Эміль Жантыль
Эміль Жантыль | |
---|---|
фр.: Émile Gentil | |
Нараджэнне |
4 красавіка 1866[1][2][…] |
Смерць |
30 сакавіка 1914[2][3] (47 гадоў) |
Месца пахавання | |
Жонка | Rose Depecker[d] |
Адукацыя | |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Эміль Жантыль (фр.: Émile Gentil, 4 красавіка 1866 — 30 сакавіка 1914) — французскі марак, ваенны, каланіяльны адміністратар.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў камуне Вальмюнстэр дэпартамента Мозель. Скончыў Эколь Наваль, з 1890 па 1892 годзе ўдзельнічаў у гідраграфічных экспедыцыях ля ўзбярэжжа Габона. З 1892 года пачаў працаваць на каланіяльную адміністрацыю Габона.
У 1895 годзе Жантылю было даручана знайсці дарогу да возера Чад і аб’явіць тэрыторыю да яго французскай (тым самым паставіўшы перашкоду на шляху брытанскай і германскай экспансіі). 27 ліпеня 1895 года Жантыль адправіўся ўверх па рацэ Конга на паравым судне «Léon-Blot». Затым з дапамогай афрыканскіх рабочых судна было перацягнута праз лес ад суднаходнага ўчастка ракі Убангі, да ракі Шары, дзе французамі быў заснаваны Форт-Аршамба. 28 кастрычніка 1895 года французскае паравое судна дасягнула возера Чад.
Тым часам у рэгіёне возера Чад узмацняўся Рабіх аз-Зубайр. Ён заваяваў Борну, а султан Вадаі звярнуўся ў 1897 годзе за дапамогай да Францыі, прызнаўшы французскі пратэктарат. Будучы ў Францыі, Жантыль лабіраваў устанаўленне французскага панавання над цэнтральнымі часткамі Афрыкі, і гэта меркаванне перамагло. У 1898 годзе было вырашана накіраваць да возера Чад адначасова тры экспедыцыі: з поўначы, з захаду і з поўдня. На долю Жантыля выпала арганізацыя паўднёвай калоны.
Вярнуўшыся на Конга, Жантыль у 1898 годзе зноў падняўся ўверх па рацэ на «Léon-Blot», дасягнуўшы ў жніўні Форт-Аршамба. Тут ён даведаўся, што ў ліпені сілы пад камандаваннем Анры-Эцьен Брэтона былі разбіты Рабіхам аз-Зубайрам. У кастрычніку Жантыль сам сутыкнуўся з сіламі аз-Зубайра пад Каўно і таксама быў разбіты. Тым не менш ён змог злучыцца з сіламі двух астатніх французскіх калон у раёне возера Чад, і 22 красавіка 1900 года адбылася бітва пры Кусеры, падчас якой аб’яднаныя французскія сілы разграмілі войска Рабіх аз-Зубайра і забілі яго самога. Імперыя Рабіха заняпала, а ў верасні французскім урадам была ўтворана Ваенная тэрыторыя Чад.
У гонар загінулага ў бітве французскага камандуючага Ламі Жантыль назваў будучы адміністрацыйны цэнтр Чада Форт-Ламі. У гонар яго самога быў названы Порт-Жантыль на ўзбярэжжы Габона.
Зноскі
- ↑ Emile Gentil // Léonore database — ministère de la Culture. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б Emile Gentil // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ émile Gentil // GeneaStar
- ↑ Le Pays lorrain — SHLML, 1923. — P. 287. — ISSN 0031-3394; 2540-3745