Юзаф Кунц

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юзаф Кунц
Johan Kunz
Род дзейнасці прамысловец
Дата нараджэння 1831
Месца нараджэння
Дата смерці 6 (19) кастрычніка 1907
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства

Аўстрыйская імперыя

Расійская імперыя
Жонка Францішка Кунц
Дзеці Ігнацій, Вацлаў, Франц, Францішак, Юлія
Месца працы Гродзенскі піўзавод

Юзаф Кунц (ням.: Johan Kunz, польск.: Józef Kunc, руск.: Осип Матвеевич Кунц; 1831, Ракіцаны — 6 кастрычніка 1907, Гродна) — гродзенскі прадпрымальнік, заснавальнік Гродзенскага піўзавода.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў горадзе Ракіцаны ў Аўстрыйскай імперыі (сёння ў Пльзенскім краі Чэшскай Рэспублікі). Быў аўстрыйскім падданым, скончыў піваварскія курсы ў Празе[1].

Пераехаў у Расійскую імперыю і ў 1868 або 1870 годзе запусціў у Гродне ўласны бровар. Для гэтага ён выкупіў былы палац Агінскіх, які ў дзесяцігоддзі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай мясцовыя купцы выкарыстоўвалі як склад тавараў[2].

Юзаф Кунц прывёз у Гродна чэшскія традыцыі, рэцэпты і тэхналогіі варкі піва. Ён быў адным з першых, хто варыў у Гродне класічны еўрапейскі лагер. Акрамя піўзавода, Кунц валодаў у Гродне двума тракцірамі. У 1897 годзе перадаў кіраванне броварам сынам Ігнацію і Францу[3].

Кунц быў актыўны ў грамадскім і палітычным жыцці горада. У 1890 годзе быў кандыдатам у губернскую падатковую інспекцыю. У 1902 годзе — ужо ў складзе Гродзенскай падатковай інспекцыі, а таксама чалец праўлення добраахвотнай пажарнай дружыны. У 1906 годзе — у складзе гарадскога савета.

Памёр у 1907 годзе. Пахаваны на Фарных могілках у Гродне ў сямейным склепе разам з жонкай Францішкай і сынам Францішкам.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Ажаніўся з Францішкай Кунц (1840 — 18.06.1903). Яны мелі не менш за пецярых дзяцей:

  • Ігнація (1867 — 19.10.1911), які кіраваў піўзаводам з 1897 года пасля адыходу бацькі ад спраў;
  • Франца, кампаньёна Ігнація ў кіраванні піваварскім бізнесам;
  • Вацлава (13.09.1870 — 12.01.1957), кіраўніка бровара «W. Kunc» у Сувалках[4], які актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці прадпрыемстваў буйнога беластоцкага прымыслоўца Антонія Іпаліта Вячоркі пасля яго смерці;
  • Юлію, другую жонку беластоцкага прамыслоўца Антонія Іпаліта Вячоркі;
  • Францішка (1868 — 16.04.1937), касіра гродзенскага магістрата, гаспадара летняга клуба, чальца таварыства «Муза», камітэта рэстаўрацыі Фары Вітаўта (1922) і камітэта па барацьбе з дарагавізнаю (1923).

Зноскі

  1. “Лагер” по чешским рецептам, самоубийство и 6 млн бутылок. Чем прославились первые владельцы гродненского пивзавода (руск.). Hrodna.life (19 ліпеня 2023). Праверана 19 ліпеня 2023.
  2. Гродзенскі Бровар. harodnia.com. Праверана 19 ліпеня 2023.
  3. Андрэй Вашкевіч. На гродзенскім бруку. — Гродна: ЮрСаПринт, 2012. — С. 27—33. — 92 с. — ISBN 978-985-90264-10-12.
  4. W Suwałkach mamy Bulwary imienia Wacława Kunca. Od ulicy 1 Maja do mostu przy Wojska Polskiego | suwalki24.pl - Suwalski Dziennik Internetowy (Suwałki, Augustów, Sejny, Suwalszczyzna) (польск.). www.suwalki24.pl. Праверана 19 ліпеня 2023.