Фара Вітаўта (Гродна)
Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, таксама вядомы як Фара Вітаўта — каталіцкі храм у Гродна, пабудаваны ў канцы XIV ст. у гатычным стылі. Неаднаразова перабудоўваўся. Узарваны ў 1961 годзе.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]- 1389 — згадваецца закладзены Вітаўтам першы драўляны фарны касцёл у цалкам праваслаўным горадзе.
- 1494 — рэканструяваны па загадзе вялікага князя Аляксандра.
- 1551 — паўторна рэканструяваны па фундацыі каралевы Боны Сфорца.
- 1584—1587 — замест драўлянага храма па загадзе Стэфана Баторыя побач узведзены новы мураваны храм
- 1751, 1782 — гарэў.
- 1804 — касцёл перададзены пад праваслаўную царкву.
- 1807 — адрамантаваны ў стылі класіцызму храм пераасвячоны ў сабор Святой Сафіі.
- 1870 — перабудаваны архітэктарам Сяргеем Гур’евым.
- 9 мая 1892 — моцна пашкоджаны пажарам, у выніку чаго абваліліся скляпенні.
- 1896—1899 — рэканструяваны архітэктарам Мікалаем Чагіным у псеўдарускім стылі.
- 1919 — вернуты каталікам, выкарыстоўваўся як гарнізонны касцёл.
- 1923 — перабудаваны пасля пажару архітэктарам В. Генбергам.
- 1935 — ізноў здарыўся пажар, што прывяло да новай рэканструкцыі (архітэктар А. Сасноўскі).
- 29 лістапада 1961 — узарваны савецкімі ўладамі.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Драўляны храм
[правіць | правіць зыходнік]Збудаваны Вітаўтам драўляны фарны касцёл размяшчаўся на заходнім баку Старога рынка ля вуліцы Замкавай. Яго выгляд вядомы дзякуючы гравюры Адэльгаўзена і Цюнта.
Мураваны храм
[правіць | правіць зыходнік]У 1584—1587 гадах побач з драўляным храмам па ініцыятыве караля Стэфана Баторыя быў узведзены велічны мураваны касцёл. Праўдападобна, архітэктарамі з’яўляліся езуіт Джавані Марыя Бернардоні і прыдворны архітэктар Юзаф Ройтэн, а будаўнічымі працамі кіраваў Антоній Дзікрап.
На гравюры Тамаша Макоўскага 1600 года паказаны выгляд храма. Маньерыстычны будынак з моцнымі гатычнымі рысамі стаяў на пагорку ля рыначнай плошчы, да якой быў звернуты апсідай. Трохнефны васьміслуповы храм з гранёнай апсідай прэзбітэрыя і сакрыстыяй з паўночнага боку быў накрыты высокім спічастым дахам, што ўласціва готыцы. Нефы храма былі перакрыты крыжовымі скляпеннямі, пры чым цэнтральны быў крыху вышэй за бакавыя. Вышынную дынаміку храма падкрэслівала шматярусная вежа на галоўным фасадзе з фігурным завяршэннем. Вонкавыя сцены кафалікона ўмацаваны контрфорсамі ў выглядзе пілястраў між якімі перакінуты лучковыя аркі, якія разам з контрфорсамі ўтварылі сваеасаблівую рэнесансную аркаду. Вокны храма мелі стральчатую форму, што ўласціва архітэктуры готыкі.
Першапачаткова мастацкае вырашэнне знешніх сценаў храма грунтавалася на кантрастным спалучэнні чырвонага колеру адкрытай муроўкі і белага колеру атынкаваных пілястраў. Гэта вельмі характэрны дэкаратыўны прыём для готыкі Вялікага Княства Літоўскага (падобная апрацоўка захавалася, прыкладам, у Мірскім замку ці Мураванкаўскай царкве). Пазней сцены былі атынкаваны цалкам.
Некаторыя паверхі вежы мелі баявыя байніцы, што, верагодна, з’яўляецца ўплывам моцнай традыцыі абарончага храмабудаўніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Перабудова пад царкву
[правіць | правіць зыходнік]Першая перабудова ў пачатку ХIХ стагоддзя кардынальна не закранула структуры храма. Касцёл набыў рысы класіцызму: завяршэнне вежы атрымала форму высокага шатра з гранёнай вежачкай, па баках храма былі прыбудаваны нізкія прыдзелы.
Другая рэканструкцыя пасля моцнага пажару 1892 года амаль да непазнавальнасці змяніла храм. Храм быў адбудаваны ў псеўдарускім стылі па праекце М. М. Чагіна. Над дахам паўстала кампазіцыя з пяці вежачак з цыбулепадобным завяршэннем, вежа пераўтворана ў званіцу з шатровым дахам, фасады былі апрацаваны элементамі псеўдарускага стылю: какошнікамі, броўкамі, парэбрыкам і г.д.
Неагатычная рэканструкцыя
[правіць | правіць зыходнік]З пераходам улады ў Заходняй Беларусі і Гродна да палякаў, касцёл быў вернуты каталікам і перададзены пад гарнізонны храм. Даволі хутка адбылася рэканструкцыя, ў выніку якой быў адноўлены высокі спічасты дах, вежа была завершана сціплым шатровым завяршэннем.
Знішчэнне
[правіць | правіць зыходнік]У час Другой сусветнай вайны касцёл пашкоджаны і стаяў занядбаны. Лёс храма вырашаны 8 сакавіка 1961 года на пасяджэнні выканкама Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных, дзе было прынята рашэнне пра знос будынка. Былы намеснік Гродзенскага гарвыканкама (старшыня камісіі па зносе будынка) распавёў, што касцёл знесены на загад кіраўніцтва ЦК КПБ[1].
Фара Вітаўта ўзарвана сапёрамі, якія прыехалі з Ленінграда, у ноч з 29 на 30 лістапада 1961 года.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003.— 351 с.: іл. ISBN 985-01-0415-5.
- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
- Краязнаўчы альманах «Горад святога Губерта». Выпуск першы. Гісторыя Гародні ХХ ст. у вусных успамінах Архівавана 4 мая 2008. / Пад рэд. А. Смаленчука — Сейны: Fundacja «Pogranicze», 2002. — 96 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Фара Вітаўта (Гродна)
- На www.radzima.org
- «Горад святога Губерта». Гісторыя Гародні ХХ ст. у вусных успамінах пад рэд. А. Смаленчука Архівавана 4 мая 2008.
- Фара Вітаўта — Вялікае, але мінулае Архівавана 12 лістапада 2007. — Блог Гродно s13.
- Пятьдесят лет без Фары Витовта.
- Фара Вітаўта.
- Як усё ж такі выгляда Фара Вітаўта.
- Не Санці Гучы. Стары замак у Гродне насамрэч спраектаваў немец?