Олані

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Олані
(Muwekma)
Малюнак 1822 г.
Агульная колькасць 3853 (2010 г.)
Рэгіёны пражывання Каліфорнія
Мова кастанаанскія мовы
Рэлігія анімізм, каталіцызм
Блізкія этнічныя групы мівок

О́лані, раней вядомы таксама як кастанаа́нцы (саманазва: Muwekma; англ.: Ohlone, Costanoan people; ісп.: Costanos) — індзейскі народ у Каліфорніі (ЗША), нашчадкі плямён, што ў канцы XVIII ст. насялялі раён заліва Сан-Францыска. Агульная колькасць (2010 г.) - 3 853 чал.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Олані маюць агульнае паходжанне з мівок. Іх продкі адасобіліся ў другой палове 1 тысячагоддзя да н. э. і мігрыравалі ў раён заліва Сан-Францыска, адкуль выціснулі эселен. У канцы XVIII ст. яны размаўлялі на 8 розных мовах і падзяляліся прыкладна на 50 невялікіх аўтаномных плямён. Олані было назвай толькі аднаго з іх. Першы кантакт з еўрапейцамі адбыўся ў 1579 г., калі мясцовае ўзбярэжжа наведаў Фрэнсіс Дрэйк.

17 верасня 1776 г. на землях оланяў была заснавана іспанская калонія Сан-Францыска, якая ўключала каталіцкую місію і ваеннае ўмацаванне. Місіянеры займаліся хрысціянізацыяй мясцовага насельніцтва, абаранялі правы індзейцаў на зямлю перад іспанскімі каланістамі, прыцягвалі дарослых да жыцця ў місіі і распаўсюджвалі веды пра сельскую гаспадарку, жывёлагадоўлю і г. д. Адваротнымі вынікамі іх дзейнасці былі эпідэміі хвароб, ад якіх у оланяў не было імунітэту, і асіміляцыя выжылых.

У 1834 г. мексіканскі ўрад секулярызаваў маёмасць місій. Хаця індзейцы мелі правы на атрыманне зямлі, яна трапіла пад кантроль мексіканскіх жывёлагадоўцаў. Олані былі вымушаны ператварацца ў наёмных рабочых. Сітуацыя нават пагоршылася пасля пачатку масавай міграцыі амерыканцаў у 1840-я гг. і далейшага далучэння Каліфорніі да ЗША. У 1852 г. оланяў перасялілі ў рэзервацыі без уліку этнічнага і моўнага падзелу. З аднаго боку, гэта садзейнічала кансалідацыі выхадцаў з малых племянных груп, з другога — далейшай асіміляцыі. У 1939 г. памерла апошняя носьбіт кастанаанскай гутарковай мовы.

З 1970-х гг. адбываецца паступовы працэс адраджэння культуры нашчадкамі оланяў, спробы аднаўлення імі былой тоеснасці.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнымі заняткамі оланяў былі збіральніцтва і паляванне. На марскім узбярэжжы збіралі малюскаў, палявалі на ластаногіх. Рыбу лавілі пераважна ў рэках. Ва ўнутраных раёнах збіралі жалуды, ядомае насенне траў, арэхі, палявалі на качак і дробную дзічыну. Галоўная зброяй былі лукі і стрэлы. Да прыходу іспанцаў олані займаліся пляценнем. Плялі кошыкі і нават невялікія лодкі. Карысталіся каменнымі прыладамі працы. У гандлі паміж плямёнамі важную ролю адыгрывалі ракавіны малюскаў.

Жаночую вопратку выраблялі з трыснягу або са скур. Мужчыны і дзеці амаль не мелі вопраткі. Існаваў звычай шараваць цела глеямі і глінай.

Вёскі оланяў будаваліся на ўзвышшах, часцяком агароджваліся. У кожнай жыло да 200 чалавек. Звычайна гэта былі сваякі. Вёскі ўяўлялі палітычныя адзінкі на чале выбраных правадыроў. Жытлом з’яўляліся каркасныя вікіяпы, што пакрывалі трыснягом або карою.

Захаваліся некаторыя легенды, звесткі пра святочныя танцы і рытуалы.

Мовы[правіць | правіць зыходнік]

Олані размаўлялі на 8 розных кастанаанскіх мовах, блізкіх да моў мівок. Пасля 1939 г. гутарковыя мовы не выкарыстоўваюцца.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Пра традыцыйную рэлігію оланяў вядома мала. Яны шанавалі Сонца, арганізоўвалі ў яго гонар святы з танцамі і ахвярапрынашэннямі. У нашы дні большасць вернікаў спавядае каталіцызм.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]