Эселен

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эселен
(Huelel)
Месца, населенае эселен да кантактаў з еўрапейцамі
Агульная колькасць 460 (2003 г.)
Рэгіёны пражывання Каліфорнія
Мова эселен
Рэлігія культ продкаў, каталіцызм
Блізкія этнічныя групы

Эселен (саманазва: Huelel; англ.: Esselen) — індзейскі народ на ўзбярэжжы Каліфорніі (ЗША). Прыкладная колькасць (2004 г.) - 460 чал.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Продкі эселен з'явіліся на тэрыторыі Каліфорніі некалькі тысячагоддзяў таму. За некалькі стагоддзяў да нашай эры яны былі выціснуты з тэрыторыі сучаснага Сан-Францыска продкамі оланяў. Кантакты з іспанцамі пачаліся з 1602 г.

3 чэрвеня 1770 г. іспанскія святары заснавалі на землях эселен місію. Сучасная назва была дадзена імі гэтаму народу па найменню буйной вёскі. У 1783 г. узгадваецца сутычка паміж эселен і салдатамі, што ахоўвалі місіянераў. Іспанцы імкнуліся хрысціць дзяцей індзейцаў і пасля дасягнення сталага ўзросту забіралі для жыцця і працы ў сваё паселішча. Там эселен навучаліся іспанскай мове, арганізацыі сельскай гаспадаркі і еўрапейскім прафесіям. Жыццё ў місіі было вельмі цяжкім, многія станавіліся ахвярамі прынесеных звонку хвароб, да якіх не было імунітэту. Па запрашэнню місіянераў каля паселішча сяліліся прадстаўнікі іншых народаў, часцяком варожыя ў дачыненні да тубыльцаў. Аднак да 1822 г. амаль усе эселен прынялі хрышчэнне і да сярэдзіны XIX ст. былі асіміляваны.

Лічыцца, што пасля 1834 г., калі мексіканскія ўлады пачалі ўводзіць цывільнае кіраванне місіянерскімі паселішчамі, частка эселен мігрыравала ў навакольныя горы і здолела захаваць сваю тоеснасць. У 1883 г. пра іх існаванне паведамляў амерыканскі агент па справах індзейцаў. Але Альфрэд Льюіс Кробер абвясціў у 1899 г. эселен вымерлымі. Пазней ён прызнаў, што памыліўся. Тым не менш, гэта паўплывала на тое, што эселен не прызнаваліся амерыканскімі ўладамі і былі пазбаўлены права на зямлю. Яны звычайна прыпісваліся да іншых індзейскіх груп.

У 2010 г. нашчадкі эселен падалі прашэнне пра федэральнае прызнанне іх у якасці асобнай нацыі.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Да прыходу еўрапейцаў эселен падзяляліся на 6 сваяцкіх груповак, якія будавалі вёскі як на ўзбярэжжы, так і ва ўнутраных раёнах. Адна групоўка магла мець некалькі вёсак, куды перамяшчалася ў залежнасці ад сезону.

Галоўным заняткам былі збіральніцтва і паляванне. На ўзбярэжжы збіралі малюскаў, у перадгорных раёнах — жалуды. Палявалі на аленяў, трусоў, скунсаў, ужывалі ў ежу мяса сабак. Рыбай харчаваліся толькі падчас голаду. Археолагі выявілі, што эселен карысталіся плеценымі кашамі, каменнымі прыладамі працы, асабліва цанілі абсідыян. Вопраткі амаль не мелі. У прахалоднае надвор'е карысталіся скуранымі коўдрамі. Жытлы каркаснага тыпу, нагадвалі вікіяпы або буданы.

Захаваліся наскальныя малюнкі, легенды пра культурнага героя каёта Мачкаса.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Эселен размаўлялі на ізаляванай мове. Ужо ў XIX ст. яна выйшла з ужытку. Захаваліся толькі некаторыя словы і выразы.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Звестак пра арыгінальную рэлігію эселен амаль не захавалася. Мяркуюць, што яна была заснавана на кульце продкаў. У канцы XVIII - пачатку XIX ст. эселен прынялі каталіцызм.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]