Фарныя могілкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Капліца

Каталіцкія фарныя могілкі — даўнія могілкі каталіцкай грамады Гродна. Тэрыторыя могілак абмежавана вуліцамі Прыгараднай, Падольнай і 4-м завулкам Падольным. На іншым боку завулка размешчаны Праваслаўныя могілкі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Фарныя могілкі

Уладкаванне могілак «ex urbem» было часткай плана гарадскіх пераўтварэнняў, распачатых у Рэчы Паспалітай яшчэ ў часы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Паводле рашэння Камісіі Паліцыі Абодвух Народаў Рэчы Паспалітай у 1791 могілкі ва ўсіх буйных гарадскіх асяродках краіны пераносіліся па-за горад. У выніку гэтага рашэння ў 1792 ля ўсходняга ўскрайку Гродна былі заснаваныя новыя фарныя каталіцкія могілкі.

У цэнтры некропаля ў 1822 годзе на сродкі К. Студніцкага пабудавана Капліца ў імя Найсвяцейшага Збавіцеля па праекце архітэктара Карла Багеміле. Званіца была дабудавана ў 1907 годзе. На яе фасадзе ёсць дзве мемарыяльныя дошкі: адна прысвечана абаронцам Гродна ў 1939 годзе, другая — ахвярам сталінскага тэрору.

Асаблівую ўвагу заслугоўваюць надмагільныя помнікі працы Б. Шушкевіча, Г. Забароўскага і інш.

Закрытыя ў 1973 годзе. У 1986 паводле рашэння Гродзенскага аблвыканкама старыя гродзенскія каталіцкія могілкі атрымалі статус помніка абласнога значэння.

Вядомыя асобы, пахаваныя на могілках[правіць | правіць зыходнік]

  • айцец М. Арановіч,
  • Эліза Ажэшка (1841—1910) — польская і беларуская пісьменніца, грамадская дзеячка, педагог;
  • генерал Францішак Баркоўскі (1803—1871);
  • кс. Францішак Грынкевіч  (1884—1933) — каталіцкі святар, кіраўнік гродзенскага гуртка беларускай моладзі;
  • Вільгельміна Зындрам-Касцялкоўская (1844—1926) — польская пісьменніца;
  • Ян Каханоўскі (1894—1942)  — выкладчык мужчынскай гімназіі Гродна, стваральнік Гродзенскага заапарка;
  • Казімір Крэйбіх — дзяржаўны дзеяч, прэзідэнт Гродна.
  • Юзаф Кунц — заснавальнік гарадзенскага бровара, аўстрыйскі падданы, выпускнік піваварнай школы ў чэскім Плзені. Помнік зроблены ў майстэрні Раманіі Шышкевіч — удавы Баляслава Шышкевіча
  • барон 3. Дангел,
  • Фларэнціна Лежэ, жонка генерала Мікалая Лежэ. Аўтар — майстар Дэ Векі з Кіева. У помніку праглядаюцца выразныя рысы стылю мадэрн. Помнік зроблены ў майстэрні Віктара дэ Векі з Кіева (майстэрня працавала з 1902 г.).
  • Эдвард Лістоўскі (1861—1922) — палітычны дзеяч, першы мэр Гродна ў міжваенны час;
  • Канстанцін Максімовіч (1768—1831) — гродзенскі віцэ-губернатар;
  • Станіслаў Нагорскі (18261896) — гродзенскі юрыст, муж Элізы Ажэшкі;
  • Джузэпэ Сака (1735—1798) — архітэктар ВКЛ, прадстаўнік стылю барока і класіцызму;
  • Аляксандр Тальгейм (1873—1937) — гродзенскі ўрач, грамадскі дзеяч, старшыня таварыства аматараў мастацтва «Муза»;
  • Станіслаў Холснер — падпалкоўнік, камандзір батальёна. Аўтар помніка — Баляслаў Шышкевіч. Якар і ланцуг да яго — сімвал канца жыцця.
  • Баляслаў Шышкевіч (1864—1893) — выдатны скульптар, філосаф у скульптуры, які трымаў у Гродне майстэрню па вырабе надмагілляў;
  • Якаў Фардон (1808—1888) — архітэктар.
  • Феадосій Яневіч-Янеўскі[ru] (1789-?) — гродзенскі віцэ-губернатар;

Побач з капліцай знаходзіцца квартал, у якім пахавана каталіцкае духавенства, напрыклад, францысканец Мельхіёр Фардон, а таксама манахіні брыгіткі і назарэтанкі, у тым ліку мастачка Марыя Гажыч (у манастве Паўла).

На могілках таксама пахаваны салдаты Польскай рэспублікі, якія загінулі падчас польска-савецкай вайны 1919—1920 гадоў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]