта супярэчыла палітычным поглядам самога Чэддзі Джагана, ён быў вымушаны прыняць даволі жорсткую праграму аздараўлення эканомікі, прапанаваную МВФ. Яна спрыяла росту ВУП краіны, але таксама прывяла да пашырэння беднаты і галечы. Пасля смерці Чэддзі Джагана ў 1997 г. агульнанацыянальныя выбары выйграла яго жонка, Джэнет Джаган. НКК на чале з Дэсмандам Хойтам арганізаваў кампанію пратэстаў, паколькі палічыў кампанію Джэнет Джаган несумленнай. У 1999 г. удава была вымушана з-за дрэннага стану здароўя перадаць пост прэзідэнта міністру фінансаў Бхарату Джагдэа, які распачаў перагаворы з НКК. У 2001 г. ён выйграў выбары, набраўшы больш за 90 % галасоў выбаршчыкаў.

Першае дзесяцігоддзе XXI стагоддзя адзначылася супярэчлівымі вынікамі рэформ НПП. Гаяна застаецца адной з найбольш бедных краін Лацінскай Амерыкі. У другой палове 2010-х гг. значна пагоршыліся адносіны паміж Гаянай і Венесуэлай.

На выбарах 28 лістапада 2011 г. НПП атрымала толькі 32 з 65 месцаў у парламенце Гаяны, аднак яе лідар Дональд Рабіндранат Раматар быў абраны прэзідэнтам дзяржавы.

  1. THE EARLY AMERINDIAN SETTLEMENTS
  2. THE LATER AMERINDIAN SETTLEMENTS
  3. MAIN AMERINDIAN GROUPS UP TO THE NINETEENTH CENTURY
  4. Co-operative Republic of Guyana Архівавана 4 сакавіка 2016.
  5. Settlement in Guiana from earliest times
  6. Guyana- Land of Many Waters
  7. Катастрофа американских индейцев Архівавана 14 верасня 2018.
  8. El Dorado Legend Snared Sir Walter Raleigh Архівавана 13 лютага 2017.
  9. Dmitri Allicock, Remnants Of The Early Dutch in Guyana
  10. The Colony of Berbice
  11. ESTABLISHMENT OF DEMERARA
  12. The Business of Slavery
  13. Murphy Browne, Atrocities by Europeans led to the Berbice Revolution Архівавана 24 лютага 2014.
  14. GUYANA UNDER BRITISH, FRENCH AND DUTCH (1781—1783)
  15. britishempire.co.uk
  16. Remembering the 1823 Demerara Slave Revolt
  17. ОТМЕНА РАБСТВА В ГАЙАНЕ
  18. Guyana-THE EARLY BRITISH COLONY AND THE LABOR PROBLEM
  19. Тагор С. В., Гайана: 20 лет независимости. — Москва: Знание, 1986. — С. 10
  20. а б Hardships Faced by the Indians
  21. THE «ANGEL GABRIEL» RIOTS OF 1856
  22. Riot at Devonshire Castle
  23. Central Government
  24. Guyana History
  25. THE BEGINNING OF THE GUYANA-VENEZUELA BORDER DISPUTE
  26. The Guyana-Suriname Border (1831—1899)
  27. Guyana-Venezuela: The consequences of ideology and avarice(недаступная спасылка)
  28. Guyana Then And Now: Bauxite
  29. NEW CONSTITUTION OF 1928
  30. а б History of PPP
  31. The PPP'S First Government, 1953
  32. VISIT BY JAGAN AND BURNHAM TO ENGLAND AND INDIA — 1953
  33. THE «ULTRA-LEFTIST» SPLIT — 1956
  34. PPP Reelection and Debacle
  35. Guyana BORDER DISPUTES
  36. The December 1968 Electoral Fraud
  37. Тагор С. В., Гайана: 20 лет независимости. — Москва: Знание, 1986. — С. 20
  38. Тагор С. В., Гайана: 20 лет независимости. — Москва: Знание, 1986. — С. 22 — 28
  39. Forbes Burnham by Rakesh Rampertab
  40. The 1980 Guyana Elections — Virtual army coup kept PNC in power
  41. Тагор С. В. Гайана: 20 лет независимости. — Москва: Знание, 1986. — С. 29—30.
  42. Desmond Hoyte (1929—2002)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 23 кастрычніка 2013. Праверана 22 сакавіка 2014.