Пладовыя целы шапкавыя, тоўстыя, шчыльныя, мясістыя, пазней дравяніста-скурыстыя, з тонкім падвернутым, потым прыпадпятым, звілістым краем. Паверхня шапкі цёмна-жоўтая або бледна-крэмава-рыжая, укрытая буйнымі., паразрыванымі, больш цёмнымі лусачкамі. Тканка шчыльная, белая, пры высыханні жорсткая і коркавая. Пласцінкі пругкія, прырослыя, зыходныя, жаўтаватыя. Ножка цыліндрычная, шчыльна лямцава-лускавінкавая, з хвалістым кольцам, карычневая каля асновы. Споры белыя, прадаўгаватыя, унутры зярністыя.
Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі часта трапляецца ў лясах на ствалах, пнях і павале хвойных парод дрэў; адзначаны на апрацаванай сыраватай драўніне ў скляпах, падвалах, хлявах; разбуральнік драўляных тэлеграфных слупоў і чыгуначных шпалаў. Выклікае хуткае гніенне драўніны, якая робіцца буравата-карычневай, трэскаецца і рассыпаецца.