Эканоміка Уругвая

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Уругвай — індустрыяльна-аграрная краіна. Грашовая адзінка — уругвайскае песа (1 долар ЗША = прыкладна 24 песа). ВУП на душу насельніцтва — найвялікшы ў Паўднёвай Амерыцы (23 500 долараў у 2017)[1].

Паказчыкі і тэндэнцыі[правіць | правіць зыходнік]

Сусветны гандлёвы цэнтр, Мантэвідэа

У пачатку ХХІ стагоддзя эканоміка Уругвая развіваецца паскоранымі тэмпамі. Уругвайскі ўрад ставіць у аснову эканамічнай палітыкі падтрымку фінансавай стабільнасці за кошт прытрымлівання рэкамендацыям МВФ. У выніку Уругваю ў цэлым атрымалася ліквідаваць знешнюю запазычанасць, памер якой прыраўноўваўся да аб'ёму ВУП краіны. У 2017 годзе ВУП Уругвая вырас на 3,5 %, у 2016 — на 1,5 %. Узровень беспрацоўя працаздольнага насельніцтва краіны — 7,3 %[2] (у 2005 — 12,5 %).

У краіне развітая банкаўская справа, дзейнічаюць філіялы найбуйнейшых замежных банкаў, функцыянуе рынак каштоўных папер. Мантавідэа з'яўляецца адным з найбуйнейшых у Лацінскай Амерыцы цэнтраў міжнародных разлікаў. У апошнія дзесяцігоддзі імкліва развіваецца турызм.

Сельская гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

Высокарэнтабельная сельская гаспадарка — падмурак эканомікі краіны. На прадукцыю галіны прыходзіцца 75-80 % уругвайскага экспарту. Сельскагаспадарчыя землі (у асноўным, пашы) займаюць 90 % тэрыторыі Уругвая. У сельскай гаспадарцы дамінуе пашавая жывёлагадоўля мяса-воўнавага напрамку — гадоўля мясных парод буйной рагатай жывёлы (12 млн галоў) і воўнавых авечак (20 млн галоў). Па колькасці авечак на душу насельніцтва Уругвай саступае толькі Новай Зеландыі, кароў — стаіць на першым месцы ў свеце.

У раслінаводстве галоўныя сельскагаспадарчыя культуры — пшаніца, рыс, цукровы трыснёг, кукуруза, алейны лён, сланечнік, кармавая трава для быдла. Вырошчваюць таксама вінаград і цытрусавыя.

Прамысловасць[правіць | правіць зыходнік]

Карысных выкапняў практычна няма, таму здабыўная прамысловасць не мае вялікага значэння. Апрацоўчая прамысловасць на тры чацвёртых сканцэнтравана ў Вялікім Мантэвідэа. Яна арыентавана на перапрацоўку сельгассыравіны: харчовая (мясахладабойная, мясакансервавая, малочная) гарбарна-абутковая і тэкстыльная галіны. Прыкметную ролю ў эканоміцы маюць таксама нафтаперапрацоўчая і хімічная прамысловасць. 96 % электраэнергіі вырабляецца на ГЭС.

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Працягласць чыгунак каля 3000 км, шашэйных дарог каля 10 000 км.

Знешні гандаль[правіць | правіць зыходнік]

Спрыяльная ў цэлым эканамічная сітуацыя адбіваецца на росце асноўных паказчыкаў уругвайскага знешняга гандлю. Галоўнымі гандлёвым партнёрам Уругвая па экспарце стаў Кітай (21 %), застаюцца важнымі партнёрамі краіны-суседзі: Бразілія (14,7 %), Аргенціна (5 %), а таксама ЗША, Нідэрланды (па 6 %)[3]. Асноўныя прадукты экспарту: ялавічына, соя, сыр, рыс, малако, воўна. Большая частка ўругвайскага імпарту (2016) прыходзіцца на Бразілію (25 %), Кітай (15 %), Аргенціну і ЗША (па 10 %). Уругвай імпартуе нафту, аўтамабілі, электроніку, абсталяванне для харчовай прамысловасці, лекі.

Зноскі